Мінчука асудзілі да 10 гадоў калоніі за спробу падпалу лецішча старшыні Вярхоўнага суда
У Мінскім абласным судзе напрыканцы сакавіка па ч.1 арт. 14 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (замах на акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў па папярэдняй змове) асудзілі ў закрытым рэжыме 39-гадовага мінчука Аляксандра Зайцава. Яго абвінавацілі ў спробе падпалу лецішча старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. Суддзя Сяргей Епіхаў пакараў Аляксандра Зайцава 10 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Вядома, што Зайцаў затрымліваўся ў лістападзе 2020 года на акцыях пратэсту. Яго судзілі па "народным артыкуде" 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, цяпер 24.23 КаАП). У межах крымінальнай справы Аляксандр быў затрыманы 22 жніўня 2021 года каля лецішча старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы за спробу падпалу. Яго дзеянні кваліфікавалі як акт тэрарызму.
"Абвінавачаны не змог давесці свой намер да канца, паколькі супрацоўнікі праваахоўных органаў своечасова спынілі супрацьпраўныя дзеянні, чым забяспечылі грамадскую бяспеку", — гаворыцца ў абвінавачванні.
Зайцаў утрымліваўся да суда ў СІЗА-1 восем месяцаў.
Суд цягнуўся каля трох тыдняў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. Вядома толькі, што пакаранне ў выглядзе 10 гадоў калоніі запрашвала на судзе дзяржабвінавачванне. Менавіта такі тэрмін і прызначыў суддзя Епіхаў.