Трох хлопцаў і дзяўчыну ў Маладзечне судзяць за "счэпку" 9 жніўня 2020 году
У судзе Маладзечанскага раёна 1 красавіка распачаўся суд над чатырма мясцовымі жыхарамі за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году. Палітычных зняволеных Антона Драздовіча, Аляксандра Новаша, а таксама Вольгу Чарняк і Руслана Шапунова абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за тое, што яны стаялі ў "счэпцы" з бел-чырвона-белым сцягам. Усё чацвёра ўтрымліваюцца пад вартай. Справу разглядае суддзя Вольга Дубовік, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Юлія Жук.
Згодна з версіяй абвінавачвання, 9 жніўня 2020 года Антон Драздовіч, Аляксандр Новаш, Руслан Шапуноў і Вольга Чарняк на "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" ў Маладзечне сталі ў "счэпку", выкрыквалі лозунгі і крычалкі, гучна пляскалі ў далоні, з мэтай здзяйснення правакацыйных дзеянняў, накіраваных на абвастрэнне сітуацыі на плошчы, разгарнулі палотны бел-чырвона-белага колераў. Двое з іх не толькі ўдзельнічалі, але і арганізоўвалі падобныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Паводле матэрыялаў справы, 22-гадовая Вольга Чарняк 9 жніўня 2020 года, у вячэрні час, накінуўшы сабе на плечы разгорнутае палатно бел-чырвона-белага колеру, а таксама яе знаёмы 30-гадовы Аляксандр Новаш, рухаліся па вуліцы Прытыцкага ў бок плошчы Цэнтральнай у горадзе Маладзечна. Заклікаючы на плошчы мінакоў далучыцца да іх, яны неслі з сабой незарэгістраваную сімволіку, выкрыквалі лозунгі. Пасля 23-і 24-гадовыя мясцовыя жыхары Антон Драздовіч і Руслан Шапуноў далучыліся да іх і ўсе пасля прынялі актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
"Нягледзячы на законныя патрабаванні прадстаўнікоў улады спыніць супрацьпраўныя дзеянні і пакінуць плошчу абвінавачаныя для абвастрэння сітуацыі працягвалі доўгі час знаходзіцца ў першых шэрагах групы агрэсіўна настроеных грамадзян у так званай "счэпцы". Дэманстравалі навакольным палатно бел-чырвона-белай расфарбоўкі, пляскалі ў ладкі, гучна выкрыкваў лозунгі, крычалкі, а таксама іншыя фразы, у тым ліку на адрас супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС", — гаворыцца ў абвінавачванні.
Усе абвінавачаныя на судзе былі ў клетцы. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Вольгу Чарняк 30 лістапада мінулага году, Аляксандра Новаша — 22 снежня, Антона Драздовіча — 23 снежня, Руслана Шапунова — невядома. Усе ўтрымліваюцца ў жодзінскай турме №8.
На судзе ўсе чацвёра прызналі віну.