viasna on patreon

Новы тэрмін ад самай "рэпрэсіўнай" суддзі Брэста: Вера Філонік прысудзіла маладой маці 4 гады "хатняй хіміі" за відэа з вайсковай тэхнікай

2022 2022-06-16T15:07:06+0300 2022-06-16T15:34:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volga_byjan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Буян

Вольга Буян

9 чэрвеня Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе Вольгі Буян, якую абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" па ч. 1 арт. 361-4 КК.

Судовае пасяджэнне ўзначаліла Вера Філонік — адна з самых "рэпрэсіўных" суддзяў не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне, якая вельмі хутка зрабіла сваю кар'еру. Толькі за год, са жніўня 2020-га па кастрычнік 2021-га, суддзя, якой крыху больш за 30 гадоў, вынесла каля 40 "палітычных" прысудаў, жорстка пакараўшы беларусаў за іх грамадзянскую пазіцыю. Філонік судзіла людзей цэлымі групамі і ўдзельнічала ў самых гучных справах рэгіёна: "Брэсцкія беспарадкі", "Пінская справа", "Справа карагодаў"…

Суддзя Вера Філонік
Суддзя Вера Філонік

Справа Вольгі Буян, якую суддзя разглядала гэтым разам, таксама "палітычная".

Вядома, што абвінавачанай 27 гадоў. Жанчына жыве ў пасёлку Рэчыца Столінскага р-на, у 7 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы, і выхоўвае маленькага дзіцяці.

21 сакавіка 2022 года Вольга адводзіла дзіця ў садок. Па дарозе ўбачыла вайсковую расійскую тэхніку з апазнавальнымі выявамі, зрабіла з ёй відэа і адправіла ў тэлеграм-бот праекта "Беларускі Гаюн".

Нагадаем, тэлеграм-бот "Беларускі Гаюн" з мэтай адсочваць перамяшчэнне расійскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі запусціў блогер Матолька. Гэты ж праект апублікаваў 3-гадзіннае відэа са службы дастаўкі "СДЭК", на якім расійскія вайскоўцы меркавана адпраўляюць скрадзеныя з украінскіх тэрыторый рэчы. Беларускія ўлады прызналі "Беларускі Гаюн" "экстрэмісцкім фарміраваннем".

Як стала вядома падчас судовага пасяджэння, пасля таго, як Вольга адправіла відэа з ваеннай тэхнікай у тэлеграм-бот, сілавікі пачалі яе высочваць. Асобу жанчыны высветлілі па відэакамерах, якія былі ўсталяваныя на чыгуначным пераездзе.

Відэа, якое зняла Вольга, з'явілася на канале "Беларускі Гаюн" у 11.32. Па ім было зразумела, што здымкі вяліся з машыны. Па часе здымкаў сілавікі вызначылі машыну жанчыны.Неўзабаве Вольгу затрымалі і запісалі з ёй "пакаяльнае відэа".

Сваю віну падчас суда абвінавачаная цалкам прызнала. Пракурорка Вольга Грыцкевіч запрасіла для Вольгі Буян абмежаванне волі тэрмінам на 4 гады.

9 чэрвеня суд Брэсцкай вобласці прызнаў жанчыну вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 361-4 КК і прызначыў Вольге Буян пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады. Мабільны тэлефон абвінавачанай, як сродак здзяйснення злачынства, суд канфіскаваў.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства