Да трох гадоў "хіміі" асудзілі мужчыну за ўдзел у дзвюх пратэсных акцыях у 2020 годзе
12 красавіка 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска вынесены вырак 34-гадоваму Руслану Ксёнжыку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Яго вызвалілі ў залі суда. Мужчына знаходзіўся пад вартай з 21 снежня 2021 года.
Справу разглядзела суддзя Лідзія Цяліца. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Яўген Серакоў.
Удзел у двух мітынгах
Руслана Ксёнжыка прызналі вінаватым ва ўдзеле ў "групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" 9 жніўня 2020 года. Згодна з абвінавачаннем, вечарам на праспекце Пераможцаў у Мінску ён з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, прыняў актыўны ўдзел у такіх дзеяннях. Так, мужчына выкарыстоўваў "сцяг бела-чырвона-белага колеру як пратэсны сімвал, публічна выкрыкваў лозунгі, дэманстраваў жэст сваёй рукой у выглядзе паднятых уверх двух пальцаў, выкарыстоўваючы гэты жэст як пратэсны сімвал, наўмысна здзейсніў блакаванне руху транспартным сродкам".
Ягоныя дзеянні пацягнулі за сабой парушэнне работы грамадскага транспарта: Ксёнжык не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўнікаў АУС вызваліць праезную частку дарогі.
Для таго, каб выявіць ягоную асобу было цяжэй, ён выкарыстаў маску і матацыклетны шлем.
Таксама яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў мітынгу 30 жніўня 2020 года. У віну яму ставіліся амаль ідэнтычныя дзеянні, што і падчас першага мітынгу.
Чым пацвярджаецца віна?
Руслан Ксёнжык сам прызнаў сябе вінаватым. Ён распавёў, што сапраўды прымаў удзел у двух мерапрыемствах, рухаўся па праезнай частцы, выкрыкваў лозунгі і дэманстраваў пратэсны жэст.
Таксама да справы далучаныя пацвярджэнні Мінгарвыканкама аб тым, што дазвол на мерапрыемствы ў гэтыя дні не выдаваўся, паведамленнямі "Мінсктранса" аб спыненні працы транспарта. На тэлефоне Руслана таксама выяўленыя фотаздымкі з праезнай часткі, на якіх мужчына стаіць у натоўпе пратэстоўцаў, на заднім плане бачныя супрацоўнікі праваахоўных органаў са шчытамі. Таксама да матэрыялаў справы далучаны білінг мабільнага тэлефона Ксёнжыка, які пацвярджае ягонае месцазнаходжанне на праспекце ў той момант.
Намеснік пракурора таксама заявіў пазоў у інтарэсах "Мінсктранса" — 7 580, 22 рублёў, ён будзе разгледжаны ў межах грамадзянскай судовай вытворчасці, паколькі "закранае інтарэсы трэціх асобаў", якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве сумесна з Ксёнжыкам. Да моманту разгляду пазова забудову, якая належыць абвінавачанаму, пакінулі пад арыштам.