Яшчэ больш жорсткія ўмовы для палітвязняў, “бандыцкія” ператрусы і дзесяткі новых “экстрэмістаў”: хроніка пераследу 4-7 чэрвеня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў. Незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Ператрусы і затрыманні
Стала вядома пра затрыманне на ўласным лецішчы Сяргея Гуня, якое адбылося яшчэ 3 чэрвеня. Яго блізкія паведамляюць, што па папярэдняй інфармацыі мужчыну затрымалі паводле арт. 342 КК “Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх”. Раней Сяргея затрымлівалі па адміністрацыйных артыкулах. Падчас аднаго з затрыманняў, у кастрычніку 2020-га, сілавікі выцягнулі мужчыну з машыны і збілі, бо заўважылі, што ён засняў амапаўцаў на відэа.
Гэтым жа днём у Бабруйску на працоўным месцы затрымалі журналіста мясцовай газеты “Коммерческий Курьер” Дзмітрыя Суслава. Супрацоўнікі РАУС прыйшлі ў рэдакцыю выдання і, не патлумачыўшы прычын, забралі мужчыну. Вядома, што да позняга вечара Суслава трымалі ў РАУС, пасля чаго адправілі ў ІЧУ. У панядзелак, 6 чэрвеня, стала вядома, што Суславу прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго асудзілі па артыкуле 19.11 КаАП "Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Суд адбыўся на тэрыторыі ізалятара часовага ўтрымання.
Таксама з’явіліся дадзеныя пра арышт на 15 сутак экс-дацэнткі МДЛУ Наталлі Дулінай. Гэта яе трэцяе затрыманне за апошнія тры месяцы. Гэтым разам яе абвінавацілі ў "дробным хуліганстве" па арт. 19.1 КаАП — яна нібыта "размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася". Хадайніцтва аб праглядзе камер відэаназірання суддзя адхіліла. Першы раз Наталлю затрымлівалі 28 лютага за антываенную акцыю і арыштавалі на 15 сутак за "удзел у несанкцыянаваным пікетаванні" (арт. 24.23 КаАП). Праз месяц — 25 красавіка — яе затрымалі дома, а потым асудзілі на 15 сутак арышту за "захоўванне інфармацыйнай прадукцыі канала на YouTube з назвай "Радыё Свабода" (арт. 19.11 КаАП).
4 чэрвеня на Фестывалі нацыянальных культур у Гродне ГУБАЗіК затрымаў Арцёма Чачоткіна. Прычына — "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", у тым ліку на папяровых носьбітах. Гродзенца змясцілі ў ІЧУ. Затрыманне правялі на вачах у спадарожніцы мужчыны — ён паспеў аддаць ёй заплечнік.
5 чэрвеня адбыўся ператрус у журналісткі Ціны Палынскай. Пра гэта распавёў яе муж Аляксандр. Паводле яго, Ціну арыштавалі. За што — невядома. Праз некалькі гадзіна журналістку адпусцілі, але забралі ў яе тэхніку.
6 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра затрыманне былога 37-гадовага памежніка Валерыя Ільючыка — ён звольніўся пасля падзей 2020 года. Згодна з інфармацыяй у канале ГУБАЗіКа, Валерый звяртаўся па дапамогу ў фонд BySol. Аднак ніякіх канкрэтных абвінавачанняў супраць мужчыны, як і прычына затрымання, не агучваецца.
У доме Валерыя Цапкалы правялі ператрус. Па звестках тэлеграм-канала "Нік і Майк", у доме былі разбітыя вокны, посуд, разламана мэбля і раскіданы рэчы. Валерый Цапкала — ініцыятар і стваральнік Беларускага Парку высокіх тэхналогій, былы амбасадар Беларусі ў ЗША і Мексіцы. У 2020-м годзе ён абвясціў пра планы балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, аднак не быў дапушчаны да ўдзелу ў выбарах.
Нагадаем, раней ГУБАЗіК публікаваў відэа, на якіх хваліўся, як разграміў кватэры рэдактаркі "Карателей Беларуси" і ютуб-канала "Дзікае паляванне" Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, а таксама блогера Андрэя Павука.
7 чэрвеня стала вядома, што у офіс гандлевай сеткі "ОМА" прыйшлі сілавікі. @zerkalo_io паведамляе, што пад будынкам стаяць чорныя бусікі. Вядома, што раней буйны акцыянер сеткі прыпыніў дзейнасць у Беларусі, кампанія перастала закупляць беларускія і расійскія тавары праз напад Расіі на Украіну.
