Праз два месяцы суд дазволіў бацькам Емяльянава забраць яго рэчы са склада. Палітвязень дагэтуль у карцары
За час зняволення ў палітвязня Мікіты Емяльянава назапасілася вялікая колькасць непатрэбных яму рэчаў, якія знаходзяцца на складзе турмы №4 г. Магілёва. Родныя хлопца звярнуліся да адміністрацыі папраўчай установы з заявай на выдачу асабістых рэчаў, аднак там ім сказалі, што дазвол трэба прасіць у суда, бо Мікіта ўжо знаходзіўся пад вартай па абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса.
На пачатку лютага адпаведная заява была накіраваная ў суд Ленінскага раёна г. Магілёва, дзе разглядалася справа Мікіты. Тады суддзя Аксана Ратнікава запатрабавала ад родных палітвязня прадставіць пералік рэчаў, якія змяшчаюцца на складзе. Вядома, у бацькоў палітвязня такого спісу не было. Тады Мікіта Емяльянаў сам даслаў у суд заяву аб выдачы родным яго рэчаў і прыклаў іх спіс, а таксама паведаміў пра гэта родным. 30 сакавіка суддзя даслала адказ бацькам Мікіты і нарэшце дазволіла забраць рэчы палітвязня, сярод якіх лісты ад родных, сяброў і іншых людзей, кнігі, часопісы і газеты, у тым ліку “Новы час” (17 шт.), “Наша гісторыя” (8 шт.), “Каталіцкі вестнік” (5 шт.) ды інш.
Як палітвязень Мікіта Емяльянаў спрабаваў набыць кнігі і што з гэтага атрымалася
Акрамя гэтага, вядома што хлопца працягваюць утрымліваць у карцары з 12 сакавіка. Спачатку Мікіту прызначылі пяць сутак карцару, якія ён павінен быў адбыць 17 сакавіка. Аднак родныя, якія прыехалі ў гэты дзень на спатканне, так і не змаглі пабачыць палітвязня, бо адміністрацыя калоніі паведаміла, што Емяльянаву зноў вынеслі спагнанне за адмову прыбіраць прагулачны дворы - на гэты раз 10 сутак карцара.
На асабістай сустрэчы з намеснікам начальніка турмы родныя палітвязня ўказалі на тое, што, згодна з заканадаўствам, вязняў нельга змяшчаць у карцар больш, чым на 10 сутак. Аднак на рашэнне адміністрацыі гэта не паўплывала.
Не выйшаў з карцару Мікіта і 27 сакавіка, а быў ізноў пакараны суткамі - як мінімум да 2 красавіка. Свой 22 дзень народзінаў палітвязень сустракаў у карцары.
Нагадаем, 11 сакавіка на тэрыторыі турмы №4 г. Магілёва абвясцілі прысуд палітзняволенаму анархісту Мікіту Емяльянаву, якога вінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутранага распарадку. Суддзя Аксана Ратнікава палічыла віну хлопца даказанай і паводле ч. 2 арт. 411 КК асудзіла яго на два гады пазбаўлення волі. Канчаткова суд прызначыў Мікіту пакаранне ў выглядзе трох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму шляхам поўнага складання вынесеных прысудаў і з улікам неадбытага тэрміну ў адзін год, шэсць месяцаў і 26 дзён.
Палітвязня Мікіту Емяльянава асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі па 411 артыкуле
Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:
Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу |