Затрыманні за татуіроўкі, ціск на палітзняволеных і адвакатаў: хроніка пераследу 9-10 траўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Працягваецца ціск на палітвязняў і адвакатаў, якія іх абараняюць
Дар’я Чульцова ў зняволенні ўжо 1,5 года. Да яе вызвалення засталося 4 месяцы, але родныя ўпэўнены – для яе гэты час будзе самым складаным, бо апошнімі тыднямі ціск на Дар'ю павялічыўся – зараз ёй увогуле не перадаюць лісты.
Нагадаем, 15 лістапада 2020 года Дар’ю затрымалі разам з журналісткай Кацярынай Андрэевай пасля стрыму з «Плошчы Перамен» і асудзілі па крымінальнаму арт. 342 да двух гадоў калоніі за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Застаецца толькі спадзявацца, што «блакада» лістоў, якую палітзняволенай учынілі ў калоніі, часовая, і хутка Даша ўсе ж атрымае лісты салідарнасці, якія ёй можна дасылаць па адрасе: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна,3. Чульцовай Дар’і Дзмітрыеўне.
Палітзняволены Эдуард Пальчыс правёў месяц у ШІЗА. Пра гэта паведамілі яго родныя.
Нагадаем, Пальчыса абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 130 “Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў”;
- арт. 293 “Арганізацыя масавых беспарадкаў”;
- арт. 342 “Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”;
- арт. 361 “Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.
17 снежня яму прысудзілі 13 гадоў калоніі.
Падтрымайце Эдуарда лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №1. 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Эдуарду Аляксандравічу Пальчысу
Генадзя Фядыніча - лідэра Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) - перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Вядома, што ў мужчыны праблемы са здароўем — з-за стрэсу ўзровень цукру ў крыві амаль не збіваецца інсулінам. Нагадаем, Генадзь быў затрыманы 19 красавіка падчас масавага «хапуна» ў прадстаўнікоў незалежных прафсаюзах.
Марыю Колесаву-Гудзіліну пазбавілі статусу адвакаткі. Пра гэта яна сама паведаміла ў сацсетках. Нагадаем, яна абараняла палітзняволенага Эдуарда Пальчыса, Дзмітрыя Папова і Яўгена Юшкевіча.
Адбываюцца чарговыя палітычныя затрыманні
У Брэсцкай вобласці затрымалі мужчыну, імя якога «Вясне» пакуль невядома. На «пакаяльным» відэа, якое на праўладным тэлеграм-канале размясціў ГУБАЗ, мужчына распавядае, што ён працуе вартаўніком, і што затрымалі яго за тое, што ён быў зарэгістраваны ў плане «Перамога», у сацсетках параўноўваў Лукашэнку з Гітлерам і размяшчаў іх фотаздымкі побач, а таксама быў падпісаны на тэлеграм-каналы, якія ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Дома ў мужчыны адбыўся ператрус, падчас якога знайшлі бчб-сцяг.
Паведамляецца, што затрыманаму прад'яўленыя абвінавачванні па крымінальных артыкулах 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», 361-4 «Садзейнічанне ў экстрэмісцкай дзейнасці» і 361-1 «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім». Дзе ён цяпер знаходзіцца, праваабаронцам невядома.
ГУБАЗіК затрымаў мінчука за сторыс у Instagram, у якім ён раскрытыкаваў святочны салют 9 траўня і на яго фоне крычаў «Слава Украіне» і «Пуцін *****». Як паведамляе ведамства, хлопца затрымалі за «абразу у сетцы Інстаграм Вялікага свята Перамогі». З ім запісалі пакаяннае відэа. Пост аб яго затрыманні суправадзілі хэштэгам #оскорбилсвятое, піша @vybory_smotri.
Напярэдадні 9 траўня ў Беларусі масава затрымлівалі за татуіроўкі з нацысцкай сімволікай
З кожным затрыманым ГУБАЗ наўмысна запісаў «пакаяльныя» відэа, на якіх напаўголых мужчын прымусілі паказваць татуіроўкі. Усе мужчыны - розных узростаў, з розных гарадоў. Іх прозвішчы на відэа не прагучалі. У нашым распараджэнні ёсць толькі іх фатаграфіі.
Гэтага мужчыну затрымалі ў Мінску. На відэа ён кажа, што зрабіў татуіроўкі яшчэ «па маладосці, так яны і засталіся». ГУБАЗ паведамляе, што за распаўсюд нацысцкай сімволікі яму давядзецца адбыць адміністрацыйны арышт.
Гэты затрыманы распавёў, што працуе ў ААТ «Мінскпрамбуд» СУ-21. У 2016 годзе стаў фанатам футбольнага клуба «Белшына-Бабруйск» і з гэтай нагоды зрабіў татуіроўкі на назе. Таксама на яго целе набітыя неафашысцкія руны, якія на камеру яго прымусілі паабяцаць звесці.
Тое ж самае прымусілі зрабіць і затрыманага за наколкі мужчыну з Гродзенскай вобласці. Ён таксама паабяцаў звесці татуіроўкі і папрасіў напрыканцы відэа прабачэння ў ветэранаў ВАВ.
Гэтага мужчыну затрымалі ў Гомельскай вобласці за татуіроўкі на целе ў выглядзе свастыкі, Гітлера і іншых сімвалаў нацызму.
У Брэсцкай вобласці мужчыну затрымалі за распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ў сацсетках і таксама татуіроўкі на целе.
Яшчэ адзін затрыманы на «пакаяльным» відэа распавёў, што яму 39 гадоў, працуе на МЗКЦ і раней таксама неаднаразова быў судзімы. Сваю татуіроўку ён паабяцаў звесці да канца мая.
Гэты мужчына з Гомельскай вобласці. Ён распавёў, што раней быў скінхэдам, а свае татуіроўкі набіў яшчэ ў дзяцінстве, калі быў непаўналетнім.
Яшчэ адзін затрыманы - з Гродзенскай вобласці. Таксама за татуіроўкі.
Гэты мужчына - з Мінска. Распавёў, што сваю татуіроўку таксама зрабіў у дзяцінстве, і што яго погляды і перакананні даўно змяніліся.
Гэтага мужчыну затрымалі ў Рэчыцы.
На “пакаяльным" відэа гэты затрыманы з Ліды распавёў, што раней прытрымліваўся неанацысцкай ідэалогіі, але цяпер свае погляды на яе змяніў.
Пра гэта мужчыну вядома толькі тое, што ён нарадзіўся ў 1979 годзе. Быў неаднаразова судзімы за рабаванне, крадзеж і хуліганства. Зараз знаходзіцца ў адным з ІЧУ краіны.
Калі вы пазналі каго-небудзь з затрыманых, калі ласка, дапамажыце "Вясне" даведацца падрабязнасці пра іх асобы, абставіны затрымання і цяперашняе месцазнаходжанне.