Тры месяцы арышту прысудзілі магілёўцу за тое, што зняў з сельскага дома культуры сцяг і схаваў яго ў гаражы
У Магілёўскім раённым судзе 22 красавіка да трох месяцаў арышту па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) асудзілі 39-гадовага мясцовага жыхара Ігара Шнэйдэрава. Справу разглядаў суддзя Максім Курпачэнка. Суд праходзіў у будынку МДУ імя Куляшова.
Згодна версіі абвінавачвання, у ноч з 6 па 7 сакавіка 2022 года Шнэйдэрава ў стане алкагольнага ап'янення дастаў з замацаванага на будынку сельскага дома культуры ў вёсцы Нікіцінічы ў Магілёўскай раёна трымальніка флагшток з дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь, пасля чаго стаў размахваць ім з боку ў бок. Далей Шнэйдэраў, выказваючы абразлівае стаўленне да сцяга, абгарнуў яго палатно вакол флагштока і аднёс у гараж.
Як паведамілі сведкі, перад дыскатэкай маладыя людзі выпівалі спіртное ў гаражы аднаго са сведак, Дзмітрыя Гашнікава, у вёсцы Сумарокава. Пасля гэтага вырашылі паехаць на дыскатэку ў Нікіцінічы. У 23:00 клуб зачыніўся і кампанія стала чакаць, калі за імі прыедзе дзяўчына аднаго з іх. У гэты час Шнэйдэраў залез на жалезную сметніцу і сарваў сцяг. Потым маладыя людзі вярнуліся ў гараж і працягнулі выпіваць. Сцяг Шнэйдэраў пакінуў у гаражы ў Гашнікава за непатрэбнасцю.
Прапажу сцяга раніцай выявіла дырэктар сельскага клуба і патэлефанавала ў міліцыю. Апазналі Шнэйдэрава па запісах відэакамеры. 7 сакавіка ён быў затрыманы.
На судзе мужчына раскаяўся ў зробленым і растлумачыў, што здзейсніў учынак пад уздзеяннем алкаголя.
Дзяржабвінавачванне запрасіла для Шнэйдэрава тры месяцы арышту. Менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя. Вядома, што абвінавачаны не абскарджваў прысуд, таму ён ужо ўступіў у сілу.