viasna on patreon

Што вядома пра крымінальныя справы за стварэнне і ўдзел у «Плане Перамога»

2022 2022-03-22T11:40:41+0300 2022-03-22T12:42:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peramoga_9q.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі амаль кожны дзень паведамляецца пра затрыманне ўдзельнікаў «мабілізацыйнага плана «Перамога», які 8 лістапада мінулага года быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Штодзень на праўладных тэлеграм-каналах з’яўляюцца «пакаяльныя відэа», на якіх часам збітыя затрыманыя прызнаюцца ў рэгістрацыі ў «Плане Перамога» і заклікаюць іншых не рэгістравацца там. Вядома, што ў хуткім часе пасля стварэння такога бота  супрацоўнікі ГУБАЗіКа стварылі аднайменны фэйкавы бот, з дапамогай якога ідэнтыфікуюць беларусаў і затрымліваюць іх пасля рэгістрацыі ці выкананні нейкіх заданняў, якія даюць ім сілавікі. Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя падрабязнасці крымінальнай справы супраць некаторых стваральнікаў «мабілізацыйнага плана «Перамога», а таксама яго ўдзельнікаў.

Хто ўзбудзіў крымінальную справу?

8 лістапада 2021 года Міністэрства ўнутраных справаў прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем «групу грамадзян, якая аб'ядналася з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў "BYPOL / мабілізацыйны план «Перамога».

На наступны дзень пасля прызнання «Плана Перамогі» экстрэмісцкім фарміраваннем старшыня аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта У. М. Валынец па ўзгадненні з першым намеснікам кіраўніка цэнтральнага апарата Следчага камітэта Аляксандрам Агафонавым узбудзіў крымінальную справу па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

agafonau_82.jpeg
Аляксандр Агафонаў

Агафонаў вядомы тым, што менавіта ён з’яўляўся кіраўніком следчай групы «справы Ціханоўскага» і быў адказны за пераслед і арышты Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Дзмітрыя Казлова, Ігара Лосіка, Уладзіміра Няронскага і ўсіх, хто праходзіў па гэтай справе. Супраць Агафонава ўжо ўведзеныя персанальныя санкцыі ЕС — ён увайшоў у чацвёрты пакет індывідуальных санкцыяў супраць Беларусі.

Валынец быў сярод тых следчых, хто ініцыяваў правядзенне масавых ператрусаў па ўсёй Беларусі ў праваабаронцаў, у тым ліку вясноўцаў, журналістаў і актывістаў 16 лютага 2021 году. Санкцыянаваў ператрусы намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гора. Тады Следчы камітэт заявіў, што ператрусы па арт. 342 КК праводзяцца  «ў арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя» з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэснай дзейнасці.

3 у 1. Супраць каго ўзбудзілі крымінальныя справы?

Следчы камітэт узбудзіў крымінальныя справы супраць трох груп асобаў: неустаноўленых асобаў, якія стварылі і кіруюць «Планам Перамога», пяць прадстаўнікоў BYPOL і асобаў, якія далучыліся да плана пасля 8 лістапада 2021 года.

Згодна пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы, Алег Талерчык, Аляксандр Азараў, Уладзімір Жыгар, Ігар Лобан, Матвей Купрэйчык і іншыя неўстаноўленыя асобы ў Варшаве не пазней за 20 кастрычніка 2020 года наўмысна стварылі экстрэмісцкае фарміраванне — групу грамадзян, аб’яднаную пад назвай «BYPOL», арганізаваную і кіраваную, у тым ліку, за межамі Беларусі, шляхам інтэрнэт-рэсурсаў: інтэрнэт сайта «мабілізацыйны план «Перамога», Telegram-канала «Сітуацыйна-аналітычны цэнтр і Telegram-бота «План ПЕРАМОГА» паўторна наўмысна стварылі экстрэмісцкае фармаванне «мабілізацыйны план «Перамога» і кіравалі ім. 

Супраць «неустаноўленых асобаў, якія наўмысна стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем» узбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, а супраць прадстаўнікоў BYPOL Алега Талерчыка, Аляксандра Азарава, Уладзіміра Жыгара, Ігара Лобана, Матвея Купрэйчыка — па ч. 2 арт. 361-1 КК. Ім пагражае ад 6 да 10 гадоў калоніі. У пастанове на ўзбуджэнне крымінальнай справы таксама гаворыцца, што «супраць асобаў, якія ўваходзяць у склад дадзенага экстрэмісцкага фармавання і якія ўдзельнічаюць у ім» узбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 361-1 КК, якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Па кожнаму факту ўзбудзілі тры крымінальныя справы, якія злучылі ў адну вытворчасць. 

pastanova_92.jpg
Копія пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы

Што ставяць у віну фігурантам крымінальнай справы?

У пастанове аб ўзбуджэнні крымінальнай справы гаворыцца, што для аб’яднання саўдзельнікаў экстрэмісцкага фармавання яго кіраўнікі ў глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт стварылі бот «План перамога», які ў сабе аб’яднаў асобаў з Беларусі, Літвы, Польшчы і іншых дзяржаваў для планавання, арганізацыі, падрыхтоўкі і здзяйсненні дзеянняў, якія заведама накіраваны на:

  • гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі;
  • захоп ці ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • здзяйсненне тэрарыстычнай дзейнасці;
  • распальванне сацыяльнай варожасці;
  • арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, актаў вандалізма;
  • прапаганду выключнасці, перавагу ці непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх сацыяльнай, расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай ці моўнай прыналежнасці;
  • распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў;
  • фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • публічныя заклікі да арганізацыі ці правядзення ў гэтых мэтах незаконных сходаў, мітынгаў, вулічнага шэсця, дэманстрацыі ці пікетавання з парушэннем устаноўленага парадку ці арганізацыі іх правядзення.

«Шляхам актыўных, наўмысных дзеянняў праз рэгістрацыю, якая выявілася ў актывацыі (старт) у Telegram боце «План Перамога» запаўнення, прадастаўлення, размяшчэння і перадачы кіраўнікам асабістых дадзеных пра сябе, сваіх навыках, кантактаў для сувязі, у тым ліку канспіратыўнай, а таксама іншай інфармацыі, якую запрашвае фарміраванне, увайшлі ў экстрэмісцкае фарміраванне і захавалі ў ім свой удзел, выказаўшы тым самым намеры здзяйснення пэўных супрацьпраўных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, ажыццявіўшы атрыманне саудзельнікаў, змову саудзельнікаў на здзяйсненне злачынстваў», — апісваецца аб'ектыўны бок злачынства ў пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць удзельнікаў "Плана Перамога".

Што вядома пра затрыманых за рэгістрацыю ў Telegram-боце «Плана Перамога»?

Затрыманні ўдзельнікаў «Плана Перамога» ажыццяўляюць супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Часта такія затрыманні з'яўляюцца жорсткімі: выламліваюцца дзверы ў кватэры, затрыманых кладуць на падлогу і апранаюць кайданкі, некаторых збіваюць. Як правіла, з затрыманымі запісваюць «пакаяльныя відэа», дзе яны прызнаюцца ў рэгістрацыі ў Telegram-боце «План Перамога» і заклікаюць іншых не рэгістравацца там, бо ён «не ананімны».

На праўладных тэлеграм-каналах размешчаны дзясяткі «пакаяльных відэа». Пад імі часта паведамляецца, што затрыманым інкрымінуецца ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні.

Сапраўды, супраць некаторых затрыманых узбудзілі крымінальныя справы па арт. 361-1 КК, але праваабаронцам вядомыя адзінкавыя выпадкі змяшчэння іх пад варту — выбіраецца мера стрымання, не звязаная з пазбаўленнем волі. Што характэрна, ніводны палітвязень не з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы за рэгістрацыю ў тэлеграм-боце «План Перамога».

Часта затрыманых пасля «пакаяльнага відэа» судзяць па адміністрацыйных артыкулах, а пасля «сутак» вызваляюць. На некаторых узбуджаюць крымінальныя справы па іншых артыкулах, напрыклад, па арт. 342 Крымінальнага кодэкса па знойдзеных у тэлефонах відэа і фота з мітынгаў. 

Складваецца ўражанне, што запіс "пакаяльнага відэа" і яго апублічванне — ёсць асноўная мэта сілавікоў пры пераследзе за рэгістрацыю ў Telegram-боце «План Перамога».

Апошняя гучная справа ўдзельніка «Плана Перамога»

Аляксей Шышкавец
Аляксей Шышкавец

2 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Асіповічах затрымалі 43-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Аляксея Шышкаўца. Цяпер ён знаходзіцца ў магілёўскай турме №4. 

Па інфармацыі МУС, у пачатку 2022 года мужчына «ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі». 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні па блакіроўцы чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстанні «кактэйляў Молатава».

"Ён выказаў актыўную гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўванняў эшалонаў з ваеннай тэхнікай", — кажа начальнік магілёўскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Міхаіл Сухачоў.

МУС адразу заявіў, што супраць Аляксея ўзбудзілі крымінальную справу за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні з мэтай здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці (арт. 361-1 КК). 

22 сакавіка Следчы камітэт паведаміў, што супраць Аляксея таксама ўзбуджаная крымінальная справа аб падрыхтоўцы да тэракту на чыгунцы (арт. 13 і арт. 289 КК). 


Калі вашыя блізкія сталі фігурантамі "палітычных" крымінальных спраў, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам "Вясны" праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS@SOSViasnа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства