viasna on patreon

Блізкія пра палітзняволеную Веру Цвікевіч: «Яна дагэтуль не можа паверыць, што ўсё гэта рэальнасць»

2022 2022-05-05T12:26:50+0300 2022-05-05T13:00:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cvikevich1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вера Цвікевіч

Вера Цвікевіч

Веру Цвікевіч затрымалі сёлета 27 студзеня — амаль праз паўтара года пасля выбараў-2020. Дзяўчыне 29 гадоў, яна грамадзянка Расіі з беларускім відам на жыхарства, і ўжо тры месяцы яна знаходзіцца за кратамі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

У жніўні 2020-га дзяўчына стала знакамітай: здымак, дзе яна падчас мірнага маршу ў прыгожай чырвонай сукенцы і з кветкамі ў руках сядзіць на металічнай агароджы ля стэлы «Мінск — горад-герой», якую ахоўваюць сілавікі ў касках, трапіў на вокладку беларускай «Камсамолкі».

Той самы здымак Веры на вокладцы газеты
Той самы здымак Веры на вокладцы газеты

Тое самае фота, дарэчы, зрабіў не беларускі фатограф, а дасланы пасля пачатку «праблем» у рэдакцыі беларускай «Камсамольскай праўды» ваенкар маскоўскай «Камсамолкі» Аляксандр Коц. Нагадаем, за асвятленне акцый пратэсту «Камсамольскую праўду ў Беларусі» спачатку перасталі друкаваць у беларускіх друкарнях, потым спрабавалі «нармалізаваць» за кошт новых рэдактараў і журналістаў з Расіі, а потым наогул закрылі. Дагэтуль за кратамі знаходзіцца журналіст гэтай газеты Генадзь Мажэйка, які таксама прызнаны палітвязнем. Яго затрымалі за артыкул пра забітага Андрэя Зельцэра, які смяротна параніў байца падраздзялення «Альфа» Дзмітрыя Федасюка, што ўварваўся разам з іншымі сілавікамі ў ягоны дом з ператрусам. Паводле абвінавачвання ў распальванні нянавісці (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) Генадзя Мажэйку ўтрымліваюць за кратамі ўжо 7 месяцаў.

«Адразу падумала пра гэты здымак у газеце»

Афіцыйна Веру Цвікевіч затрымалі праз падазрэнне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 КК).

Родны чалавек Веры, які просіць не называць яго ў мэтах бяспекі, распавядае, што дзяўчыну затрымалі пасля таго, як яна выйшла на працу ў ЦУМ, куды напярэдадні ўладкавалася на пасаду кансультанткі. Далей з ёй проста знікла сувязь. Праз некалькі гадзін родным Веры патэлефанавалі і паведамілі, што яна затрыманая паводле арт. 342 КК.

Вось як пра той дзень BBC News распавядала родная сястра Веры:

«Было 15:30. Патэлефанаваў мужчына і сказаў, што сястру затрымалі паводле крымінальнага артыкулу. Сказаў, што яе накіруюць у ізалятар на вуліцы Акрэсціна на 10 сутак (калі тэлефанавалі, яна была яшчэ не там). І я спалохалася, таму што не ведала, што гэта за артыкул, і мне не хацелі яго расшыфраваць. Праз хвіліну ператэлефанавалі. Я пачула на заднім фоне голас сястры. Яна прасіла, каб я патэлефанавала бабулі, і казала, што ў яе ўсё добра. І гэта ўсё. Я прачытала артыкул 342 КК, адразу падумала пра гэты здымак у газеце».

У той жа дзень на праўладным тэлеграм-канале, які вядзе ГУБАЗ, з Верай з'явілася «пакаяльнае» відэа, на якім дзяўчына вельмі блытана, са спалоханым выразам твару і ў відавочна прыгнечаным стане распавядае, што ў жніўні 2020 года яна «ўдзельнічала ў счэпках на праезнай частцы».

Скрыншот з "пакаяльнага" відэа
Скрыншот з "пакаяльнага" відэа

«У сваіх дзеяннях я цалкам раскайваюся і ўсім людзям раю не браць больш удзелу ў такіх мерапрыемствах», — гаварыла завучанымі фразамі Вера на тым відэа. Дзяўчына так хвалявалася, што доўга не магла вымавіць слова «несанкцыянаваны». Пасля відэа рэзка абрываецца. Як мяркуюць ейныя родныя, у гэты момант у яе або здарыўся зрыў і яна проста зарыдала, або ж сказала тое, чаго, на думку сілавікоў, затрыманая казаць не павінна.

Ад блізкіх дзяўчыны мы дазналіся, што яна мае праблемы з нервовай сістэмай: Веры ўвесь час трэба прымаць антыдэпрэсанты і ў яе здараюцца панічныя атакі.

«Яна ўсё блізка прымае да сэрца, перажывае за іншых. Любіць жывёл, дапамагае бяздомным. Дома застаўся стары сабака, цяпер за ёй прыглядае сябар», — распавядала «Дождю» сястра дзяўчыны.

«Марыла пераехаць у Беларусь назаўжды»

Разгадкай наконт галоўнай прычыны затрымання Веры зрабіўся кадр, які сілавікі ўставілі ў канцы «пакаяльнага» відэа з дзяўчынай. На ім Веру груба ўмантавалі ў шэраг з іншымі дзяўчынамі, твары якіх былі закрытыя сумнымі смайламі. Пазней ГУБАЗ працягнуў іх твары «адкрываць». Адной з дзяўчын на тым самым фота аказалася палітзняволеная Наста Кухарава, пра якую мы ўжо расказвалі. Яе таксама затрымалі ў канцы студзеня, і яна таксама знаходзіцца на Валадарцы.

Кадр, які ГУБАЗ паказаў у якасці доказу віны Веры Цвікевіч
Кадр, які ГУБАЗ паказаў у якасці доказу віны Веры Цвікевіч

Паводле родных Веры, у студзені яна збірала пакет дакументаў для падаўжэння віду на жыхарства. Здала адбіткі пальцаў, новыя фота, запоўніла ўсе фармуляры і атрымала дакумент. А пасля гэтага яе затрымалі. Блізкія палітзняволенай думаюць, што на Веру выйшлі менавіта пасля праверкі дакументаў з нагоды беларускага віду на жыхарства.

Да 2014 года Вера Цвікевіч жыла ў расійскім Мурманску. Беларусь — радзіма ейных дзядулі і бабулі. Тут жа нарадзіўся і ейны бацька. Пазней сям'я з'ехала ў Мурманск, дзе дзядуля Веры хадзіў у моры. Там жа вырас і бацька дзяўчыны, і яна сама.

Выйдучы на пенсію, бабуля і дзядуля вярнуліся ў Беларусь і пасялілася пад Слонімам. Маленькая Вера бавіла ў іх кожнае лета і марыла, што аднойчы, калі вырасце, пераедзе ў Беларусь назаўжды.

Так і зрабіла. У 2014 годзе дзяўчына пераехала ў Мінск. Да гэтага моманту ў Расіі яна ўжо адвучылася на культуролага ў Мурманскім дзяржаўным гуманітарным універсітэце. А ўжо ў Беларусі запісалася на курсы акцёрскага майстэрства і скончыла іх. Вера з дзяцінства марыла зрабіцца акторкай, і ў Беларусі яе мара спраўдзілася — неўзабаве яе прынялі ў Слонімскі тэатр, дзе яна грала ў некалькіх спектаклях. Туды ж, у Слонім, дзяўчына і перабралася жыць.

Вера на сцэне тэатра
Вера на сцэне тэатра

«Нейкі злы рок. Адной з пастановак, у якой была занятая Вера, стала ваенная драма паводле п'есы Аляксея Дударава «Не пакідай мяне». Гэта сумная, але, разам з тым, светлая балада пра каханне, вайну, пачуцці абавязку і гонару. Пра жорсткія ахвяры ў імя Радзімы і чалавечыя каштоўнасці. Гэты спектакль — рэквіем па жыцці і мары пра каханне, пра тое, як 16-17-гадовыя дзяўчынкі на фронце выконваюць заданне цаной свайго жыцця, прыносячы тым самым нашым войскам перамогу. Дзеянне п'есы адбываецца ў 1944 годзе — падчас пачатку Беларускай наступальнай аперацыі», — распавядае былы калега Веры па тэатры.

Ён адзначае, што дзяўчына не хацела спыняцца на дасягнутым: яна імкнулася развівацца. Таму звольнілася з тэатра ў 2019 годзе і паступіла ў Мінск на «акцёрскі», але, як і шмат якія студэнты ў 2020-м, не жадаючы мірыцца з «палітычнай пазіцыяй навучальнай установы», забрала адтуль свае дакументы.

