Затрыманні, ператрусы, экстрэмісцкія тэлеграм-каналы — хроніка пераследу 26 траўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» 26 траўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сёння ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна затрыманы журналіст Аляксандр Любянчук
Верагодна, у доме быў праведзены ператрус. Дзе цяпер знаходзіцца мужчына — невядома.
Ідзе ператрус у беларускай кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі
Як стала вядома, следчыя дзеянні праводзяць з нагоды крымінальнай справы, заведзенай супраць блогера.
«Яны там усё ламаюць, разбілі унітаз, літаральна усё грамяць, — гаворыць Вольга Павук. — Нам паведамілі пра прыезд сілавікоў суседзі па доме. Ранкам пабачылі сіні бусік ля пад’езду, пасля адтуль выйшлі сілавікі і пайшлі ў нашую кватэру. Верагодна, усё гэта праз крымінальную справу супраць Андрэя. Мы зарэгістраваныя разам у той кватэры, нашыя дзеці таксама».
Па словах Вольгі, яны з былым мужам турбуюцца, што сілавікі могуць таксама прыйсці да іх бацькоў. Ні з Андрэем Павуком, ні з яго былой жонкай ніхто з сілавых структураў напярэдадні ператрусу не звязваўся, яго прычына ім дакладна невядомыя.
Ранкам затрымалі бацькоў вядомай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук
Гэта адбылося ў яе роднай вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна. Пра гэта паведаміла сама Маргарыта.
«Ранкам прыехаў бусік, суседку паклікалі панятой, ад яе і даведалася. Нічога пры ператрусе не знайшлі, але бацькоў выводзілі з хаты ў кайданках», — сказала спявачка.
Хто затрымліваў бацькоў і па якой справе пакуль невядома.
У Віцебску прызналі «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал з арыгінальнай назвай
Адпаведнае рашэнне прыняў суд Чыгуначнага раёну Віцебска 17 траўня.
Чарговыя затрыманні за падзеі 2020 года
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Алега Шэргілашвілі і Мікіты Скотнікава.
Алега абвінавачваюць у тым, што ён дасылаў паведамленні пра акцыі пратэсту ў чат-бот Nexta, а Мікіту — што ён прыязджаў з Полацку на акцыі пратэсту ў Мінск, дзе перакрываў рух транспарту. На Мікіту завялі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).
У Жлобіне затрыманая актывістка «Матчынага руху-328» Ліяна Шуба
Падрабязнасці пакуль невядомыя.
Ліяна Шуба неаднаразова затрымлівалася на акцыях у 2020 годзе, адбывала адміністрацыйны арышт і была аштрафаваная.
Інфармацыя дапаўняецца