Пінчука, якога затрымалі у войску за месяц да дэмбеля, асудзілі за ўдзел у пратэстах да 3,5 гадоў калоніі
У Ленінскім судзе Брэста 5 красавіка агучылі прысуд 23-гадоваму палітвязню Алегу Ардзюку. Суддзя Святаслаў Каліна прызнаў яго вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і прызначыў тры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Два з паловай месяцы ў Брэсце разглядалася крымінальная справа за тое, што на акцыі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Ардзюк "кінуў палку і жменю зямлі" ў бок міліцыянтаў. Хлопца затрымалі 15 верасня мінулага году ў войску, калі ён праходзіў тэрміновую службу — да дэмбеля яму заставаўся ўсяго месяц.
Згодна версіі абвінавачвання, Ардзюк 9 жніўня 2020 года ў Пінску выламаў кол, які падпіраў дрэва, разламаў гэтую палку на дзве часткі, адну з якіх кінуў у бок супрацоўнікаў міліцыі. Гэтую палку ён "кінуў з мэтай нанясення пашкоджанняў" і "наўмысна пагражаючы гвалтам" міліцыянтам. Таксама па адбвінавачванні ён на вуліцы Заслонава ў Пінску кінуў жменю зямлі ў бок міліцыянтаў.
На судзе палітвязень прызнаў віну цалкам і шкоду. Ардзюк ужо заплаціў кампенсацыю КВУП ЖРЭУ ў памеры 50 рублёў, і столькі ж перавёў УУС Брэстаблвыканкама.
Алега Ардзюка затрымалі 15 верасня мінулага году наўпрост у войску, дзе ён праходзіў тэрміновую службу з 26 лістапада 2020 года. На некаторыя пытанні ў судзе ён адказвае: "Никак нет!", "Так точно!"
Як паведамляе "Брэсцкая вясна", па справе дапытваюць больш за 100 пацярпелых міліцыянтаў, бо крымінальная справа "агульная" на ўсіх пінскіх пратэстоўцаў. На пытанні суда пра пакаранне палітвязню, міліцыянты звычайна адказваюць: "На меркаванне суду".
21 сакавіка адбыліся судзебныя спрэчкі. Пракурор Вадзім Багатка папрасіў суд пакараць палітвязня 3 гадамі 6 месяцамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Святаслаў Каліна.
Нагадаем, агулам па "пінскай справе" за акцыю пратэсту з 9 на 10 жніўня 2020 году на тэрміны ад 3 да 6,5 года пазбаўлення волі 26 палітзняволеных. Іх судзілі ў трох групах. Палітвязні мусяць у садідарным парадку выплаціць звыш 200 тысяч рублёў кампенсацыі сілавікам і чыноўнікам. Усе яны ўжо адбываюць тэрміны ў калоніях.
Падтрымаць палітвязня лістамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37 Алег Дзмітрыевіч Ардзюк |