Тры гады «хіміі» — за ўдзел у самым вялікім Маршы ў гісторыі Беларусі
Суд Заводскага раёна Мінска 11 красавіка асудзіў да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хіміі») 29-гадовую палітзняволеную Лідзію Новік. Дзяўчыну абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у самай вялікай акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі — «Маршы за свабоду» 16 жніўня 2020 году.
Лідзію Новік затрымалі 3 студзеня гэтага года. Супраць яе ўзбудзілі справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Лідзію ідэнтыфікавалі па фота з «Марша за свабоду» ад 16 жніўня 2020 году.
Пасля затрымання з дзяўчынай запісалі «пакаяльнае відэа», якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На відэа Лідзія кажа, што выйшла на мітынг «проста паглядзець». Яе змясцілі пад варту ў СІЗА-1, дзе да суда ўтрымлівалі тры месяцы.
У выніку суддзя Заводскага раёна Мінска Алег Каляда асудзіў палітзняволеную да трох гадоў «хіміі». Яе вызвалілі ў зале суда да накіравання ў папраўчую ўстанову.