viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення траіх палітычных зняволеных

2022 2022-06-07T11:22:21+0300 2022-06-07T11:22:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/protest_tutby_photo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці

7 чэрвеня 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем працяг непрымальнай практыкі асуджэння да заведама непрапарцыйнага крымінальнага пакарання ўдзельнікаў пратэсных выступаў, якія аказалі супраціў прадстаўнікам улады ў адказ на парушэнне канстытуцыйных правоў на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду мірных сходаў.

У прыватнасці,

  • Андрэй Сяргеенкаў асуджаны паводле арт. 363 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі тэрмінам на 3 гады і 6 месяцаў за тое, што ўвечары 9 жніўня 2020 г., з'яўляючыся ўдзельнікам мірнага сходу на плошчы Свабоды ў Полацку, аказваў супраціў пры затрыманні супрацоўнікам міліцыі, распыліўшы слезацечны газ у іх бок;
  • Аляксандр Сакалоўскі асуджаны паводле арт. 363 КК да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за тое, што аказаў супраціў супрацоўніку міліцыі, які затрымліваў яго за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі на навушніках, расцаніўшы выкарыстанне сімволікі як несанкцыянаваны пікет;
  • Дзмітрый Падлобнікаў асуджаны паводле арт. 364 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі тэрмінам на 3 гады за тое, што 9 жніўня 2020 года, з'яўляючыся ўдзельнікам акцыі пратэсту ў г. Жлобін, аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі падчас разгону мірнага сходу, наносячы ўдары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі,

яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 г., мы адзначаем наступнае:

Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту “у адказ” з боку пратэстоўцаў, дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона).

Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Таксама адзначаем адсутнасць належнай прававой ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў перыяд пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года і расследавання актаў катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў і іншых жыхароў краіны, што надае пераследу асоб, якія парушылі закон падчас правядзенні акцый пратэсту, рысы селектыўнасці.

Паводле Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед згаданых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі яны з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (а, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, мы прызнаем політзняволенымі Андрэя Сяргеенкава, Аляксандра Сакалоўскага, Дзмітрыя Падлобнікава і патрабуем:

  • неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні паказаных фактараў, а таксама вызвалення іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд;
  • вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства