За антываенныя надпісы "Х… вайне" вынесены прысуд жыхарцы Полацка
У судзе Полацка и Полацкага раёна 20 чэрвеня вынесены прысуд мясцовай жыхарцы Вользе Кавалёвай, якую абвінавацілі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэкса). Матэрыяльны ўрон, нанесены жыллёва-камунальнай гаспадарцы горада, склаў 161 рубель.
Справу разглядаў суддзя Уладзімір Бясецкі, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Мікіта Белавусаў.
Заяўленыя па справе сведкі - Кавалёва, Трафімава, Кукушкін, Ваньковіч, Шэф і іншыя. Некаторыя на першы дзень працэсу 17 чэрвеня не з’явіліся.
У судзе 23-гадовая дзяўчына абараняла сябе сама.
Па матэрыялах абвінавачання, у вячэрні час 4 сакавіка 2022 года Вольга Кавалёва, абражаючы пачуцці грамадзян і прычыніўшы ім маральныя пакуты, з выкарыстаннем аэразольнага балончыка ружовага колеру нанесла на сценах будынкаў жылых дамоў, цепласетак і ў пад’ездзе некалькі надпісаў антываеннага характара “Х… вайне”. Пры гэтым сфатаграфавала некаторыя з іх.
Усяго зафіксавана 5 выпадкаў нанясення надпісаў, што прычыніла ўрон жыллёва-камунальнай гаспадарцы горада на агульную суму 161 рубель. На момант суда гэтая сума абвінавачанай цалкам кампенсаваная.
У якасці сведкі была дапытаная маці Кавалёвай. Яна патлумачыла, што 31 сакавіка ў дзверы кватэры патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што расшукваюць жанчыну, якая здзейсніла злачынства. Паказалі відэа, на якім маці апазнала сваю дачку.
“Вольга была ў нервовым эмацыйным стане, такога яна не планавала рабіць і цяпер вельмі моцна раскайваецца. Нашая бабуля была ў канцлагеры ў Асвенцыме”, - распавяла суду маці. – Балончык з рэшткамі фарбы я знішчыла, паколькі не ведала, што так рабіць нельга”.
Сярод сведак – знаёмыя і сяброўкі Вольгі, якія ведалі пра яе намер, а некаторыя прысутнічалі пры нанясенні надпісаў.
“Чаму вы не спрабавалі яе адгаварыць, гэта ж укрывальніцтва злачынства?" – запытвае абвінаваўца.
- Ня ведаю.
Адна са сведак заявіла: “Гэта быў пратэст супраць вайны, хаця форма была выбраная няправільна. Вольга, відаць, не разумела, што так нельга”.
Дзяржабвінаваўца запрасіў суд пакараць Кавалёву штрафам у памеры 100 базавых велічынь (3 200 рублёў).
Суд прыняў пазіцыю абвінавачання да ўвагі і пастанавіў прызначыць Вользе Кавалёвай пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 3 200 рублёў.