viasna on patreon

Яшчэ большы ціск на палітвязняў, новыя затрыманні і "экстрэмісты": хроніка пераследу 11-13 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-13T14:19:00+0300 2022-06-13T18:57:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alena_zubrava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

Праваабаронцы даведаліся, што 10 чэрвеня ў Смаргоні затрымалі лекара — спецыяліста ультрагукавога даследвання Яўгена Бужынскага. Пра прычыны і акалічнасці затрымання пакуль нічога не вядома.


Аксана Аўчынская
Аксана Аўчынская

11 чэрвеня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне ў Мазыры 23-гадовай мясцовай жыхаркі Аксаны Аўчынскай. На "пакаяльным відэа" яна "прызнаецца" у тым, што даслала інфармацыю аб перасоўванні расійскіх вайскоўцаў тэлеграм-каналу "Беларускі Гаюн". Супраць дзяўчыны распачата крымінальная справа.


З’явіліся навіны пра Дзмітрыя Шабетніка - сына рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка. Дзмітрыя затрымалі напрыканцы мінулага тыдня, пасля чаго некалькі дзён сваякі нічога не ведалі пра ягоны лёс. Толькі 13 чэрвеня стала вядома, што яго падазраюць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Ён утрымліваецца ў следчай турме № 8 у Жодзіна. Пра гэта паведамляе "Палеская Вясна".


Алена Зубрава
Алена Зубрава

13 чэрвеня ў Наваполацку затрымалі Алену Зубраву - выкладчыцу гісторыі СШ №2 Наваполацка. Паводле папярэдняй інфармацыі, настаўніцу затрымалі за нейкі рэпост — бліжэйшым часам над ёй павінен адбыцца суд па адміністрацыйнай справе.


Аляксандр Захожы
Аляксандр Захожы

Гэтым жа днём затрыманы Аляксандр Захожы — меркаваны былы адміністратар дваравога чата "9-ы кіламетр". Мужчыне 29 гадоў, ён працуе на прадпрыемства Мінскінжпраект, павеламляе "Наша Ніва". Відэа з ім з'явілася на адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Але справа ў тым, што ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ці фармаванняў гэты чат адсутнічае. Больш за тое, чат цяпер недасяжны праз пошук у Тэлеграм і, напэўна, выдалены. Што канкрэтна інкрымінуюць Аляксандру, невядома.


Сілавікі затрымалі ў Мінску фатографа Яўгена Ерчака. Фотаздымкі з ператрусу і "прызнальныя" паказанні фатографа з’явіліся ў праўладных тэлеграм-каналах. На відэа беларускі фатограф прызнаецца, што быў пазаштатным карэспандэнтам TUT.BY і асвятляў вулічныя акцыі. Акрамя гэтага сілавікі паведамляюць, што атрымалі доступ да фотаархіва журналіста. У межах якой справы затрыманы Яўген, пакуль невядома, паведамляе @bajby.

Ціск на палітвязняў

Сцяпан Латыпаў
Сцяпан Латыпаў

Родныя палітзняволенага Сцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калоніі "Воўчыя норы", паведамілі пра тое, што ціск на яго працягваецца. Так, у іх ёсць дадзеныя, што прыкладна ў сярэдзіне траўня палітвязня закінулі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку калоніі. Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў, мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін і хадзіць на працу. Па словах сваякоў Сцяпана, за першыя два тыдні ў ПКТ ён атрымаў толькі два лісты, адзін з якіх — ад бацькі. У сваім лісце Сцяпан шкадуе, што правядзе лета ў камеры: ён не паспеў нарадвацца кветкам увесну. Прасіў пісаць часцей.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Сцяпану Сяргеевічу Латыпаву.

Пішыце Сцяпану ў лістах і паштоўках пра лета, укладайце фота. "Вясна" запусціла падлік лістоў і паштовак, дасланых Сцяпану ў калонію (пачынаючы са снежня 2021): так ён хаця б будзе ведаць, што яму пішуць нашмат болей, чым яму перадаюць. Пазначце, калі ласка, у Google-форме, колькі пасланняў і калі вы адправілі (можна прыблізную колькасць). Гэта зойме паўхвіліны, можна ананімна. Актыўная спасылка на форму ТУТ. Таксама вы можаце высылаць фота або тэксты пасланняў на пошту listy.sciapanu@gmail.com, каб вашыя высілкі не былі змарнаваныя. Сцяпан усё дакладна прачытае, калі выйдзе.

Нагадаем, 16 жніўня 2021 года Сцяпана Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. За пяць месяцаў у калоніі Латыпава змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні, 27 з каторых ён адбыў у лютым.


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Стала вядома, што палітзняволенага Ігара Аліневіча па прыбыцці ў ПК-20 з каранціну адразу адправілі ў ШІЗА.

Нагадаем, яго, а таксама Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава, абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. 22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд фігурантам гэтай крымінальнай справы. Ігар Аліневіч атрымаў 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70. Ігару Уладзіміравічу Аліневічу.


Уладзімір Сушко
Уладзімір Сушко

Палітзняволенаму Уладзіміру Сушко ўзмацнілі рэжым і перавялі з "хіміі" у папраўчую калонію да канца тэрміну зняволення. Вядома, што з папраўчай установы № 24, дзе ён адбываў тэрмін, яго перавялі прыкладна тры месяцы таму. Яго месцазнаходжанне ўдакладняецца.

Нагадаем, суд Жлобінскага раёна асудзіў Уладзіміра на два гады "хіміі" за каментар пра міліцыянта ў тэлеграм-канале. Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэксу "Абраза прадстаўніка ўлады". З трэцяга сакавіка 2021 года Уладзімір адбываў тэрмін ў гродзенскай папраўчай установе № 24.


Павел Севярынец. Фота: Надзея Гацак
Павел Севярынец. Фота: Надзея Гацак

Палітвязня Паўла Севярынца ў шклоўскай калоніі пазбавілі працяглага спаткання.

Мінулае працяглае спатканне ў Паўла было ў снежні 2021 году. Але ў красавіку адміністарцыя папраўчай калоніі № 17 прызнала лідара Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі "злосным парушальнікам рэжыму". Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў.

Нагадаем, у траўні 2021 Севярынцу і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Вядома толькі, што іх абвінавачвалі па некалькіх частках "пратэснага" артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. За кратамі Паўла ўтрымліваюць больш за два гады.

Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8. Паўлу Канстанцінавічу Севярынцу.


Вячаслаў Папоў
Вячаслаў Папоў

Палітвязню Вячаславу Папову, асуджанаму да трох гадоў "хіміі", пераводзяць у калонію. Па інфармацыі праваабаронцаў, 9 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна адбыўся разгляд справы аб узмацненні рэжыму палітвязню Вячаславу Папову. Суддзя Віталь Лабоцкі пастанавіў перавесці Вячаслава з "хіміі" у папраўчую калонію. Яму засталося адбыць у калоніі прыкладна 9 месяцаў. Пакуль невядома, куды накіруюць палітвязня.

Нагадаем, мінчука затрымалі 10 сакавіка 2021 года ў сябе дома. Дачакаўшыся, пакуль бацькі Вячаслава з’едуць, сілавікі ўзламалі дзверы ў кватэры, паклалі хлопца на падлогу і моцна збілі. У кватэры быў праведзены ператрус, на які бацькоў не пусцілі. Яго абвінавацілі па артыкуле 342 КК "Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" па падзеях 9-10 жніўня ў Мінску. 10 ліпеня 2021 Вячаславу прызначылі 3 гады "хіміі". Тэрмін хлопец адбываў у гродзенскай ПУАТ №24.

Папаўненні ў спісе "экстрэмістаў"

Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналаў "Салiдарнасць БДПУ", "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ" і "HARBACEVIČ" прызнаныя экстрэмісцкай. Адпаведнае рашэнне прыняў 6 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Мінска і суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства