Мужа — у калонію, жонку — на "хатнюю хімію". У Мінску за ўдзел у пратэстах асудзілі сям'ю палітвязня
У судзе Ленінскага раёна Мінска 30 сакавіка за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году асудзілі мужа і жонку Дар’ю і Аляксея Арбузавых. Суддзя Анастасія Ачалава асудзіла па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) палітзняволенага Аляксея да 1,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за ўдзел у двух Маршах, а Дар’ю — да двух гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у адным Маршы.
Сужэнцы з Мінску Аляксей і Дар’я сталі фігурантамі крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Прычына — удзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году. Мужчыну ўзялі пад варту і з 13 снежня мінулага году ён знаходзіцца ў СІЗА.
Раней Аляксей прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году. Тады яго затрымалі каля паземнага пераходу каля гасцініцы «Беларусь».
Згодна версіі абвінавачвання, 23 жніўня Аляксей Арбузаў «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», а менавіта з 11:46 да 20:26 ажыццяўляў блакіроўку руху транспарту. Згодна матэрыялам справы, Арбузаў з іншымі неўстаноўленымі асобамі сваімі дзеяннямі парушыў рух 19 грамадскіх аўтобусаў і 5 тралейбусаў.
Акрамя гэтага, Аляксею інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 30 жніўня. За гэты эпізод асудзілі і Дар’ю Арбузаву.
Суддзя Ачалава таксама пастанавіла знішчыць рэчавыя доказы па справе, якія былі знойдзены пры ператрусе дома ў Арбузавых — «фрагмент паперы неправільнай формы, паштоўку, налепку».
Падтрымайце Аляксея па адрасе:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксей Мікалаевіч Арбузаў |