Актывістку прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк асудзілі да двух гадоў калоніі Дапоўнена
У судзе Ленінскага раёна Берасця 18 траўня завяршыўся разгляд справы палітзняволенай актывісткі прафсаюза РЭП Зінаіды Міхнюк. Жанчыну абвінавачваюць у абразе прэзідэнта па ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядаў суддзя Андрэй Грушко.
Зінаіда Міхнюк — актывістка прафсаюза РЭП, была затрымана 25 сакавіка 2022 пасля вобшукаў у яе дома і на офісе арганізацыі. Жанчыну да суда змясцілі ў СІЗА №7 Берасця.
Паводле інфармацыі, якую даслаў адзін са зняволеных з-за кратаў, Міхнюк абвінавачваюць на аснове матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюза РЭП.
Днямі праваабаронцам стала вядома, што суд над палітзняволенай Зінаідай Міхнюк адбудзецца непасрэдна ў следчым ізалятары, па месцы яе зняволення.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін мяркуе, што такое рашэнне прынятае наўмысна:
«Мяркую, што суд у турме гэта каб грамадства не даведалася аб тым, што доказаў злачынства няма. Мэта — паціху прыбраць з публічнай прасторы лідараў незалежных прафсаюзаў, расправіцца з прафсаюзным рухам, запалохаць грамадства, каб людзі страцілі апошнюю надзею на справядлівасць».
Як паведамілі “Берасцейскай "Вясне", на пасяджэнне прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек. З іх пусцілі толькі 4 (як мяркуецца, усе яны ў статусе сведак па справе). Астатніх жа не пусцілі, уключаючы мужа Зінаіды. Фактычна, суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Па матэрыялах абвінавачання, "3 студзеня 2022 года, маючы намер на прыніжэнне ў непрыстойнай форме гонару і годнасці Кіраўніка дзяржавы, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, знаходзячыся ў офісе рэгіянальнага аддзялення па Брэсцкай вобласці Беларускага прафесійнага саюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, наўмысна, у прысутнасці іншых асоб у абразлівай форме з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі выказалася ў адрас прэзідэнта."
Суд пастанавіў прысудзіць Зінаіду Міхнюк да пазбаўлення волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.