viasna on patreon

Удаве Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары

2022 2022-06-16T13:50:00+0300 2022-06-16T14:51:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uspenskaja-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 16 чэрвеня агучылі пастанову па крымінальнай справе супраць палітзняволенай удавы загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай. Яе абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па арт. 16 і п.п. 5 і 10, ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (здзейсненае агульнанебяспечным спосабам асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці). Яе судзілі як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне", таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Пад вартай Марыя ўтрымліваецца амаль дзевяць месяцаў. 

Марыя Успенская

Судовы працэс пачаўся 31 траўня. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Марыю судзілі як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства псіхічным засмучэннем (захворваннем)" (п. 13 арт. 6 КПК). Яе інтарэсы на судзе прадстаўляла яе маці, сама Марыя не прысутнічала на працэсах.

Успенская вызвалена ад крымінальнай адказнасці, бо знаходзілася ў "стане непрытомнасці". Суд прызначыў ёй прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ў выглядзе прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным наглядам. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не ўстанаўліваецца судом. Акрамя таго, суд спагнаў матэрыяльную кампенсацыю "маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў на карысць пацярпелай, якія будуць залічаны на карысць дзіцячага дома № 5 г. Мінска" — жонкі забітага Дзмітрыя "Нірваны" Федасюка.

Прымусовыя меры бяспекі і лячэння — гэта від крымінальна-прававога ўздзеяння, які не з'яўляецца крымінальным пакараннем і ўяўляе сабой сістэму псіхатэрапеўтычных, медыка-прафілактычных і медыка-рэабілітацыйных, а таксама медыцынскіх мер па доглядзе і наглядзе за асобамі, якія пакутуюць на псіхічнае расстройства (захворванне), што пазбаўляе іх магчымасці ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў ці кіраваць імі, калі гэтыя асобы па характары ўчыненага імі дзеяння і сваім псіхічным стане ўяўляюць небяспеку для грамадства.

"Першыя некалькі месяцаў не магла ўспрыняць усё тое, што з ёю адбываецца". Як Марыя перажывае сітуацыю?

Марыя Успенская — удава Андрэя Зельцэра, забітага ва ўласнай кватэры пры перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ 28 верасня. У жанчыны ёсць непоўнагадовы сын ад першага шлюбу. Спачатку жанчыну трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, затым перавялі ў СІЗА. На пачатку снежня 2021 стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — яе туды адпраўлялі, каб правесці псіхіятрычную экспертызу. 15 чэрвеня Марыі споўнілася 41 год.

"Наша Ніва" пагаварыла з жанчынай, якая ўтрымлівалася ў СІЗА на Валадарскага гэтай зімой. Яна сцвярджае, што некалькі тыдняў правяла ў адной камеры з Марыяй Успенскай. Вось, што яна распавяла пра палітзняволеную:

"Калі я трапіла ў адну камеру з Марыяй, то адчувала сябе не надта добра, мне было вельмі цяжка псіхалагічна. Маша вельмі мяне падтрымлівала першы час. Спачатку яна падалася мне вельмі адкрытым чалавекам. 

Пра гісторыю з перастрэлкай Маша не гаварыла. Гэта цікавіла ўсіх сукамерніц, але Маша адказвала, што знаходзіцца пад падпіскай, таму не можа нічога расказаць. Спадзявалася, што пазней, праз нейкі час, праўда выйдзе на свет і ўсе зразумеюць, што ўсё было зусім не так, як гэта паказвалі ў СМІ.

Але яна была вельмі засмучаная. Маша расказвала, што першыя некалькі месяцаў проста зусім не магла ўспрыняць усё тое, што з ёю адбываецца. Калі я была з ёй у камеры, Маша прымала ўжо менш лекаў, намагалася неяк "жыць у моманце". Але ў яе пастаянна скакаў настрой, яна часта плакала.

Шкадавала пра тое, што адбылося, што яе жыццё так павярнулася. Пастаянна паўтарала словы: "Як жа ён мог мяне пакінуць?" Як я зразумела, яна казала гэта на адрас Андрэя Зельцэра. 

Андрэя яна згадвала добрымі словамі. Казала, што ён быў спартыўным мужчынам, які вельмі яе кахаў і заўсёды падтрымліваў. Па яе словах, з Андрэем яны ніколі не сварыліся. Разам гадавалі сына. Маша казала, што Андрэй нават прысутнічаў на родах, трымаў яе за руку ў радзільнай зале.

Расказвала пра сваю маму: што тая даглядала сваю маці, бабулю Машы. Але за гэты час, што Маша сядзіць у СІЗА, бабуля памерла.

У нашай камеры сядзела прыкладна палова палітычных, палова "звычайных" вязняў. Палітычныя, як маглі, падтрымлівалі Машу, але некаторыя, каго затрымлівалі за наркотыкі ці іншую такую крыміналку, бывалі іншых палітычных поглядаў. Такія часам ставіліся да Машы негатыўна, асуджалі яе. Некаторыя былі ў СІЗА вельмі даўно, пра ўсю сітуацыю з Зельцэрам ведалі толькі з дзяржаўнага тэлебачання, абураліся: як Маша так магла, стаяць там спакойна з каменным тварам, здымаць відэа? 

Але на ўсе пытанні пра гэтую гісторыю Маша адказвала: у мяне падпіска, выбачайце, калі-небудзь усе пра ўсё даведаюцца".


Падтрымайце Марыю: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Марыя Віктараўна Успенская

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства