viasna on patreon

У Мінску пачалі судзіць затрыманага за "падрыхтоўку тэрактаў" на леташні Дзень Волі ў Мінску і Печах

2022 2022-05-06T12:19:07+0300 2022-05-06T13:43:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maleichuk_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў Мінскім абласным судзе пачалі судзіць 36-гадовага ўраджэнца Піншчыны Вячаслава Малейчука па "факце арганізацыі 25 сакавіка 2021 актаў тэрарызму ў гарадах Барысаве і Мінск". Яго абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 14 і ч. 1 і 3 арт. 289 (замах на акт тэрарызму групай асобаў), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанне гаручых рэчываў). Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. 

maleichuk_9.jpeg
Вячаслаў Малейчук. Скрын з відэа аператыўнай здымкі

Нагадаем, 26 сакавіка 2021 года МУС заявіла, што прадухіліла тэракты ў Чыжоўцы і ў вайсковай частцы ў Печах. На відэа паказалі Малейчука, які казаў, што атрымаў загад ад кагосьці з "BYPOL". Са словаў Вячаслава на відэа вынікае, што ў яго быў саўдзельнік Яўген, але сёння судзяць аднаго Малейчука.

Адразу ж пасля затрымання Малейчук расказвае на камеру пра тое, што мэтай "тэракта" было "выражэнне грамадзянскай пазіцыі". Блізкія мужчыны звярнулі ўвагу "Еўрарадыё" на нехарактэрныя для яго сухія пратакольныя словы і выразы: "произвести взрыв", "изделие", "транспортное средство", "остановочный пункт". А калі аператыўнік пытае яго пра мэту, Малейчук няўпэўнена адказвае: "Ну, напэўна, дэстабілізацыі…" На следчым эксперыменце Малейчуку зноў задаюць пытанні, і ён зноў часта адказвае казённымі фармулёўкамі.

Вядома, што крымінальную справу супраць Малейчука расследвала следчае упраўленне КДБ. Справу ўзбудзіла Генеральная пракуратура. Фігурантамі гэтай справы з'яўляецца не толькі Малейчук, а таксама ўдзельнікі ініцыятывы "BYPOL".

"Устаноўлена, што да супрацьпраўнай дзейнасці названай незарэгістраванай арганізацыі датычныя Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, а таксама 15 грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой.

У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе па ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 КК Беларусі (акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай) прыцягнуты 18 асобаў. Фігуранты абвешчаныя ў міжнародны вышук", — заяўляў КДБ 2 красавіка мінулага году.

Пасля затрымання КДБ унёс Вячаслава і астатніх фігурантаў гэтай справы ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Чым скончылася следства і як праходзіць суд невядома, бо яго адразу зрабілі закрытым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства