"Вас пачулі 20 студзеня. І чаго вы дамагліся сваімі дзеяннямі?" Як судзілі рыцара акцый пратэсту
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 15 красавіка вынес прысуд 34-гадоваму Аляксандру Пашкевічу, якога абвінавацілі ў арганізацыі або падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Наталля Бугук, дзяржабвінаваўца — Аксана Дудко.
Аляксандр Пашкевіч быў затрыманы 20 студзеня 2022 года, пад вартай у СІЗА №1 Мінска — з 27 студзеня. Да затрымання працаваў слесарам па метале ў ОАО “Рубтэх”.
Па матэрыялах абвінавачання, Аляксандр Пашкевіч днём 27 верасня 2020 года прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, спалучаных з непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і пацягнуўшых парушэнне працы грамадскага транспарту і прадпрыемстваў. Далучыўшыся да групы грамадзян і выкарыстоўваючы ў якасці плашча сцяг бел-чырвона-белага колеру, карону, шчыт і меч з кардону, стаяў і рухаўся па праезнай частцы дарогі на перасячэннях вуліц Багдановіча і Харужай, па праспекце Пераможцаў, у розных месцах блакаваў праезную частку, замінаў працы грамадскага транспарта КТУП "Мінсктранс”. З-за дзеянняў быў спынены рух больш за дзесяці аўтобусных і тралейбусных маршрутаў.
Сваю віну Пашкевіч прызнаў, у здзейсненым раскайваецца.
Абвінаваўца кажа, што віна пацвярджаецца часткова паказаннямі абвінавачанага, а таксама пісьмовымі матэрыяламі дадзенымі ім падчас папярэдняга следства, а таксама пісьмовымі матэрыяламі крымінальнай справы.
У судовым пасяджэнні 14 красавіка Пашкевіч патлумачыў, што даведаўся пра мерапрыемства з інтэрнэту. 27 верасня выйшаў з дому ў Вялікім Трасцянцы, пешшу дайшоў да станцыі метро “Магілёўская” і даехаў да станцыі “Першамайская”, паколькі цягнікі далей не хадзілі. Затым дабраўся да Нямігі, дзе ўбачыў шмат людзей.
— У мяне на галаве была карона, быў плашч у выглядзе бел-чырвона-белага сцяга, яшчэ быў кардонны меч і шчыт з Пагоняй. На мячы – надпіс “Салідарнасць” … Злых намераў у мяне не было. Я выходзіў з мэтай выступіць супраць гвалту, які здзяйсняўся супрацоўнікамі… Такіх як я было шмат… — казаў абвінавачаны пад час допыту.
— Колькі? — спытаўся суддзя.
— Тысячы. Дзесяткі тысяч, я думаю.
— Вас пачулі 20 студзеня. І чаго вы дамагліся сваімі дзеяннямі? — перапытвала абвінавачанага суддзя.
Пад час вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы агучаны тэкст з “пакаяльнага відэа” з Пашкевічам, які мае зневажальны змест:
"Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі неверагоднага ліцвіна, які ў жніўні мінулага года скакаў па вуліцах Менска з кардонным мячом у руках і лямантаваў "Жыве белы гусь". Зараз затрыманы і дае прызнальныя паказанні... Хай пасядзіць гэты герой на жэрдцы 30 дзён у ІЧУ і падумае над далейшым сваім лёсам".
Пракуратура Мінска накіравала ў суд іскавую заяву аб спагнанні з Пашкевіча нанесенай шкоды ў карысць камунальнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства "Мінсктранс" ў памеры 33761,63 рублёў. Копію іскавай заявы ўручылі абвінавачанаму.
Дзяржабвінаваўца прапанавала суду прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады. Грамадзянскі пазоў прадпрыемства “Мінсктранс” задаволіць у поўным аб'ёме.
У апошнім слове абвінавачаны прасіў суд даць яму шанц на выпраўленне, не пазбаўляць волі.
Аднак суд пастанавіў прызнаць Аляксандра Пашкевіча вінаватым і прызначыў яму пакаранне, запрошанае пракурорам: тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”). Да прызначэння ўмоў адбыцця пакарання, ён вызвалены з-пад арышту.
Суд таксама прызнаў права на задавальненне грамадзянскага пазову ў інтарэсах КУП “Мінсктранс” да абвінавачанага аб спагнанні матэрыяльнай шкоды і перадаць пытанне аб яе памеры на разгляд у парадку грамадзянскай судавытворчасці.