viasna on patreon

На судзе і ў труне. Падкаст памяці Вітольда Ашурка – палітвязня, які памёр у калоніі Аўдыё

2022 2022-05-20T20:22:58+0300 2022-10-13T16:37:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ikonka_28.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінуў год, як у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Гэта было 21 траўня 2021 года. Таму 28-ы выпуск падкаста “Вясна прыйдзе” прысвячаецца Вітольду, а таксама людзям, на якіх ён паўплываў — і пры жыцці, і пасля смерці.

"Вясна прыйдзе" · #28. На судзе і ў труне. Памяці Вітольда Ашурка – палітвязня, які памёр у калоніі

Сярод такіх людзей — незалежны журналіст з Бярозаўкі Юрась Дзяшук. Разам з Вітольдам ён правёў шмат гадзін у размовах за кубачкам кавы:

“Вітольд каву распушчальную не прызнаваў. Прычым, калі мяне дзесьці частуюць кавай, то я яе [заўсёды] параўноўваю з той, якую рабіў Вітольд. Яна была густая-густая, як нафта… Пасля яе адразу хацелася бегчы, нешта рабіць, на турнікі ісці... Вельмі ў яго кава была моцная!”

Урач-гінеколаг з Ліды Ірына Здота не ведала Вітольда асабіста, але часта бачыла яго на мясцовых маршах і пікетах. Таму яна прыйшла на суд Вітольда — у тым ліку і як урач:

“Кожны ўрач — псіхолаг. Я намагалася скласці карціну, да якога ўзроўню апусцяцца нашы суды, калі судзяць чалавека, які быў сапраўды міралюбівым”.

Вынесены Вітольду прысуд — пяць год калоніі — абурыў людзей. У залі суда яны скандавалі “Ганьба! Верым, можам, пераможам!” І іх пачалі рэпрэсаваць. З-за гэтага Юрась трапіў у Лідскае ІЧУ. А ў суседняй камеры на той момант яшчэ сядзеў Вітольд. Ён нават змог перадаць Юрасю цукеркі, а ягоным сукамернікам — цыгарэты.

Тады ж Юрась чуў голас Вітольда і нават пабачыў яго сілуэт праз “кармушку”:

“Вітольд? Гэта ты, Вітольд?”

“Так”.

“Ну што, Вітольд, этап?”

“Так, паеду зараз у Гародню”.

“Як ты там?”

“Усё добра. У гэтым годзе выйду, убачымся, так што не перажывай”.

“Вітольд, што перадаць брату Андрэю?”

“Перадай брату: хай трымаецца”.

“А што перадаць жонцы, Вользе?”

“Перадай Вользе, што я яе моцна абдымаю”.

“А што перадаць маці?”

“Перадай, што я яе люблю”.

“У наступны раз я Вітольда пабачыў у труне”, — дадаў Юрась.

Сябра Рады руху За свабоду Вольга Быкоўская ездзіла забіраць цела Вітольда:

“Мы шмат да чаго рыхтаваліся, але калі Андрэй пабачыў яго цела, ён выбег з будынку, рукі ў яго трэсліся, ён запаліў і сказаў, што цела ў такім стане, што проста немагчыма апісаць… У яго была замотана галава практычна да кончыка носа, вельмі тоўстым слоем бінта… Яны сказалі: «Гэта мы проста цела ўранілі». А калі мы прыехалі, нас чакаў АМАП…”

Сілавікі сачылі і за пахаваннем Вітольда. А было яно самым масавым, якое бачыла яго родная Бярозаўка.

Я падыходзіла да мамы Вітольда, выказала спачуванне і спытала, ці можна я прыўздыму павязку? — успамінае Ірына Здота. — І толькі я паспрабавала прыпадняць — як тут жа сказалі: "Не чапаць, інакш ..!" Вось не сорамна ім сядзець у зале, дзе развітваюцца?! Сядзелі, нібы звычайныя мужыкі, — а насамрэч гэта пераапранутыя мянты.

Гэты бінтавы чэпчык вельмі туга сядзеў, таму ў мяне склалася ўражанне, што гэта ўсё ж такі гіпсавая павязка.

 Яго марылі голадам — ​​таму што знясіленне страшнае. Гэта я як медык гавару.

 На твары — гэта не трупныя плямы, я ўсё ж такі лекар з вялікім стажам. То бок, гэта было прымяненне сілы…

 Гэта было забойства”.

Сілавікі яшчэ некалькі дзён пільнавалі магілу Вітольда.

“Такое ўражанне, што пільнавалі таму, каб ён не падняўся. Яны яго баяліся. Нават мёртвага”, — кажа Юрась Дзяшук.

А потым пільнавалі і ўзгадкі пра памерлага:

“Аднойчы я памылілася, паўгады было па Вітольду, — распавядае Ірына Здота. —  Я напісала ў наш лідскі чат, што будзе імша ў Бярозаўцы, ёсць машына — хто хоча? І толькі к абеду я зразумела, што пераблытала даты — пяць месяцаў… І калі я вечарам убачыла аўтазак у Лідзе… То бок разумееце — адна згадка, а яны прыганяюць аўтазак!”

Ірыну  таксама рэпрэсавалі за падзеі падчас агалошвання прысуду Ашурку. Доўгі час жанчына была гатовая сесці і не хацела пакідаць радзіму. Але прыняць такое рашэнне ёй дапамог менавіта Вітольд…

А Вольга Быкоўская адзначае: калі яна вернецца ў Беларусь, то абавязкова паездзе ў Бярозаўку:

“Будзем піць шампанскае і крычаць “Жыве Беларусь”. Я нават ведаю адрас: гэта будзе ў Андрэя Ашурка, які, я ўпэўнена, таксама вернецца. І абавязкова прыгадаем Вітольда. Бо Вітольд зрабіў шмат, каб мы ўсе разам жылі ў свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі”.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі.

Падрабязней пра ўсё гэта слухайце ў 28-м выпуску падкаста “Вясна прыйдзе” на розных пляцоўках тут:

*У падкасце выкарыстаны запісы з суда над Вітольдам, якія зрабіў Юрась Дзяшук. А таксама музыка: tochka k; Kevin Macleod, Emily A Sprague.

Падпісвайцеся на пляцоўкі, каб атрымліваць паведамленні пра новыя выпускі!

Пытанні, заўвагі і прапановы пішыце на пошту viasnapryjdzie96@gmail.com

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства