viasna on patreon

Тры гады “хіміі” прысудзілі жыхару Акцябрскага за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску

2022 2022-03-24T18:58:20+0300 2022-03-25T13:55:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shemiakou-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Шэмякоў. Фота з сацыяльных сетак

Яўген Шэмякоў. Фота з сацыяльных сетак

Суд Савецкага раёна Мінска завяршыў 18 сакавіка разгляд крымінальнай справы жыхара гарадскога пасёлка Акцябрскі, прадпрымальніка Яўгена Шэмякова па абвінавачванні яго ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Воўк, дзяржабвінаваўца пракурорка Анастасія Маліко.

Паводле абвінавачання, Яўген Шэмякоў, 1991 года нараджэння, 25 кастрычніка 2020 года, знаходзячыся ў Мінску, у тым ліку, на праспектах Пераможцаў і Машэрава, а таксама вуліцы Максіма Багдановіча, дзейнічаючы сумесна з групай неўстаноўленых асоб, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, спалучаных з непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Выкрыкваў лозунгі, выкарыстоўваў пратэсную сімволіку, рухаўся ў складзе калоны па праезнай частцы вуліц.

У выніку – парушылася праца грамадскага транспарту і прадпрыемстваў.

Паводле акта №756, 25 кастрычніка з 13:30 па 19:00 па вуліцы Арлоўская, праспектах Пушкіна і Пераможцаў, вуліцы Сурганава і Багдановіча,адбывалася спыненне працы грамадскага транспарту. Дзеянні абвінавачанага пацвярджаюцца шматлікімі фота- і відэадоказамі.

Сваю віну ў ходзе судовага працэсу Шэмякоў прызнаў цалкам, патлумачыў што сапраўды ў той дзень і пазначаны час знаходзіўся ў Мінску.

У мабільным тэлефоне абвінавачанага ўстаноўлена наяўнасць фотаздымкаў з акцыі пратэсту, бачны бел-чырвона-белы сцяг на ягоных плячах.

У судзе былі заяўленыя пазоўныя патрабаванні аб спагнанні шкоды, прычыненай камунальнаму транспарту ў памеры 62 908 рублёў і 83 капейкі.

Суд пастанавіў: прызнаць Яўгена Шэмякова вінаватым  і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Суд прызнаў таксама права за КУП "Мінсктранс" на задавальненне пазову ў парадку грамадзянскай судавытворчасці.

Мера стрымання змененая на падпіску аб нявыездзе і Шэмякоў вызвалены з-пад варты да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Рэчавы доказ партмане для дакументаў з выявай "Пагоні", канфіскаванае пад час ператрусу знішчыць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства