Суд над абвінавачаным у падпале сістэм збору аплаты «БелТолл» зрабілі закрытым
У судзе Барысаўскага раёна 19 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Іллі Трубіна. Яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 289 - акт тэрарызму; ч.2 арт 289 - акт тэрарызму, здзейснены паўторна; ч.2 арт.295 - незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; ч.1 арт. 295 -1 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанне гаручых рэчываў.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Крывела.
Паводле звестак следства, 34-гадовы жыхар Барысава ўчыніў падпалы двух парталаў сістэмы збору платы за праезд па дарогах «БелТолл» у Барысаўскім раёне. Пра затрыманне Трубіна стала вядома ў жніўні 2021 года. Яго да суда змясцілі пад варту.
"Абвінавачаны мэтанакіравана рыхтаваўся да здзяйснення злачынстваў. Ён загадзя нарыхтаваў бутэлькі з бензінам, выкарыстаў розныя меры канспірацыі, перасоўваўся на чужым транспарце і ў начны час. Маршрут выбіраў такім чынам, каб пазбегнуць буйных аўтадарог і не патрапіць у поле зроку відэакамер. Па месцы жыхарства абвінавачанага выяўленыя кактэйлі Молатава, боепрыпасы, БЧБ сімволіка і іншыя атрыбуты," - паведамляе Следчы камітэт.
"У пачатку снежня 2020 года на трасе М1 каля вёскі Прыяміна Барысаўскага раёна мужчына падпаліў апаратны кантэйнер станцыі электроннага збору платы за праезд транспартных сродкаў. У студзені — "рамку“ каля вёскі Ухалода», — паведамляў МУС.
Нанесеная шкода папярэдне склала 450 тысяч рублёў.
Ілля Трубін раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. У сваёй матывацыі абвінавачаны, як устаноўлена следствам, кіраваўся заклікамі розных дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў аб нанясенні шкоды дзяржаўнай інфраструктуры.
На першым судовым пасяджэнні па прапанове абвінавачання працэс зрабілі закрытым.