viasna on patreon

Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 5-6 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-06T18:22:00+0300 2022-04-07T11:09:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevich-2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 5-6 красавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

На працоўным месцы была затрымана гомельская актывістка, шматдзетная маці Юля Ганісеўская

6 красавіка ў яе дома адбыўся ператрус. Жанчыну вінавацяць у экстрэмісцкіх каментарах і непадпарадкаванні міліцыі, паведамляе "Гомельская Вясна".

Юлія брала ўдзел у зборы дапамогі для жыхароў памежных з Беларуссю ўкраінскіх вёсак.


Змітра Дашкевіча арыштавалі па крымінальнай справе

Зміцер Дашкевіч. Фота: Радыё Свабода.

Яму інкрымінуюць ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).


ГУБАЗіК разграміў пустую кватэру актывісткі Яніны Сазановіч — яе родным пагражаюць крымінальнымі справамі 

Ведамства ў сваім тэлеграм-канале «пахвалілася» тым, што разграміла пустую кватэру Яніны Сазановіч — рэдактаркі «Карателей Беларуси» и ютуб-канала «Дзікае паляванне».

Акрамя таго, ГУБАЗіК пагражае родным дзяўчыны: «устаноўлена яшчэ каля дзесяці адрасоў пражывання сваякоў Яніны, у якіх могуць па месцы жыхарства знаходзіцца прадметы, якія ўяўляюць цікавасць для матэрыялаў крымінальнай справы».


Сілавікі паранілі «рэйкавых партызан»

МУС паведамляе, што ў ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРа затрыманы трое жыхароў Бабруйска 27 і 28 гадоў, якія маюць дачыненне да знішчэння дзвюх рэлейных шафаў сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі.

Падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы. Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых паранены і знаходзіцца ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы.

Прозвішчы параненых «рэйкавых партызан»: гэта Мінкевіч Яўген (28.01.1994), Клімаў Дзмітрый (21.09.1993), Аўрамцаў Уладзімір (07.04.1994). @belzhd_live піша, што пасля затрымання людзі, якія не аказвалі супраціву, былі мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы.


У Гомлі затрымалі актывіста Мікіту Слепянка

Вось што напісалі "Белсату" яго знаёмыя:

«4 красавіка яму прыйшла позва ў суд быццам бы забраць тэлефон. Ён спужаўся і з'ехаў, але выехаць ня выйшла, таму ўчора ён вярнуўся ў Гомель. Дадому.

Таксама прыходзілі да яго ў хату, каб высветліць, чаму не з'явіўся ў суд. З гэтай прычыны ўчора яго выклікалі на размову ці на допыт. Ён казаў, што прыйдзе сам. Але сёння ён даслаў паведамленне, што яго забіраюць».

У лютым Мікіта Слепянок адбыў 15 содняў адміністратыўнага арышту. Ён выйшаў на волю 23-га лютага.


Затрыманы чарговы супрацоўнік чыгункі

30 сакавіка быў затрыманы работнік Баранавіцкага аддзялення БЧ і адміністратар тэматычных рэсурсаў Беларускай чыгункі ва «Укантакце» і «Аднакласніках» Валянцін Самасюк.

Праваабаронцам стала вядома, што яго асудзілі на 10 сутак па арт. 19.11 КаАП.


Жыхара Віцебскай вобласці затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў «Плане Перамога» і за тое, што ён нібыта збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Анатоля Міхайлава. Нібыта мужчына прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамога», а таксама запоўніў анкету, каб паехаць ваяваць ва Украіну.

Паведамляецца, што пасля прагляду яго сацсетак супраць мужчыны распачалі крымінальныя справы ажно паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 361-1, арт. 368, арт. 369 і арт. 361-3.


У Хойніках затрымалі былую настаўніцу за інфармацыю аб перасоўванні вайсковай тэхнікі 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Ірыны Абдукерынай. Нагода: жанчына «даслала інфармацыю аб перасоўванні ваенных у сваім горадзе ў бот рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем».

Па папярэдняй інфармацыі, у дачыненні да жанчыны распачата крымінальная справа па арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і па арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).


Затрыманне ў Гродне

Раніцай 6 сакавіка ў сябе дома ў Гродне затрымалі 45-гадовую Інну Шырокую. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што яе забіраюць у мінскі Следчы камітэт за "падзеі 2020 году". У жанчыны трое непаўнагадовых дзяцей. 

Пакуль яе статус, артыкул і месцазнаходжанне невядомыя.


«Дажынкі» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Суд Цэнтральнага раёну Мінска 30 сакавіка прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «ДАЖЫНКІ» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». «Экстрэмісцкай» прызнаная і instagram-старонка «dazhynki».


У Мінску за ўдзел у паслявыбарных пратэстах затрыманы Дзмітрый Паўтарак

Пра яго затрыманне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

34-гадовы мужчына трапіў на відэа журналіста з акцый пратэсту ў першыя дні пасля выбараў. Яму інкрымінуецца арт. 293 КК («масавыя беспарадкі»)


Палітзняволеных рэдактараў "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко перавялі ў магілёўскую турму

Фота: Sputnik.by

Нагадаем, 15 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў галоўнаму рэдактару «Нашай нівы» Ягору Марціновічу і кіраўніку аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэю Скурко па два з паловай гады калоніі. Іх абвінавацілі ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры» (ч. 2 арт. 216 КК). За кратамі іх утрымліваюць ужо 9 месяцаў.

Новы адрас для падтрымкі: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

У Мінску затрыманы супрацоўнік «Белтэлекама» Алег Каспяровіч

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына быў затрыманы адразу пасля прылёту з адпачынку з ААЭ за «насаджэнне пратэстных ідэй і рэпосты з рэсурсаў прызнаных экстрэмісцкімі ў карпаратыўным тэлеграм чаце прадпрыемства».

Пасля затрымання сілавікі знайшлі ў яго тэлефоне фотаздымкі з акцый пратэсту ў 2020 годзе. Яму інкрымінуецца арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці).


Справу экс-кіраўніка "Аховы птушак бацькаўшчыны" накіравалі ў пракуратуру. Хутка можа пачацца суд

Следчы камітэт паведаміў, што скончыў расследаванне па справе палітзняволенага Віктара Фянчука. Яму прад’явілі канчатковае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук блакаваў рух транспарта на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім».

Матэрыялы следства перададзеныя ў пракуратуру, таму хутка мусіць пачацца судовы працэс.

Віктара затрымалі пасля вобшуку ў мінскім офісе арганізацыі 31 жніўня. Адразу яго пакаралі «суткамі» па адміністрацыйнай справе, а потым прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК. 19 сакавіка Вярхоўны суд ліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» за «экстрэмісцкую дзейнасць». 

Падтрымайце Віктара:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Віктару Аляксандравічу Фянчуку


Праваабаронца і актывіст Руху «За Свабоду» Алесь Рамановіч заявіў аб катаваннях у пінскім ізалятары

Алесь быў затрыманы падчас прагулкі па цэнтры Пінска з нагрудным знакам «Пагоня».

У мясцовым ізалятары Рамановіча аднаго змясцілі ў пяцімясцовую камеру і стварылі амаль невыносныя ўмовы: катавалі недасыпаннем, холадам, адмаўляліся вадзіць у прыбіральню.

«Мяне хацелі запалохаць, звесці з розуму. Яны стварылі камеру катаванняў, проста не прымянялі фізічную сілу», — распавёў мужчына "Медыяпалессе".

Справа была адпраўлена на дапрацоўку. Цяпер Алесь на волі, але ў яго канфіскавалі тэлефон.


У Гомелі затрымалі дзяўчыну, якая пакінула на машыне праўладнага блогера запіску «Русский военный корабль иди *****»

3 красавіка праўладны блогер Катляроў паскардзіўся на дзвюх дзяўчат, якія пакінулі пад дворнікам яго машыны антываеннае пасланне. Іх зняў відэарэгістратар.

Сёння на праўладных каналах з'явілася відэа з затрыманай Дар'яй Чуравай, якая «прызнаецца» ў тым, што раздрукавала ўлёткі дома, а потым расклейвала і раскладвала іх па машынах на паркоўцы, піша "Медыязона".

Яўген Катляроў — гомельскі праўладны блогер, які выступаў на судзе супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Як потым пісаў Леанід, «...адкуль мне было ведаць, што 19 студзеня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ і не была яшчэ ўзбуджана справа, у СК супраць мяне даў паказанні Какойта (Яўген Катляроў, — ад рэд.), які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя ягоныя паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачання ў прысудзе».


У Беларусі заблакавалі сайт Human Rights Watch — адной з самых буйных праваабарончых арганізацый у свеце

Зрабілі гэта па патрабаванні пракурора Мінска Алега Лаўрухіна.


У Рудзенску ў сябе дома пасля ператрусу быў затрыманы 51-гадовы Аляксандр Мурашка

Прычынай затрымання стаў каментар у чаце чыгуначнікаў у 2020 годзе. Працэсуальны статус і месцазнаходжанне Аляксандра пакуль невядомыя.


У Мінску затрымалі 55-гадовую Ірыну Сташкевіч — яе тройчы судзілі па арт. 369 КК за абразы міліцыянтаў 

Ірына Сташкевіч каля суда. Фота spring96.org

Апошні раз яе асудзілі ў канцы сакавіка — тады ей прызначылі тры гады «хатняй хіміі».

Прычына затрымання пакуль невядомая. 


Па патрабаванні Раскамнагляда беларускі правайдар заблакаваў брэсцкі сайт — за асвятленне вайны ва Украіне

Размова ідзе пра сайт brestnote.by, ад уладальніцы якога запатрабавалі выдаліць матэрыял, дзе асвятлялася хроніка расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне.

Уладальніца сайта звярнулася да правайдэра з пытаннем, якое дачыненнне да гэтага мае Раскамнагляд.

«Адказ мяне здзівіў. Аказваецца, што Раскамнагляд, які з'яўляецца арганізацыяй, што рэгулюе парадак доступу да інфармацыйных рэсурсаў у сетцы Інтэрнэт з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, мае паўнамоцтвы загадваць інтэрнэт-правайдэрам блакаваць доступ да сайта як па імя дамену, так і па IP-адрасу — у тым ліку на тэрыторыі Беларусі», — цытуе словы Наталлі Грынчак "БАЖ".


Адміністрацыя калоніі можа другі раз за тыдзень вынесці спагнанне Марыі Калеснікавай 

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе. Фота: Reuters

30 сакавіка Марыю пазбавілі права на працяглае спатканне з бацькам. Па словах палітзняволенай, падставай для спагнання паслужыў нібыта няветлівы зварот да супрацоўніка калоніі пасля спаткання з адвакатам.

5 красавіка стала вядома, што 6 красавіка будзе паседжанне камісіі ПК-4 у дачыненні да Марыі па пытанні нібыта «перабівання» ёю начальніка калоніі падчас працэдуры вынясення папярэдняга спагнання.

У залежнасці ад таго, ці будзе вынесена спагнанне і якой строгасці, магчыма сітуацыя, пры якой Марыя будзе прызнана злосна парушаючай парадак адбывання пакарання, што можа пацягнуць перавод у турму або змяшчэнне ў памяшканне камернага тыпу.

Падтрымаць Марыю:

ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Калеснікавай Марыі Аляксандраўне

Былога палітвязня Ігара Банцэра зноў будуць судзіць

Ігар Банцар

На гэты раз — за камунальныя паслугі, якія ён мусіў заплаціць, калі знаходзіўся на «хіміі».

Запазычанасць склала 81.66 рублі і пошліна ў 64 рублі.

Банцэр плаціць не хоча, бо са 130 дзён ён правёў 82 дні ў ШІЗА, піша "Белсат".


63-гадовую жанчыну арыштавалі за каментар у тэлеграме

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 28 сакавіка ў Мінску Ірыны Алебовіч. Да яе прыйшлі з ператрусам два міліцыянты, узялі тэлефон, зверылі нік у тэлеграме, пасля гэтага паказалі сваю раздрукоўку з яе нікам і каментаром, і арыштавалі.

Зараз Ірыну перавялі ў Жодзіна. У жанчыны праблемы з ціскам і цукровы дыябет, але ёй не аказваецца неабходная медыцынская дапамога за кратамі — дапамогі ад турэмнага лекара яна атрымаць не можа.


У Шчучыне мужчыну затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў «Плане Перамога»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына восенню 2021 года прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамога»

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства