viasna on patreon

Палітвязня асудзілі да 4,5 гадоў калоніі за дапамогу беларусам эвакуявацца ад пераследу ў Літву

2022 2022-06-01T12:38:25+0300 2022-06-02T08:18:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bujnicki_yauhien.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Шчучынскага раёна 31 траўня асудзіў 30-гадовага палітзняволенага Яўгена Буйніцкага да чатырох з паловай гадоў узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 110 базавых велічыняў (3 520 рублёў). Яго прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса – наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай. Ён дапамагаў эвакуявацца з Беларусі людзям, якія ратаваліся ад адвольнага палітычна матываванага пераследу ўладамі. Нягледзячы на тое, што яго судзілі за здзяйсненне ўчынка групай асобаў, на лаве падсудных быў адзін Яўген. Паводле абвінавачвання, ён падвозіў людзей у памежную зону Літвы. Суддзя Дзмітрый Цівунчык пачаў разглядаць справу яшчэ 5 красавіка, але агучыў прысуд толькі ўчора.

Яўген Буйніцкі быў затрыманы 5 жніўня мінулага году ў сувязі з абвінавачваннем па ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю незаконнага перасячэння мяжы грамадзянамі, якія ратуюцца ад адвольнага палітычна матываванага пераследу ўладамі Беларусі, якое магло пацягнуць цяжкія наступствы для іх – катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне і незаконнае пазбаўленне волі. Праз месяц Следчы камітэт заявіў, што ведамства расследуе крымінальную справу аб незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

"Па наяўных у следства дадзеных шэраг асоб, аб'яднаўшыся ва ўстойлівую групу на працягу як мінімум апошніх васьмі месяцаў ажыццяўлялі незаконную перапраўку беларускіх грамадзян на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

Устаноўлена, што адным з арганізатараў і кіраўнікоў злачыннай групы з'яўляецца грамадзянка Рэспублікі Беларусь Наталля Калегава, якая пастаянна пражывае ў Літве, – кіраўнік арганізацыі "Дапамога". Устаноўлены і затрыманыя асобы, якія ажыццяўляюць злачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку непасрэдную дастаўку людзей да лініі дзяржаўнай мяжы".

На дзяржаўным тэлебачанні выйшаў відэасюжэт "Скрыня Пандоры": бізнэс на мігрантах. Як улады Літвы выкарыстоўваюць уцекачоў у сваіх палітычных мэтах", дзе распавядаецца пра гэтую справу. Нягледзячы на тое, што СК сцвярджаў, што затрыманыя некалькі чалавек, якія дзейнічалі на беларускім баку, у фільме паказалі адзінага затрыманага па справе – Яўгена Буйніцкага. Яго называюць "кур'ерам, які прывозіў людзей да мяжы – ў памежную зону". У фільме сцвярджаецца, што ён "атрымліваў плату" за гэта, у чым прызнаўся следчаму: "Мне заплацілі... Заправілі машыну".

У відэасюжэце Яўген распавядае:

"Я перавозіў у агульнай колькасці пяць чалавек, якія пакінулі маю машыну каля пасёлку Першамайск з намерам пакінуць Рэспубліку Беларусь шляхам незаконнага перасячэння мяжы. Пра тое, што яны плануюць перасекчы літоўскую мяжу, адкрыта гэта, можа быць, і не было сказана, але гэта ўсведамлялася, то бок я гэта ўсведамляю". 

Судзілі Яўгена аднаго, але падрабязнасці з суда невядомыя. 

Яўген скончыў гістарычны факультэт БДУ. Ён піша вершы і спрабуе маляваць. У ліставанні палітвязень беларускамоўны. За кратамі Яўген адзначыў сваё 30-годдзе. Ён хутка будзе этапаваны з ІЧУ Шчучына ў гродзенскую турму, дзе будзе чакаць разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд.


Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, а таксама грашовымі пераводамі і пасылкамі:

Яўген Уладзіміравіч Буйніцкі

Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства