viasna on patreon

Два гады калоніі за каментары пра суддзю, міліцыянтаў і Лукашэнку

2022 2022-06-16T17:24:43+0300 2022-06-16T17:25:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komment_socseti.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

10 чэрвеня суд Баранавіцкага раёна вынес рашэнне па справе Таццяны Купчынай, якую абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынстваў паводле адразу трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады" і арт. 391 КК "Абраза суддзі ці народнага засядацеля".

Судовае пасяджэнне ўзначальваў суддзя Мікалай Кміта.

У віну жанчыне ставілі тое, што з 19 снежня 2020 года па 30 лістапада 2021 года, а таксама з 30 ліпеня 2021 года па 7 лістапада 2021, "маючы намер на публічную абразу прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў", пасля прагляду публікацый у Telegram Таццяна пакінула ў інтэрнэце абразлівыя каментары пра Лукашэнку, супрацоўнікаў міліцыі і суддзю Першамайскага раёна Мінска. Прозвішчы пацярпелых не называюцца.

Рашэннем суда жанчыну прызналі вінаватай у здзяйсненні злачынстваў паводле ўсіх трох артыкулаў.

  • Па ч. 1 арт. 368 КК абвінавачанай прызначылі пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на 1 год 6 месяцаў.
  • Па арт. 369 КК яе пакаралі зняволеннем на тэрмін 1 год 6 месяцаў са штрафам у памеры 200 базавых (6 400 рублёў).
  • Па арт. 391 КК Таццяну Купчыну асудзілі да арышту на 3 месяцы.

У адпаведнасці з ч. 1, 2, 6 арт. 72 КК, па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных асноўных пакаранняў і далучэння дадатковага пакарання канчаткова абвінавачаную асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама рашэннем суда абвінавачаная павінна выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь (6 400 рублёў) і кампенсаваць пацярпелым маральную шкоду ў памеры 4 000 рублёў.

Мабільны тэлефон як прыладу здзяйснення злачынства ў Таццяны Купчынай канфіскавалі ў прыбытак дзяржавы.

Прысуд не набыў законную моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным заканадаўствам парадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства