viasna on patreon

У Чачэрску траіх маладых людзей асудзілі да зняволення за налепленыя стыкеры

2022 2022-03-23T18:47:52+0300 2022-03-24T10:14:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zotava_rita1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітзняволеная Рыта Зотава

Палітзняволеная Рыта Зотава

У сакавіку ў судзе Чачэрскага раёна адбылося некалькі пасяджэнняў, падчас якіх судзілі траіх мясцовых жыхароў: Вадзіма Дзенісенку, палітзняволеную Рыту Зотаву і Мікіту Хількевіча. Іх прызналі вінаватымі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: ч. 1 арт. 342 і арт. 341. 23 сакавіка ім вынесены прысуд: Вадзіма Дзенісенку асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму,  Мікіту Хількевіча і Рыту Зотаву — да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму кожнага. Менавіта такое пакаранне прасіў прызначыць пракурор.

Справу разгледзеў суддзя Пётр Цыганок. Бок дзяржабвінавачвання падтрымаў намеснік пракурора Чачэрскага раёна Дзяніс Лапіцкі. Аказалася, што маладых людзей асудзілі за некалькі стыкераў, якія тыя наляпілі на тэрыторыі мясцовай школы па дарозе з вечарынкі. Міліцыю выклікала дырэктарка школы Вольга Цалко.

Хто такія абвінавачаныя?

Вадзім Дзенісенка — 29-гадовы гукааператар Чачэрскага раённага Дома культуры. Выхоўвае аднагадовае дзіця. Мужчыну затрымалі 28 снежня 2021 года. Рыце Зотавай 20 гадоў, яна студэнтка 3 курсу факультэта псіхалогіі ГДУ імя Францыска Скарыны. Дзяўчыну затрымалі 9 жніўня 2021 года, а пасля допыту адпусцілі пад падпіску аб нявыяздзе. 28 снежня 2021 года яе ўзялі пад варту. Мікіту Хількевічу — 27, яго таксама затрымалі 9 жніўня 2021 года.

Паводле версіі абвінавачвання, Вадзім Дзенісенка атрымаў налепкі і ўлёткі з тэкстам заахвочвальнага характару і ў стане алкагольнага ап'янення ўступіў у змову з Рытай Зотавай і Мікітам Хількевічам, каб парушыць грамадскі парадак. Налепкі характарызуюцца як прадметы «з цынічным тэкстам і выявай «Надышоў час вырашаць самім» з сімвалам літары «А» белага колеру, змешчанай у белае кола, якое з'яўляецца сімвалам анархізму, з сілуэтам чалавека, падобнага да прадстаўніка праваахоўных органаў». Абвінавачаныя размяшчалі налепкі і ўлёткі на слупах і дарожных знаках у Чачэрску два дні: 5-6 чэрвеня 2021 года. Гэтым, згодна з версіяй абвінавачвання, яны «парушылі эстэтычнае ўспрыманне будынкаў і збудаванняў і апаганілі іх цынічнымі надпісамі і выявамі». Усе яны прызналі віну часткова. Маладыя людзі не адмаўлялі, што расклейвалі ўлёткі, але адмаўлялі мэту арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак.

«Вы ж дарослы чалавек. Вы сябе здаровым лічыце?»

Вадзім Дзенісенка распавёў, што ў кастрычніку 2020 года зарэгістраваў сябе па адрасе ў чат-боце навінавага канала (мяркуючы па словах дзяржабвінаваўцы, гэта быў «Прамень»), а ў лістападзе ўбачыў у паштовай скрыні канверт ад невядомага адпраўніка. Ён забыўся пра яго і не распячатваў да 5 чэрвеня 2021 года, пакуль не сустрэўся са сведкамі Яраславам Белькіным і Васілём Кавалёвым на лецішчы. Туды ж запрасілі Рыту Зотаву і Мікіту Хількевіча. Яны сядзелі, размаўлялі ля вогнішча і пілі штосьці слабаалкагольнае, не абмяркоўваючы палітыку. Калі ён захацеў падтрымаць полымя ў вогнішчы, знайшоў канверт: тады ўбачыў у ім каля 40 улётак і пачаў падкідваць у агонь і іх.

«Потым хтосьці спытаў, чаму я іх палю, — расказаў Дзенісенка. — Зотава ці Хількевіч падышлі і ўзялі ўлёткі, якія ляжалі на лавачцы, дзве, што засталіся, Дзенісенка паклаў сабе ў кішэню на памяць».

Вадзім Дзенісенка распавёў, што на наступны дзень яны прагульваліся ў горадзе і хтосьці з дваіх іншых абвінавачаных наляпіў стыкер на слуп на тэрыторыі школы: хто менавіта гэта зрабіў, ён не памятае. Таксама ён расказаў пра яшчэ некалькі месцаў, дзе Мікіта і Рыта наляпілі іх. Пасля гэтага ён вырашыў не пакідаць стыкеры ў сябе, і таму наляпіў адзін з іх на трансфарматарную будку, іншы — на сметніцу. Там было напісана: «Улада паказала зубы, час іх выбіць» і «Салідарнасць — наша зброя». Ён адзначыў, што зразумеў змест толькі пасля таго, як размясціў налепку, але не ўбачыў у ім нічога заганнага.

Вадзім Валер'евіч, ну вы ж дарослы чалавек. Вы сябе здаровым лічыце? Чалавек у вашым разуменні можа дзейнічаць без прычыны і нейкай мэты. Вось калі я кудысьці іду, то мне кудысьці трэба. А калі вы наляпілі налепку, навошта вы гэта зрабілі? — пацікавіўся дзяржаўны абвінаваўца.

— Проста. Пабачыў, як хтосьці наляпіў, і гэтак жа наляпіў сам, — адказаў Дзенісенка.

Таксама ён адзначыў, што не ведаў, што такое анархізм, калі ляпіў стыкеры: што значыць сімвал на налепцы, яму паведамілі праваахоўнікі. Таксама ён расказаў, што падчас запісу відэа яго прымусілі сказаць на камеру «ГУБАЗіК вас усіх знойдзе». Супрацоўнік сказаў яму, што цяпер знойдзе палку і стукне яго, калі ён не прамовіць гэту фразу. На ягоную думку, падчас мантажу да яго прызнання ў расклейванні налепак было дададзена «з мэтай масавых беспарадкаў».

«Вы непісьменная? Вы будучы спецыяліст з вышэйшай адукацыяй!»

Рыта Зотава сказала, што сустракалася з Мікітам Хількевічам больш за год, з Вадзімам Дзенісенкам пазнаёмілася за месяц да разгляданых падзей. Яна пацвердзіла гісторыю Дзенісенкі пра сустрэчу на лецішчы ў агульнага знаёмага Белькіна. Па дарозе назад Рыта ўбачыла, як ейны хлопец размясціў нейкую налепку і прапанаваў ёй наляпіць другую — дзяўчына пагадзілася. Гэта была адзіная налепка, якую яна размясціла. Рыта адзначыла, што ў Мікіты яшчэ заставаліся налепкі, а ў Вадзіма — не. Яна расказала, што, калі з ёй запісвалі «пакаяльнае» відэа, ёй паабяцалі: «Не хвалюйцеся, гэта нікуды не пойдзе». Дзяўчына распавяла, што «яны самі пабудавалі вось гэта, мне як правільна гэта сказаць. А я як бы не паглыбляючыся нават, не разумела нават». Таксама яна адзначыла, што дакладна не ведае, што такое анархізм.

 — Вы студэнтка трэцяга курсу, вучыцеся на 8-10 — і не цікавіцеся і не разумееце, што робіце? — на падвышаных тонах запытаўся суддзя. — Думалі, што рэклама? Чаму вы не прачыталі гэту рэкламу? Вы непісьменная? Вы будучы спецыяліст з вышэйшай адукацыяй.

Падчас папярэдняга следства Зотава расказвала, што па дарозе дадому Вадзім Дзенісенка дастаў стыкеры і прапанаваў іх расклеіць: яна пагадзілася на просьбу, яе мала цікавіў іх змест. Абвінавачаная растлумачыла супярэчнасць тым, што яна ўжо тады не памятала добра, як усё праходзіла. Падчас іншага допыту Зотава расказвала, што Дзенісенка прапанаваў размясціць налепкі яшчэ ля вогнішча.

Мікіта Хількевіч пацвердзіў аповед пра вечарынку і адзначыў, што памятае, як Дзенісенка кідаў налепкі ў вогнішча. Ён не памятае іх змест і думаў, што гэта рэклама. «Я спантанна іх ляпіў, быў вельмі п'яны», — растлумачыў ён. Гэтак жа, як і іншыя абвінавачаныя, ён да затрымання не ведаў, што такое анархізм. Калі яго затрымалі, у РАУС далі паперку, з якой ён мусіў прачытаць паказанні і раскаяцца на камеру.

Што ў матэрыялах справы?

Адзін з рэчыўных доказаў — кампакт-дыск з запісамі камер відэаназірання з СШ №2, на якім абвінавачаныя пазналі сябе. На запісах зафіксавана, што Рыта Зотава размясціла не адну налепку, як яна сцвярджала, а тры. Рэчыўным доказам прызнаны «папяровы канверт з адрэзкамі паперы». Паводле экспертызы, яны былі запакаваныя экспертамі.

Пракурор таксама папрасіў далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы выпіску з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў пра тое, што матэрыялы тэлеграм-канала «Прамень» прызнаныя экстрэмісцкай прадукцыяй.

Міліцыянтаў выклікала дырэктарка мясцовай школы

Дзяржаўны абвінаваўца не ўзяў пад сумненне слушнасць кваліфікацыі дзеянняў абвінавачаных паводле артыкулаў, якія былі ім інкрымінаваныя. Ён адзначыў, што з пратаколу агляду месца здарэння там былі выяўленыя і вынятыя налепкі з тэкстамі «Улада паказала зубы, час іх выбіць», «Надышоў час вырашаць самім», «Салідарнасць — наша зброя», «Уся Беларусь ненавідзіць мянтоў», «Карнікаў тут не абслугоўваюць», а таксама адрэзкі паперы. Іх на тэрыторыі школы знайшоў сведка Матвееў — вартаўнік сярэдняй школы №2, а дырэктарка школы Вольга Цалко даручыла яму зняць налепкі і перадаць ёй. Яна паведаміла пра іх у Чачэрскі РАУС.

calko_chachersk.jpg
Вольга Цалко, дырэктарка школы

Дзяржаўны абвінаваўца быў упэўнены, што абцяжарвальнымі акалічнасцямі варта прызнаць здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап'янення, а таксама групай асобаў паводле папярэдняй змовы. Змякчальнай акалічнасцю для Дзенісенкі пракурор прапанаваў прызнаць наяўнасць у яго дзіцяці. Ён папрасіў прызнаць іх вінаватымі паводле абодвух артыкулаў. Вадзіму Денісенку — прызначыць пакаранне ў выглядзе 3 месяцаў арышту паводле арт. 341 КК і 2,5 гады зняволення — паводле ч. 1 арт. 342. Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова асудзіць яго да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Мікіту Хількевічу і Рыце Зотавай прызначыць па тры месяцы арышту паводле арт. 341 КК і два гады зняволення — паводле ч. 1 арт. 342 КК. Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прызначыць кожнаму з іх пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама з кожнага абвінавачанага ён папрасіў спагнаць па 45 рублёў 91 капейцы.

Абаронцы абвінавачаных меркавалі, што доказаў вінаватасці іх падабаронных няма. Яны падкрэслівалі: размяшчаючы налепкі, маладыя людзі не мелі на мэце арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Таксама яны падкрэслілі, што інфармацыя супрацоўніка ГУБАЗіК пра тое, што абвінавачаныя з'яўляліся «прыхільнікамі леварадыкальных анархісцкіх поглядаў», не пацверджаная аб'ектыўнымі дадзенымі. Няўважлівасць абвінавачаных да зместу тэкстаў на налепках таксама пацвярджае тое, што некаторыя з іх былі прымацаваныя дагары нагамі. Пра адсутнасць групавых дзеянняў кажа той факт, што аналагічных спраў у Беларусі не разглядалася.

«Калі прытрымвацца версій падзей, прадстаўленых папярэднім следствам і дзяржаўным абвінавачваннем, вынікае, што нязначная дробная партыя паказаных аднатыповых улётак і налепак была выканана паліграфічным спосабам толькі дзеля таго, каб яны былі разава выкарыстаныя на тэрыторыі горада Чачэрска», — адзначылі абаронцы.

Яны таксама падкрэслілі, што лінгвістычныя экспертызы не выявілі ў тэкстах выказванняў заахвочвальнага характару, у іх таксама не знойдзена прыкметаў вербальнай агрэсіі.

Абаронцы ўдакладнілі, што не мела месца псаванне маёмасці ці цынічныя надпісы на ёй, бо ў матэрыялах справы няма ніякай інфармацыі пра тое, якая шкода можа быць прычыненая налепкамі, знятымі вартаўніком на наступны дзень без спецыяльнага абсталявання. Пасля эксперт не здолеў убачыць месца, на якім да гэтага была налепка.

Адвакаты прасілі апраўдаць падапечных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства