Палітвязня Арцёма Касакоўскага, асуджанага да пяці гадоў калоніі, будуць судзіць яшчэ па трох артыкулах
У судзе Лідскага раёна 19 траўня распачнецца разгляд новай крымінальнай справы супраць 23-гадовага палітвязня Арцёма Касакоўскага. Ён адбывае тэрмін у пяць гадоў зняволення па «справе чата» ў наваполацкай калоніі, але цяпер яго будуць судзіць па новых артыкулах Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў родным горадзе Ліда ў жніўні 2020 года. Маці палітвязня Святлана Мікалаеўна распавяла, што вядома пра суд і новую справу.
У чым цяпер абвінавачваюць палітвязня?
19 траўня Арцёма Касакоўскага будуць судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году ў Лідзе. Лідчаніна аштрафоўвалі па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Цяпер па тых падзеях яму выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (апаганьванне або знішчэнне маёмасці), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Цяпер 23-гадоваму палітвязню пагражае яшчэ да сямі гадоў зняволення.
Галоўны доказ віны па справе — відэа ў ютубе, але на ім Арцёма знайсці цяжка. Вядома, што на мітынгу ў Лідзе супраць пратэстоўцаў таксама выкарыстоўваліся для разгону светлашумавыя гранаты і стралялі.
Як распавядае маці палітвязня, пасля затрымання Арцёма 27 верасня 2020 года, да яго прыязджаў следчы з Ліды, але тады хлопец быў у якасці сведкі і адмовіўся ад дачы паказанняў.
Аднак у студзені 2022 года, калі палітвязень ужо адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі, да Арцёма зноў прыязджаў следчы — цяпер Арцём быў у якасці абвінавачанага.
«Арцём даў нейкія паказанні, сказаў: «Хай за ўсё даюць тэрмін, адразу ўсё адседжу, чым потым выйду і зноў давядзецца праз усё гэта прайсці», — распавядае маці палітвязня Святлана.
«Настроены адбываць тэрмін цалкам»
У раскладзе на сайце Вярхоўнага суда няма працэса супраць Арцёма Касакоўскага. Але вядома, што справу будзе разглядаць Уладзімір Федаровіч. Суд пакуль адкрыты.
Пасля этапа з наваполацкай калоніі ў гродзенскую турму да суда Арцёма адразу змясцілі ў штрафны ізалятар — ён «даседжваў» суткі.
30 красавіка Арцём сустрэўся з маці ў турме:
«Арцём трымаецца малайцом. Настроены адбываць тэрмін цалкам…»
У чым палітвязня абвінавацілі раней?
Арцём Касакоўскі — оптык на заводзе "Оптык" у Лідзе. Яго затрымалі 27 верасня 2020 года ў Мінску. 19 ліпеня 2021 года яго асудзілі яшчэ з дзевяццю палітвязнямі па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Падтрымаць Арцёма лістамі, грашовымі пераводамі і пасылкамі:
Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1
Арцём Ігаравіч Касакоўскі
Маці палітвязня Арцёма Касакоўскага: «Цяпер пераканалася, што выхавала сына правільна»