viasna on patreon

«Ён — чалавек-свята»: блізкія распавядаюць пра 19-гадовага палітвязня Антона Сіманенкава

2022 2022-05-06T15:18:03+0300 2022-05-06T15:56:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/simanenkau__1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19-гадовага Антона Сіманенкава затрымалі ў каледжы, куды ён прыйшоў здаваць пераддыпломны праект. З тых часоў два месяцы юнак знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, а ягоная вялікая сям'я і сябры чакаюць хлопца на волі.

Блізкія палітвязня распавялі «Вясне» пра ягонае захапленне праграмаваннем, любоў да сям'і і вандровак, а яшчэ — пра падтрымку, якая ратуе ўсіх у гэты няпросты час.

«Ён вельмі любіць сваю справу»

Пасля дзевяці класаў Антон паступіў у Мінскі каледж прадпрымальніцтва на факультэт праграмавання. Ён вучыўся на спецыяльнасці «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», захапляецца распрацоўкай на Python. Ён ставіўся да навучання вельмі адказна і ніколі не адмаўляў у дапамозе аднагрупнікам. Падчас працы над дыпломным праектам Антон стварыў мабільны дадатак, які дапамагаў бы людзям шукаць адно аднаго па лакацыі.

«Ён вельмі любіць сваю справу, — распавядае ягоная дзяўчына Ангеліна. Маладыя людзі сустракаюцца паўтара года. — Калі Антон чымсьці займаецца, ён будзе сядзець над гэтым да апошняга. Я памятаю, колькі нерваў ён выматаў сабе, пакуль начамі шукаў памылкі ў дадатку, штосьці выпраўляў і паляпшаў. Яму падабаецца ягоная спецыяльнасць, мяркую, менавіта з ёй ён звяжа сваё жыццё».

Пасля каледжа ён планаваў паступіць у БДУІР, як старэйшы брат, і далей асвойваць праграмаванне.

«Антон — чалавек-свята»

Акрамя таго, Антон — творчы чалавек. Ён скончыў музычную школу па класе баяна, удзельнічаў у конкурсах, а на выпускным іспыце граў паланэз Агінскага — паводле выкладчыка, за ўвесь ягоны 20-гадовы досвед Антон быў усяго толькі пятым вучнем, які асмеліўся ўзяцца за яго. Ужо ў падлеткавым узросце хлопец сам асвоіў гітару, мог навучыцца граць як Цоя, гэтак і «Месяцовую санату» Бетховена — на просьбу мамы.

«Я ўпэўненая, што ягоная творчая натура будзе выяўляцца на працягу ўсяго жыцця, — усміхаецца маці Антона Наталля. — Ён душа кампаніі, увесь час першым прапануе ўсялякія актыўнасці — напрыклад, дні народзінаў у фармаце квэсту, увесь час удзельнічае ў мерапрыемствах. Такі вось чалавек-свята. Але ў той жа час — ён вельмі дабрадушны: першым прыйдзе на дапамогу дзяўчыне на інвалідным вазку, якая не можа трапіць у аўтобус, падыдзе да чалавека, які ляжыць на абочыне». 

Ягоны сябар распавядае, што за час іх знаёмства таксама было вельмі шмат момантаў, калі Антон выказваў неабыякавасць да чужых просьбаў і праблем. Гэта пацвярджае і Ангеліна. «

Аднойчы мы пайшлі ў краму купіць што-небудзь на пікнік, — прыгадвае яна. — І Антон пабачыў акцыю дапамогі дзіцячаму дому. Тады ён сказаў: «Не, Ангеліна, спачатку мы возьмем прадуктаў ім, а потым ужо купім што-небудзь сабе». Я, памятаю, вельмі здзівілася тады, але з тых часоў Антон мне шмат што даў зразумець у жыцці, я пачала па-іншаму глядзець на некаторыя рэчы, асабліва пасля ягонага затрымання. Напрыклад, цяпер мы абмяркоўваем нашы канфлікты і здаецца, што мы сварыліся праз дробязі. Яшчэ ён ніколі не запытваў, ці патрэбная мне дапамога, — проста дапамагаў. Нягледзячы на тое, што яму ўсяго 19, ён думае вельмі глыбока. А яшчэ ён вельмі любіць і шануе сваю маму».

Пасля затрымання Антон пачаў маляваць і пісаць вершы. Родныя прызнаюцца, што нават для іх гэта было нечаканасцю.

simanenkau_2.jpg
Малюнкі Антона, якія ён дасылае Ангеліне

З 5 класа Антон наведваў турыстычны гурток, таму ён умее распаліць агонь, зарыентавацца ў лесе, за паўгадзіну паставіць намёт. Яшчэ ў школе ён хадзіў у мноства паходаў, потым працягнуў гэту традыцыю ў каледжы. Антон хоча аб'ехаць усю Беларусь: ён часта казаў маме, што ад прыгажосці роднай прыроды ў яго захоплівае дух, і ўвесь час скідаў ёй здымкі месцаў, дзе пабываў.

Адна з самых запамінальных для Антона паездак — вандроўка на Крэйдавыя кар'еры, куды ён адправіўся з Ангелінай.

simanenkau__17.jpg
Антон з Ангелінай

«Гэта была дзіўная спантанная паездка, — узгадвае дзяўчына. — Мы проста селі ў маршрутку і паехалі, цікавячыся ў людзей дарогай, падглядваючы ў навігатар. Потым у нас так балелі ногі, але эмоцыі былі невымоўныя! Нядаўна ў лісце ён пісаў, што ніколі не забудзецца на моманты нашых сумесных вандровак».

Але паездка мары ў маладых людзей яшчэ наперадзе. Яны хочуць пабываць на Балі: Антон шмат чытаў пра геаграфію, лад жыцця мясцовых жыхароў, а нядаўна прысніў, як яны з дзяўчынай шпацыруюць там.

«Як дзіўна ў гэтых сценах ідзе час»

1 сакавіка 2022 года Антона затрымалі проста ў каледжы, дзе ў яго была пераддыпломная абарона праекта. Спачатку Антона згубілі і выкладчык, і дзяўчына, і мама, а потым ён прыйшоў дадому ў суправаджэнні трох людзей у чорным.

«Мне паказалі пасведчанні і сказалі, што сына абвінавачваюць у крымінальным злачынстве, — успамінае Наталля. — Я не разумела, што адбываецца: ён што, кагосьці забіў ці штосьці скраў? У мяне быў шок. Антон маўчаў — стаяў увесь белы, як сцяна, і я не разумела, што сказаць. Яны забралі аргтэхніку. Але ж падчас пратэстаў яму было 17 гадоў!»

Пасля гэтага родныя да вечара не разумелі, дзе знаходзіцца Антон, а калі дазналіся, што ён на Акрэсціна, перадачу для яго там не прынялі. 10 дзён палітвязень прабыў там у жудасных умовах: па чарзе спаў і сядзеў на драўляных нарах у душнай камеры, дзе замест належных чатырох чалавек было 11-12. На 12-я суткі яго перавялі на Валадарскага і выставілі абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Больш ніякай інфармацыі родныя палітвязня не маюць: адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. 

«Нас пужае невядомасць, — кажа маці палітвязня. — Мы не ведаем, колькі будзе доўжыцца следства, калі будзе суд. Хай бы ён ужо прайшоў: так у нас хаця б быў пункт зваротнага адліку. Я разумею, што адбываецца з маім сынам, толькі дзякуючы лістам, але яны вельмі дрэнна даходзяць: з 30 лістоў, якія сын напісаў мне, я атрымала толькі пяць.

У апошнім з іх мяне ўразіла, як пачаў разважаць мой сын, які заўсёды ставіўся да ўсяго з лёгкасцю. Ён піша: «Як дзіўна ў гэтых сценах ідзе час. Для нас з табой, мама, сучаснасць — гэта толькі ілюзія. Я адпраўляю табе ліст у будучыню, а атрымліваю ад цябе з мінулага. У нейкай ступені гэта не проста дзіўна, але і пужае». Я не магу чытаць гэта без слёз. Яшчэ ў лістах ён просіць у мяне прабачэння, але мне няма за што яму дараваць: тады ён меркаваў, што ўсё робіць слушна».

simanenkau_1.jpg
Лісты, якія Антон дасылае маці

«Не забывайся, чый ты сын»

«Антон — маё першае і апошняе каханне, і які б расклад ні быў, у кожным разе я буду яго чакаць. Гэта мой чалавек, — упэўненая Ангеліна. — Раней Антон казаў, што перад тым, як ствараць сям'ю, трэба стаць на ногі, а зараз ужо намякае на вяселле. Нашы бацькі пазнаёміліся толькі пасля ягонага затрымання, але цяпер вельмі падтрымліваюць адно аднаго. Калі я даслала яму іх супольную фатаграфію, ён не мог паверыць, але цяпер ужо просіць, каб я клала ў перадачку пабольш пірагоў маёй мамы».

simanenkau__12.jpg
Антон і Ангеліна

«Бяда згуртавала нас усіх, — пацвярджае Наталля. — Маці Ангеліны кажа, што мы —адна вялікая сям'я. За яго перажываюць бабуля з дзядулем, увесь час пытаюцца: «Дзе наш памочнічак?» З некалькіх унукаў ён заўжды першы бег дапамагаць ім: ускапаць гарод, паглядзець дом.

Цяпер Антон піша, што з ім у камеры сядзяць добразычлівыя людзі, якія падтрымліваюць яго, калі апускаюцца рукі, — кажа мама палітвязня. — Ён піша мне: «Не перажывай, тут няма той крымінальшчыны, якую ты сабе намалявала». 

simanenkau__2.jpg
Антон у коле сям'і

Але дні цягнуцца манатонна, таму Антон знайшоў сабе заняткі, якія аблягчаюць шэрыя будні: ён займаецца спортам, працягвае вучыць ангельскую, чытае кнігі, складае вершы і малюе — гэтаму яго вучыць адзін з сукамернікаў, які скончыў школу мастацтваў.

«Ён дужы фізічна хлопец, таму я ўпэўненая, што ён пераадолее гэтыя выпрабаванні, — кажа Наталля. — Але ў замкнёных сценах яму вельмі цяжка эмацыйна, таму мне хацелася б, каб яго падтрымалі лістамі: хай нават дойдзе адзін з дзесяці для яго будзе важна не пачувацца ізгоем, адарваным ад грамадства.

У лістах у Антона бывае розны настрой. Ён кажа, што вельмі любіць мяне, што разам мы ўсяму дамо рады і спраўдзім усе нашы планы. Але я мама, таму адчуваю, калі ў яго з'яўляюцца ноткі суму. Часам пішу яму не толькі словы любові, але і выразы ў духу: «Не смей здавацца, не забывай, чый ты сын!» Я выгадавала іх з братам адна, і мае слёзы яны бачылі толькі аднойчы, праз што вельмі спужаліся: калі я засталася адна з гэтымі маленькімі дзецьмі на руках. Думаю, сваім прыкладам і сілай свайго характару я выхавала ў іх якасці мэтанакіраванасці, умення зарабіць грошы. І пачуццё справядлівасці ў іх з братам проста ў крыві. Я радая, што ў мяне атрымаліся такія цудоўныя дзеці».

Падтрымаць Антона лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і пасылкамі можна па адрасе: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Антон Паўлавіч Сіманенкаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства