viasna on patreon

Ціск на палітвязняў, штрафы, затрыманні. Хроніка пераследу 14 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-14T14:34:30+0300 2022-05-14T20:40:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saroka_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 14 траўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Лідзе затрымалі мясцовага жыхара за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 26-гадовага жыхара Ліды Дзмітрыя Шчыгло. У «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы», а раней быў фанатам футбольнага клуба «Ліда» і «прытрымліваўся неанацыскіх поглядаў».


Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»

Па заяве пракуратуры Мінска інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналаў «Это Минск, детка» і «Partyzan» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Таксама стала вядома, што 5 і 12 траўня Ленінскі суд Брэста ў асобе суддзі Алены Кавальчук прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

  • тэлеграм-чат «311 и соседи»;
  • тэлеграм-чат «Южный городок»;
  • тэлеграм-чат «Киевка 97%»;
  • тэлеграм-чат «Северный 97» (у рэестры названы тэлеграм-каналам, але пазначана спасылка менавіта на чат).

4 траўня пінскі суддзя Мікалай Каледа прыняў рашэнне аб наданні статусу «экстрэмісцкіх матэрыялаў фэйсбук-суполцы «Па-першае, Я з Пiнска | Во-первых, я из Пинска | First, I`m from Pinsk». Гэта вельмі папулярная закрытая суполка ў Facebook — на дадзены момант там 7,2 тысячы ўдзельнікаў.

10 траўня 2022 года баранавіцкая суддзя Вольга Раманюк прызнала «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тэлеграм-канал «Барановичи Северный» (аднак ні канала, ні чата з такой назвай у Telegram зараз знайсці нельга).


Ксяндза Анджэя Бульчака завочна аштрафавалі на 960 рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Святар заявіў, што заплаціць, але Украіне.

Раней праз пагрозу пераследу Бульчак быў вымушаны пакінуць Беларусь. Позву ў суд ён атрымаў па Viber «у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс па ч. 2 арт. 19.11 КаАП».


Праходзяць масавыя ператрусы ў валанцёраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі

Падстава — нібыта «зліў дадзеных» ЧКБ і «Карателям Беларуси».

Паводле папярэдняй інфармацыі, у красавіку сілавікі затрымалі аднаго з валанцёраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і зараз прыходзяць па тых кантактах, што знайшлі ў яго запісной кніжцы.

Праваабаронцам паведамілі пра ператрусы ў Дзмітрыя Альшанікава, Таццяны Стрыжнёвай, Сяргея Чыга, Глеба Браіма, Аляксея Буцерава (Віцебск, ператрус быў на тыдні). Вядома, што ператрусы праходзяць і ў іншых людзей.


У Мінску затрыманы Яўген Сарока

ГУБАЗіК паведамляе, што яго затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту, аднак пасля атрымання доступу да яго тэлефона стала вядома, што Яўген нібыта «зліваў дадзеныя сілавікоў у экстрэмісцкія фармаванні».

Яму інкрымінаваны арт. 342 КК (ГУБАЗіК называе яго «ст. 342 УК Белоруссии») і яшчэ некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.


Віктара Бабарыку ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 10 сутак

Стала вядома, што палітвязень быў там з 1 па 11 траўня. Яму адмовілі ў сустрэчы з адвакатам 4 і 5 траўня, але 10 траўня яе ўсё ж дазволілі.


Палітвязня Ігара Букаса, асуджанага да 4 гадоў калоніі, перавялі на «турэмны» рэжым

Ігар Букас — жыхар Бабруйска, якога разам з палітзняволеным сынам Алегам Букасам асудзілі па артыкуле 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі).

Ігар і Алег былі затрыманыя 10 жніўня 2020 года. Непадалёк ад месца, дзе Букасы прыпаркавалі машыну, яны заўважылі іншае аўто і аўто ДАІ. Каля гэтых машын нейкая жанчына прасіла адпусціць кіроўцу. Старэйшы Букас вырашыў пацікавіцца, што адбываецца, і падыйшоў да супрацоўніка ДАІ. У выніку ён і яго сын былі гвалтоўна затрыманы. 27 лістапада 2020 года Ігару прысудзілі 4 гады калоніі, а Алегу — 2 гады калоніі.

Цяпер стала вядома, што Ігару ўзмацнілі рэжым перавялі ў «крытую» турму. Цяпер тэрмін палітвязень будзе адбываць у турме №1.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства