Мінчуку прысудзілі тры гады "хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту
Суд Маскоўскага раёна Мінска 12 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе 25-гадовага палітвязня Васіля Цяленчанкі, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Сяргей Кацэр.
Васіль Цяленчанка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 8 снежня 2021 года і да суда змешчаны ў СІЗА №1 Мінска.
Праваабаронцам пакуль вядома толькі тое, што Цяленчанку абвінавачваюць ў актыўным удзеле ў масавых акцыях пратэсту восенню 2020 года.
У сваім апошнім слове ў судзе Васіль Цяленчанка казаў аб тым, што ўвесь час знаходжання пад вартай марыў вярнуцца да сваёй дзяўчыны, да сям’і, вярнуцца да працы, якая для яго важная.
“Быў час падумаць, каб выправіць свае памылкі. Гэта самы цяжкі этап у маім жыцці. Я супрацоўнічаў са следствам і таму прашу суд дазволіць мне вярнуцца да нармальнага жыцця і прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем мяне волі”, - прасіў палітвязень на судзе.
Абвінавачанне запрасіла для Цяленчанкі тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").
Суддзя Сяргей Кацэр вынес менавіта такое пакаранне.