Вера вельмі любіць жывёлаў
Вера вельмі любіць жывёлаў

Родныя дзяўчыны ведалі, што Вера глыбока перажывалі за лёс Беларусі. Але прызнаюцца, што не маглі толкам зразумець, за што менавіта дзяўчыну затрымалі. І чаму паводле 342-га артыкулу, які прадугледжвае «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»? Бо раней усіх затрымлівалі паводле арт. 23.34 — гэта адміністрацыйны артыкул за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. А тут — ужо крымінальны. Да таго ж праз больш як год пасля тых падзей у краіне. Да гэтага, паводле родных, ніякіх прэтэнзій беларускія праваахоўнікі Веры не выказвалі. Адзіным намёкам на сутнасць таго, што адбылося, для іх была тая самая фатаграфія ў «Камсамолцы».

«Адно фота і адзін суд на дваіх»

Тады, у студзені, на навіну пра затрыманне Веры адрэагаваў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў:

«Іх 457 [затрыманых у Беларусі]. Яна, значыць, будзе 458-й. Мы, вядома, будзем цікавіцца ейным лёсам, як мы гэта робім у любой іншай краіне. Тут ёсць пытанні, якія патрабуюць вельмі шчыльнага ўзаемадзеяння праваахоўнікаў. Не хачу пра іх цяпер публічна казаць. Але пытанні такія існуюць. І вельмі важна, каб яны вырашаліся па-саюзніцку, па-братэрску. Мы будзем гэтую лінію праводзіць увесь час».

Сястра затрыманай у тыя дні расказала журналістам, што ў пятніцу (на наступны дзень пасля затрымання Веры) ёй патэлефанавалі з ведамства, спыталі толькі пра тое, ці нанялі Веры адваката.

Кантракт з адвакатам родныя дзяўчыны склалі амаль адразу ж пасля яе затрымання. Яны ж мяркуюць, што Веру прымусілі сказаць пароль ад тэлефона, а потым залезлі ва ўсё ейныя сацсеткі і адшукалі ўсю патрэбную ім інфармацыю. Праз нейкі час пасля затрымання дзяўчыны паролі ў ейных сацсетках былі змененыя. Зрабіць гэта маглі толькі сілавікі.

Вось як у тыя дні сітуацыю з затрыманнем Веры каментаваў сябар Савета па правах чалавека пры прэзідэнце РФ Мікалай Сванідзэ:

 «Дай бог, калі МЗС працуе. <…> Але людзі там працягваюць сядзець. <…> Я не ведаю, хто павінен на гэта рэагаваць. У прынцыпе расійская ўлада павінна рэагаваць, таму што калі хтосьці апыняецца за кратамі ў Амерыцы ці дзесьці ў краінах капіталаў, скажам так, то рэакцыя вельмі рэзкая і эмацыйная, а тут такая асцярожненькая і моцна па датычнай».

Вера Цвікевіч
Вера Цвікевіч

Што цяпер з Верай і ў якім яна стане? Праваабаронцам дакладна вядома, што дзяўчына атрымлівае перадачы. Да Веры даходзяць лісты, хоць і не ўсё, з ёй працуе адвакат… І хоць за гэты час у яе трошкі атрымалася супакоіцца, яна дагэтуль не разумее, за што яна сядзіць за кратамі, і не можа паверыць, што ўсё гэта адбывацца насамрэч. Бо яна нікога ні да чаго не заклікала.

Вядома таксама, што стрыечная бабуля Веры з Мінска і ейны знаёмы нават падрыхтавалі асабістыя даручальніцтвы на імя следчага з просьбай змяніць ёй меру стрымання са знаходжання пад вартай на любую іншую. Але Вера дагэтуль на Валадарцы. Хлопец дзяўчыны распавёў, што яна не прызнае сваёй віны, а праз тое, што «хімія» для грамадзян Расіі не прадугледжаная, ёсць велізарная імавернасць, што пасля суда, у выпадку прызнання яе вінаватай, Вера можа апынуцца ў калоніі.

Сёння, 5 траўня, у Веры Цвікевіч і Насты Кухаравай адбудзецца суд. Так выйшла, што ў абедзвюх палітзняволеных дзяўчын адно фота на дваіх і адзін суд на дваіх. Абедзвюм выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжанае ў выглядзе штрафу, ці арышту, ці абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

Справу Веры Цвікевіч і Насты Кухаравай разгледзіць суддзя Вольга Малашэнка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. «Вясна» будзе сачыць за развіццём падзей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства