У Полацку за абразу прэзідэнта судзяць Святлану Фірсаву: пракурор просіць два гады пазбаўлення волі
У судзе Полацка і Полацкага раёна 19 траўня судзяць жыхарку гарадскога пасёлку Ветрына Святлану Фірсаву. Яе вінавацяць паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу за каментар у інтэрнэце да відэа з прамовай Аляксандра Лукашэнкі, створаны яшчэ ў 2021 годзе.
Справу разглядае суддзя Уладзімір Бясецкі. Дзяржабвінаваўца - старшы памочнік пракурора Вольга Коласава.
Пасля затрымання 16 сакавіка Святлану Фірсаву ўтрымлівалі ў Полацкім ІЧУ, а потым перавялі ў Віцебскі СІЗА.
"Гэтая сімволіка выкарыстоўвалася пад час вайны пасобнікамі нямецкіх акупантаў"
Новую справу Святланы Фірсавай, на гэта раз за абразу Аляксандра Лукашэнкі даследаваў Полацкі следчы камітэт. У праваабаронцаў ёсць звесткі, што супраць яе спрабавалі распачаць яшчэ адну крымінальную справу – паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы»).
Нагадаем, 4 лютага суд Полацкага раёна і горада Полацка вынес прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай па факце апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэкса). Абвінавачаныя – Вольга Трунова і Святлана Фірсава. Тады Святлане Фірсавай прысудзілі 200 базавых велічынь штрафу.
Па матэрыялах абвінавачання Святлана Фірсава 30 жніўня 2020 года, а таксама 30 ліпеня 2021 года "пад уплывам ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, выкарыстоўваючы мэсэнжэр у Тэлеграм, размясціла наўмысна ў чаце "Полацк-Наваполацк для жыцця" тэкставыя паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання, якія публічна абразілі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.
У судзе паказанні даваць адмовілася
Сваю віну прызнала цалкам, але ў судзе паказанні даваць адмовілася, спаслаўшыся на тое, што дэталяў ужо не памятае.
У судзе агалошаныя паказанні, дадзеныя па папярэднім расследваннні супрацоўніку ГУБАЗіКа. З іх вынікае, што Фірсава была падпісаная на розныя экстрэмісцкія каналы, дзе пакідала розныя каментарыі, у тым ліку абразлівага зместу, рабіла рэпосты.
У судзе дапытаная сведка - маці Святланы Наталля Мікалаеўна. Кажа што дачка была адзінай памочніцай па гаспадарцы, муж хварэе. Зараз трэба наймаць людзей, каб нешта зрабіць.
Пад час вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы падрабязна зачытваліся фрагменты перапіскі абвінавачанай з прадстаўніком ВyHelp, куды Фірсава звярталася па дапамогу з аплатай штрафу па першым прысудзе.
Пад час вывучэння выдаленага зместу з тэлефона выяўленыя кантакты, якія прадстаўляюць аператыўны інтарэс: канал "План Перамога" і "План Перамога - бот".
Прадстаўніца абвінавачання Вольга Коласава не бачыць змякчальных абставін у справе Фірсавай. Яна раней заяўляла, што ў прадстаўнікоў праваахоўных органаў меліся паролі ад акаунтаў і яны самі маглі нешта абразлівае размясціць ад яе імя. Таксама яна не лічыць, што дапушчаныя ёй выказванні з'яўляюцца абразай.
"Пра якое раскаянне абвінавачанай можа йсці гаворка? - лічыць пракурорка. - Пасля першага прысуду Фірсава не дэманструе свайго раскаяння, не змяніла свак погляды. Гэта ж даказвае і яе перапіска з ВyHelp."
Яна запатрабавала для Святланы Фірсавай суровага пакарання і запрасіла два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу па першым прысуде 6400 рублёў.
У апошнім слове абвінавачаная папрасіла прабачэння за нанесеныя абразы, прасіла прызначыць пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі, каб клапаціцца пра бацькоў і працаваць.
Прысуд будзе абвешчаны 20 траўня.
Будзе дапоўнена.