Папаўленне ў спісе экстрэмістаў
У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі ажно 49 новых пазіцый. У яго ўключылі дзевяць лакальных тэлеграм-чатаў, тры youtube-каналы, звязаныя з праектам Nexta, іх старонкі і матэрыялы ў сацсетках (Telegram, Facebook, "Вконтакте", Instagram). Таксама "экстрэмісцкімі" прызнаны сайты ініцыятыў By_help, Media Solidarity Belarus, BYSOL, voicesfrombelarus. com, іх матэрыялы ў сацсетках (Telegram, Facebook, "Вконтакте", Instagram). У пералік уключылі сайт "платформы фінансавання перамен" digitalsolidarity. io, старонкі ініцыятывы ў Instagram і Facebook, мабільны дадатак у крамах App Store і Google Play. Акрамя таго, спіс дапоўнены асабістымі Facebook-старонкамі ў сацыяльных сетках актывістаў Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага і Аляксея Кузьмянкова (Alexis Kendoo). "Экстрэмісцкімі" таксама прызнаны telegram- і youtube-каналы Стрыжака. Суд прысвоіў аналагічны статус персанальным старонкам у Instagram актывістак Марыі Забары і Аляксандры Зверавай.
Працягваецца ціск на палітвязняў
4 чэрвеня з’явіліся дадзеныя, што палітвязня Арцёма Мядзведскага, які ў лютым збег з "хіміі", перавялі ў калонію "Воўчыя норы". Нагадаем, у пачатку лютага Арцём здолеў уцячы з папраўчай установы №45. Збег з лякарні ў Камянцы, куды трапіў з лёгкім страсеннем мазгоў пасля таго, як паслізнуўся і зваліўся ў будынку ПУАТ. Але праз некаторы час Арцёма затрымалі і вярнулі ў ПУАТ. У канцы красавіка ў судзе Камянецкага раёна суддзя Аксана Шкель пастанавіла перавесці Мядзведскага з "хіміі" ў калонію тэрмінам на 9 месяцаў. Стала вядома, што адбываць тэрмін Арцёма накіравалі ў папраўчую калонію №22.
Арцёма затрымалі 19 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі ў тым, што ўвечары 10 жніўня ён ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля ст. м. Пушкінская, выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блакавання праезнай часткі. 15 студзеня 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады "хіміі".
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Арцему Мядзведскаму |
Па інфармацыі MAYDAY TEAM, на палітзняволенага Аляксандра Плескацэвіча цісне адміністрацыя папраўчай установы № 43. Яго змясцілі ў ШІЗА на 20 сутак. У канцы траўня яго каралі «суткамі» ў штрафным ізалятары два разы запар: першыя 10 сутак былі за «неахайны выгляд», а потым яшчэ 10 — за «адмову прыбіраць месца агульнага карыстання».
Нагадаем, Аляксандра абвінавацілі паводле ч.1 і ч.2 арт. 339 КК "Хуліганства" за тое, што ён пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — “Света, я вас кахаю”. У выніку, у судзе Ляхавічаў 6 снежня Плескацэвіча асудзілі на 2 гады "хіміі".
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 43. 212003, г. Магілёў, вул. Чалюскінцаў, 76А, Аляксандру Іосіфавічу Плескацэвічу. |
7 чэрвеня стала вядома, што палітвязень Мікіта Емяльянаў ужо 35 дзён знаходзіцца ў карцары. 4 чэрвеня ён павінен быў выйсці пасля 30-сутачнага арышту, але яму дадалі яшчэ 7 сутак. Мікіту ўвесь гэты час караюць за адмову прыбіраць дворык падчас прагулкі. Апеляцыйную скаргу палітзняволенага анархіста суддзя Магілёўскага абласнога суда Мікалай Гладкі разгледзіць 9 чэрвеня ў 10:30.
Нагадаем, 11 сакавіка Емяльянава асудзілі на два гады калоніі па ч. 2 арт. 411 КК "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнне правілаў унутранага распарадку”, а канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Емяльянаву Мікіце Уладзіміравічу. |
Ад сваякоў палітвязняў праваабаронцы даведаліся пра тое, што зняволеным наўмысна пачалі скарачаць тэрмін працяглага спаткання. Да прыкладу, адміністрацыя папраўчых калоній № 1 і № 15 скарачае тэрмін працяглага спаткання да аднаго дня. Пры гэтым, згодна з правіламі ўнутранага распарадку калоній, працяглыя спатканні могуць доўжыцца да трох сутак. На які тэрмін выдаваць дазвол, вырашае адміністрацыя калоніі. Па словах сваякоў і саміх палітвязняў, гэта тычыцца тых, каго ў калоніі лічаць "злоснымі парушальнікамі рэжыму"; хто адбывае тэрмін на ўзмоцненым рэжыме; каго закідвалі ў ШІЗА; у каго ёсць больш за два спагнанні; у дачыненні да каго быў выстаўлены пазоў за падзеі 2020 года, і які яны не выплацілі. Але афіцыйнай заявы пра гэта не было. Новае "правіла" пачало працаваць з 1 чэрвеня, паведамляюць блізкія палітвязняў.
Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі?