viasna on patreon

«Трэцюю "хімію" за год магу памяняць на калонію»: палітвязень Аляксандр Ігнатовіч распавёў пра свае «прыгоды» ў няволі

2022 2022-04-01T12:19:58+0300 2022-04-01T12:19:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ignatovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спачатку Аляксандр патрапіў на «хімію» за хуліганства. Не адбыўшы тэрмін да канца, змяніў «хуліганку» на «палітыку». За год памяняў тры месцы адбывання «хіміі», а цяпер, не жадаючы падпарадкоўвацца кіраўніцтву ПУАТ, якое занадта «неабыякавае» да такіх, як ён, наогул рызыкуе патрапіць у калонію за парушэнні. «Вясна» даведалася ўсе падрабязнасці няпростай гісторыі палітзняволенага.

«Яны не маглі паверыць, што я выказваю свой пратэст без куратараў»

Аляксандру Ігнатовічу 33 гады. Двух сваіх сыноў ён не абдымаў ужо шмат месяцаў. Папярэдні год жыцця быў для яго няпростым выпрабаваннем — мяркуючы па ўсім, наступны будзе не лягчэйшым.

Улетку мінулага года Аляксандру выставілі абвінавачванні паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу за абразу пракурора і міліцыянта.

«Пасля выбараў-2020 абыякавым я застацца не мог. Як можна было сядзець "у доміку", гледзячы на ўсё, што адбываецца ў краіне? Як і тысячы іншых беларусаў, я чытаў тэлеграм-каналы, якія цяпер ужо прызнаныя экстрэмісцкімі, пісаў каментары, актыўнічаў… Апошняй кропляй сталася затрыманне майго знаёмага. За надпіс на асфальце "Не забудем, не простим" яго засадзілі на некалькі гадоў у турму, а ягонай цяжарнай жонцы далі год "хатняй хіміі". У выніку ў інтэрнэце я выказаў усё, што думаю, у адрас пракурора і супрацоўніка міліцыі, датычных да гэтай справы… У тым сваім каментары я напісаў штосьці накшталт "Падлы прадажныя…", яшчэ некалькі каментароў пакінуў у "Карніках Беларусі". Вядома, я разумеў, што мною зацікавяцца, таму дзеля бяспекі з'ехаў з роднага Мінска ў Магілёў», — распавядае сваю гісторыю мужчына.

Неўзабаве Аляксандра сапраўды пачалі шукаць.

«У Мінску да суседзяў прыходзілі людзі ў цывільным, якія настойліва цікавіліся, ці не перацягваў я знаёмых на бок апазіцыі, як сябе паводзіў, чым займаўся… Пры гэтым настойліва прасілі ў суседкі запасны ключ ад маёй кватэры (я пакідаў ёй ключ на ўсялякі выпадак). Зразумела, што хацелі правесці вобшук. Але суседка ключ не дала. Потым майго роднага брата, які жыве ў Малінаўцы, некалькі чалавек па грамадзянцы "выпадкова" сустрэлі ўдарам у твар ля выхаду з пад'езда. Спрабавалі даведацца ў яго, дзе я. Але таксама безвынікова, — распавядае Аляксандр. — У Магілёве да мяне яны дабраліся толькі праз пару месяцаў».

На вуліцы да Аляксандра падышлі людзі ў цывільным і папрасілі праехаць з імі.

«Забралі тэлефон, пачалі чытаць перапіскі. Прапанавалі: "Давай па-добраму, калі не хочаш — па-дрэннаму". Я абраў першы варыянт. Пасля гэтага мне задалі шмат пытанняў: якія групы я вяду, хто мае куратары, каму я скідваю інфармацыю, хто мне плаціць… Яны ніяк не маглі паверыць, што я не праплочаны, што я выказваю пратэст з уласнай волі, і для гэтага мне не патрэбныя ніякія куратары».

Аляксандр Ігнатовіч
Аляксандр Ігнатовіч

Агулам у тэлефоне ў Аляксандра знайшлі 8 каментароў, за якія маглі завесці крымінальную справу. Так і адбылося. Варта адзначыць, што да таго моманту ён ужо знаходзіўся ў Магілёве на «хіміі» паводле артыкула, што быў не звязаны з палітыкай. Мужчына адбываў пакаранне за злоснае хуліганства, якое здзейсніў у Мінску. Таму ў суд Ігнатовіча прывезлі супрацоўнікі міліцыі. Ад адваката абвінавачаны адмовіўся. Кажа:

«Вынік і так быў зразумелы, дый грошай на адваката лішніх не было. Разумеў, што прызнаюць вінаватым — гаворка ж пра супрацоўнікаў міліцыі і пракуратуры, а за сваіх сістэма карае заўжды».

Аляксандр успамінае, што на ягоны суд прыходзілі праваабаронцы. Але суддзя Ленінскага суда Магілёва Алена Літвіна рабіла ўсё, каб перашкодзіць іх знаходжанню на судовым пасяджэнні:

«Спрабавала выгнаць, забараняла рабіць нататкі ў тэлефоне, рабіла заўвагі з любой нагоды. Ну і, зразумела, прызнала мяне вінаватым».

10 жніўня 2021 года Аляксандра Ігнатовіча асудзілі да 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На той момант адбыць «хімію» за хуліганства Аляксандру заставалася ўсяго пару месяцаў. Шляхам складання пакаранняў выйшла, што наперадзе ў Аляксандра былі цэлыя 2 гады і 8 месяцаў «хіміі».

23 жніўня 2021 года праваабаронцы прызналі Аляксандра Ігнатовіча палітвязнем.

«У мяне быў час на абскарджанне, але пастанову суда мне даслалі з парушэннем тэрмінаў. І я падаў скаргу. Праз некалькі дзён у будаўнічую арганізацыю, дзе я працаваў фармоўшчыкам, прыйшлі да майго кіраўніцтва і, так скажам, добранька "пагутарылі" з нагоды мяне. Працадаўца выклікаў і сказаў: "Дрэнна будзе ўсім, забяры скаргу". Не хацеў падстаўляць людзей — забраў».

З ПУАТ №43 у Магілёве, дзе, паводле Аляксандра Ігнатовіча, да «палітычных» ставіліся цалкам цярпіма, яго перавялі ў ПУАТ №26 у вёску Гінавічы на Гродзеншчыне.

ПУАТ №43 у Магілёве
ПУАТ №43 у Магілёве

«Не падабалася ўлада? Вось і сядзі цяпер у га*не»

«Далі накіраванне, прыехаў на адрас — а гэта сельская пошта. Пытаюся ў мясцовых: "Дзе ў вас тут "хімікі" сядзяць?". А яны: "Ву-у-унь там — паміж лесам і полем", — узгадвае Аляксандр. — Прыйшоў, пабачыў і зразумеў: нават мне — аптымісту па жыцці — тут будзе вельмі нясоладка. Будынак, у якім я меўся адбываць пакаранне, — былы садок. У глухмені палёў, у цені лясоў (смяецца — Рэд.). Ля ўваходу абшукалі, узялі накіраванне і адразу папярэдзілі: "Будзеш пастаўлены на прафулік як схільны да экстрэмізму". Далей, у адпаведнасці з маім "званнем", мне далі чырвоную бірку і растлумачылі, што такім, як я, на ніжняй паліцы спаць нельга, адзначацца давядзецца штогадзіну, калі буду бузіць — дадуць парушэнне і распачнуць крымінальную справу "за ўхіленне ад адбывання пакарання" паводле арт. 55 КВК. Далей суд у спрошчаным парадку разгледзіць справу і, з вялікай ступенню верагоднасці, заменіць "хімію" на пазбаўленне волі згодна з формулай "адзін дзень пазбаўлення волі роўны двум дням абмежавання волі"».

Бірка Аляксандра Ігнатовіча як схільнага да экстрэмізму
Бірка Аляксандра Ігнатовіча як схільнага да экстрэмізму

Паводле аповядаў Аляксандра, агулам у будынку ПУАТ у Гінавічах два паверхі. Там тры пакоі, у якіх свой тэрмін адбываюць па 20 чалавек, і адзін — на 15 асуджаных. Гарачай вады няма, душа няма… Каб памыцца, раз на тыдзень паляць лазню. Каб выцяпліць лазню, патрэбныя дровы. Каб былі дровы, іх трэба набыць. Каб трапіць у лазню — трэба запісацца ў чаргу…

«На "хіміі" людзі заўсёды пад наглядам, пакоі — як казармы, за кожны крок даеш справаздачу. Пры гэтым усе асуджаныя знаходзяцца на самазабеспячэнні — самі сябе кормяць і апранаюць, кожны месяц плацяць за жыллё. Пасля пераводу ў Гінавічы я нейкі час не працаваў, але плаціць за жыллё пры гэтым быў абавязаны. За месяц выходзіла прыкладна 72 рублі. Не аплаціш — парушэнне», — распавядае Аляксандр.

Праца на «хіміі» — асаблівая тэма. Уладкавацца паводле спецыяльнасці асуджаныя, як правіла, не могуць. За кожным ПУАТ замацаваны мясцовыя і абавязкова дзяржаўныя прадпрыемствы, на якіх «хімікаў» бяруць на працу. На якое месца возьмуць — там і будзеш працаваць.

ПУАТ №26 у Гінавічах
ПУАТ №26 у Гінавічах

«Мне адразу сказалі: "Ты ж разумееш, куды ты пойдзеш?". Вядома, разумеў. Да "палітычных" на "хіміі" — асаблівае стаўленне. Іх адпраўляюць на самыя брудныя, цяжкія і нізкааплатныя працы. Тут былі два варыянты — або ідзеш сартавальнікам смецця на канвеер і там у страшным смуродзе перабіраеш адкіды, у тым ліку і таксічныя, або ідзеш працаваць на ферму. Я запытаў: "Дзе больш плацяць?". Сказалі, што на ферме. Пайшоў туды», — распавядае палітвязень.

Як прызнаўся Аляксандр, свой першы працоўны дзень на свінаферме ён не забудзе ніколі:

«Наблізіўся да фермы — і афігеў ад паху! Незабыўны водар. Але гэта быў толькі пачатак. На прахадным пункце забіраюць тэлефон. Далей праходзіш у распранальню. Цалкам распранаешся, праходзіш праз душ… Ніякай сваёй адзежы браць нельга. Апранаеш тое, што выдаюць. І панеслася! Табе ўручаюць тачку, вядро, рыдлёўку, а далей ты корміш свінняў, потым прыбіраеш іх га*но, чысціш клеткі, поіш... Далей, калі простымі словамі, твая функцыя палягае ў "прынясі — падай — адыдзі — не замінай".

На ферме шмат выдзяленняў аміяку. Спачатку вельмі кружылася галава, потым трошкі звыкнуўся. Каб адмыцца ад гэтага паху, купіў нават жорсткую шчотку. Драіў і сябе, і адзенне. Нічога не дапамагала… Адмыцца немагчыма».

Паводле палітвязня, галоўным чынам усе супрацоўнікі фермы падтрымлівалі Лукашэнку і ягоную пазіцыю. Да «палітычных хімікаў» ставіліся ці то насцярожана, ці то прадузята:

«Некаторыя мне так і казалі: "Ну што, не падабалася сталічнае жыццё, не падабалася ўлада? Вось і сядзі цяпер у га*не"».

ПУАТ №26 у Гінавічах
ПУАТ №26 у Гінавічах

Распарадак дня ў Аляксандра быў такі: пад'ём а 6-й гадзіне, далей — праверка, гігіенічныя працэдуры, сняданак. А 8-й гадзіне — выхад на працу. Пасля працы — вячэра. З 20.00 да 20.30 — прагляд перадачы з Рыгорам Азаронкам, гігіенічныя працэдуры, адбой. На сон згодна з распарадкам — 8 гадзін.

Паводле палітвязня, за месяц працы на ферме яму плацілі 300-400 рублёў. За іх і трэба было цалкам сябе забяспечыць.

«Грошы можна было выдаткаваць у мясцовай сельскай краме, якая больш нагадвала помнік 90-м. Там была прадавачка, якая ўвесь час усіх ашуквала. Відаць, з гэтага і жыла. Сумна гэта ўсё, але я заўсёды імкнуўся і імкнуся быць аптымістам. Калі зацыкляцца на дрэнным, можна здурнець. З часам у зняволенні шмат хто пачынаюць пачувацца кінутымі і забытымі. Сябры і родныя пачынаюць тэлефанаваць радзей, лісты амаль не прыходзяць, а калі і даходзяць, то іх, часцей за ўсё, фільтруюць ці прымушаюць чытаць непасрэдна перад супрацоўнікамі "хіміі". Некаторых пасля атрымання ліста выклікаюць і скурпулёзна запытваюць, хто яму пісаў, кім прыходзіцца. Некаторых караюць за тое, што яны адказалі на ліст з волі, хай нават незнаёмаму чалавеку… Скаціцца ў дэпрэсіўную яму тут нескладана, вось я і трымаюся», — усміхаецца хлопец.

Са слоў Аляксандра, з набліжэннем рэферэндуму пра палітыку загаварылі нават на ферме.

«Прыехаў старшыня калгасу з яшчэ нейкім начальнікам, сабраў усіх у кучу і пачаў чытаць лекцыю пра "слушнасць" правядзення рэферэндуму, ягоную вялікую значнасць і карысць для беларускага народа. Я тады сказаў: "Вы згадалі не пра ўсе магчымыя змены. Пасля "паспяховага" правядзення рэферэндуму Лукашэнка зможа абрацца на новы тэрмін". Мне адказалі: "З вамі мы пагаворым у індывідуальным парадку"».

«Ты самы прашараны ці што? Расхістаць рэжым у цябе тут не атрымаецца»

Фота з адкрытых крыніц
Фота з адкрытых крыніц

Першымі днямі сакавіка палітвязня перавялі ў Гродна, у ПУАТ №24. Пра прычыны не сказалі. Але, акрамя Аляксандра, перавялі яшчэ каля 30 чалавек.

«Яшчэ да пераезду я разумеў, што салодка там не будзе. Шмат чуў пра тое, што начальнік ПУАТ Будзько ставіцца да палітычных "хімікаў" вельмі негатыўна. Кажа: "У мяне бацька такіх, як вы, душыў, і я таксама буду". І я меўся ў гэтым пераканацца», — распавядае мужчына.

Жартам Аляксандр называе ПУАТ №24 «Домам-2»:

«На ўсім перыметры "хіміі" вісяць камеры. Амаль на кожным слупе. Хоць шоў здымай. Сам будынак пяціпавярховы. Пры гэтым на першых паверхах жывуць асуджаныя, а на двух верхніх — звычайныя грамадзянскія людзі. Калі прыехалі туды, з кожным асуджаным гутарылі асобна — спрабавалі высветліць, наколькі мы апалітычныя. Пакуль не ўладкавалі на працу, да абеду і пасля абеду нас адпраўлялі ў актавую залу глядзець навіны, перадачы пра шкоду згубных звычак, фільмы пра вайну».

Праз нейкі час Аляксандра накіравалі працаваць на завод «Белкард», які вырабляе запчасткі для аўтамабіляў усіх тыпаў і мадыфікацый. Заробак абяцалі ледзь не ў 2000 тысячы рублёў, але насамрэч аказалася 300-400. «Хімік» працаваў тэрмістам у кузні. У ягоны абавязак уваходзіла разаграваць печку, у якую пасля змяшчалі дэталі, каб потым, распаленымі, адправіць іх пад прэс. Вытворчасць шкодная, але давалі нават талоны на малако, дый рабочыя, адзначае палітвязень, да «хімікаў» ставіліся абсалютна нармальна

Аляксандр Ігнатовіч
Аляксандр Ігнатовіч

«Па вяртанні ў ПУАТ усё рабілася сумна. Начальства "хіміі" сапраўды дрэнна ставіцца да "палітычных". Першае парушэнне не прымусіла сябе доўга чакаць. Я паскардзіўся на тое, што на сон застаецца менш за 8 гадзін, бо падымаемся ў 5.45. Мяне выклікалі і сказалі: "Ты што, самы прашараны? Расхістаць рэжым у цябе тут не атрымаецца". Пасля гэтага мяне прымусілі мыць увесь паверх, а потым пачалі запалохваць, што за парушэнні адправяць у месцы пазбаўлення волі і рабілі ўсё, каб гэта здарылася. Шмат разоў крычалі, абражалі…».

Неўзабаве здарыліся і наступныя парушэнні.

«Што ў будны, што ў выхадны асуджаных загружаюць на максімум. Хто абураецца — парушэнне. Спазніўся на пару хвілінаў на праверку ці лекцыю — парушэнне, сядзіш на ложку, нават калі табе дрэнна, як было ў маім выпадку, — парушэнне, трохі збочыў з паказанага маршруту па дарозе з працы — ізноў парушэнне», — кажа Ігнатовіч.

Цяпер у Аляксандра ўжо 4 парушэнні. Пасля адбывання пакарання за парушэнне рэжыму ПУАТ у ІЧУ на працу яго так і не выпусцілі. І гэта значыць, што ў асуджанага ёсць усе шанцы хуткім часам адправіцца ў месцы зняволення «за ўхіленне ад адбывання пакарання» (арт. 55 Крымінальна-выканаўчага кодэксу).

«Тут мяне ўвесь час запытваюць, ці раскаяўся я ў зробленым. Адказваю: "Калі б была магчымасць адкруціць час назад, зрабіў бы гэтак жа", — распавядае палітвязень, не губляючы аптымізму нават у такой сітуацыі. — Станоўчыя моманты можна знайсці, нават калі "хімію" заменяць калоніяй. Адзін дзень калоніі прыраўноўваецца да двух дзён "хіміі". Значыць, выйду на год раней».

Вы можаце падтрымаць Аляксандра, напісаўшы яму ліст. Адрас такі: ПУАТ-24, 230025 г. Гродна, вул. Лідская, 29/б. Аляксандру Яўгенавічу Ігнатовічу

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства