Дачка палітзняволенай Кацярыны Халавурт: «Нават цяпер мама падбадзёрвае нас»
Кандытара Кацярыну Халавурт затрымалі крыху больш за месяц таму на вачах у 8-гадовай дачкі. Жанчына працавала ў кавярні недалёка ад Плошчы пераменаў, а год таму атрымала штраф у 15 базавых велічынь (на той момант – 405 рублёў) за ўдзел у Гордым жаночым маршы прафесій. Ён прайшоў 24 кастрычніка 2020 года напярэдадні ультыматуму, выстаўленага Святланай Ціханоўскай.
У лютым гэтага года Кацярыну затрымалі і абвінавацілі ўжо паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, ёй пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. «Вясна» паразмаўляла з дачкой палітзняволенай Вольгай аб характары мамы і яе захапленнях.
– Мама вельмі спагадны і добры чалавек, але разам з тым – баявы, – распавядае Вольга. – Нават цяпер яна не падае духам і падтрымлівае сям'ю з СІЗА: на спатканнях, на якія нам удалося трапіць з бабуляй, яна была ў добрым настроі і падбадзёрвала нас. У лістах, якія мы атрымліваем, мама піша, што нягледзячы ні на што, яна побач з намі, а гэта проста такі цяжкі перыяд, які трэба перажыць для нашага добрага далейшага жыцця. Яна ўпэўненая ў сваіх каштоўнасцях.
Цяжэй за ўсё затрыманне Кацярыны ўспрыняла яе малодшая дачка – 8-гадовая Лэйла, якая вельмі прывязаная да мамы. Пасля яе затрымання на вачах дзіцяці ў дзяўчынкі здарылася гістэрыка.
– Я ўпэўненая, што яны затрымлівалі маму з непахвальнымі словамі пры сястры, – кажа Вольга. – Лэйла вельмі цяжка перажыла гэта, але цяпер ужо ачуняла. Увесь гэты час мы стараліся быць побач, клапаціцца пра яе. Яшчэ яна займалася са школьным псіхолагам. Цяпер мы жывем з ёй удваіх, першы час было цяжка падтрымліваць яе, калі самой хацелася плакаць, але цяпер мы спраўляемся: мы з сястрой у вельмі блізкіх адносінах.
Ліст Лэйлы – адзін з некалькіх, якія дайшлі Кацярыне за ўвесь гэты час, хоць Вольга ведае, што ёй пішуць многія. Ад самой дзяўчыны маме не дайшло ніводнага ліста, хоць лісты ад Кацярыны прыходзяць рэгулярна і хутка – ад іх напісання да атрымання праходзіць дзень-два. Зараз Вольга вучыцца на завочным і працуе: па будных -– на сваёй працы, па выходных – на мамінай.
– Да затрымання мама працавала ў французскай пякарні, – распавядае Вольга. – У яе абавязкі ўваходзіла быць і пекарам, і барыстай, а часам – і касірам. У яе эканамічная адукацыя, раней яна працавала мэнэджэрам па продажах, але пасля нараджэння Лэйлы ёй захацелася памяняць нешта ў жыцці, і яна знайшла справу, якая прыносіць ёй задавальненне.
Зараз калегі Кацярыны падтрымліваюць яе сям'ю і перажываюць за жанчыну, а наведвальнікі пякарні цікавяцца, калі можна будзе зноў купіць фірмовае пірожнае «Картошка», інгрэдыенты якога не ведае нават Вольга. Хоць, калі Кацярына займалася выпечкай і рабіла тарты на заказ, дачка часам дапамагала ёй. Яшчэ яны любілі гуляць разам, калі не было шмат працы.
– Яшчэ з дзяцінства я памятаю, што мама заўсёды была побач са мной, – успамінае дзяўчына. – Я расла без бацькі, але ніколі ні ў чым не мела патрэбы: мама заўсёды гарой стаяла за сваю сям'ю.
Цяпер уся сям'я стараецца падтрымліваць Кацярыну, пісаць лісты і класці ў перадачы яе любімыя цукеркі «Труфель».
Яшчэ там маме чамусьці захацелася сялёдкі, – усміхаецца Вольга. – Таму стараемся цяпер перадаваць і яе таксама.
Дачка Кацярыны кажа, што яе мама будзе рада атрымаць любы ліст падтрымкі: яна і сама да затрымання ліставалася з палітвязнямі. Яна вельмі рознабаковы чалавек: вельмі любіць рабіць пернікі, раней займалася вышыўкай крыжыкам і ўсходнімі танцамі.
– У яе нават любімы фільм – гэта «Грязные танцы», – удакладняе Вольга. – Але пасля майго нараджэння ёй стала не да заняткаў, яна стала часам танцаваць на вячорках з сябрамі. А потым неяк раз яе касцюм скралі, калі ён сушыўся на балконе, – з тых часоў яна зусім перастала імі займацца.
Акрамя гэтага, Кацярына любіць слухаць замежную поп-музыку 90-х і многія сучасныя хіты. Вольга распавядае, што маме ёсць аб чым пагутарыць з жанчынамі ў камеры: зараз там сядзяць спакойныя, разумныя і творчыя людзі. Сярод якіх – і яе мама.
Падтрымаць Кацярыну лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Кацярына Сяргееўна Халавурт |