viasna on patreon

Затрыманні "дыверсантаў" і ўдзельнікаў акцый пратэсту: хроніка пераследу 22 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-22T10:30:36+0300 2022-03-22T21:52:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maliauka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 22 сакавіка працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За ўдзел у пратэстах затрыманы студэнт БДУІР

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне студэнта БДУІР Яўгена Маляўка, які вучыцца на факультэце ФІТУ, спецыяльнасць — штучны інтэлект.

Папярэдне, Яўген затрыманы па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).


Затрыманы ўдзельнік "Плана Перамога", які рыхтаваў тэракт на чыгунцы

Паводле звестак следства 43-гадовы жыхар Асіповічаў у студзені мінулага года добраахвотна ўступіў у экстрэмісцкае фармаванне "BYPOL" "Мабілізацыйны план "Перамога" , ад кіраўнікоў якога ініцыятыўна запатрабаваў звесткі аб месцах размяшчэння рэлейных шафаў на чыгунцы для ўчынення тэрарыстычных актаў.

У перапісцы з адміністратарамі канала мужчына заяўляў, што гатовы да рашучых дзеянняў, вырабу выбуховых рэчываў і рэалізацыі злачынных дзеянняў «па загадзе».

Кіраўнікі злачыннай супольнасці выслалі мужчыну інструкцыі па вырабе прыстасаванняў і спосабаў учынення злачынстваў, рэкамендацыі па мерах канспірацыі, а таксама інфармацыю аб месцах правядзення будучых тэрактаў.

Што вядома пра крымінальныя справы за стварэнне і ўдзел у «Плане Перамога»

8 лістапада 2021 года Міністэрства ўнутраных справаў прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем «групу грамадзян, якая аб'ядналася з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў "BYPOL / мабілізацыйны план «Перамога».


ГУБАЗіК затрымаў мінчука, які збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з мінчуком Іванам Кавалеўскім. На відэа мужчына (верагодна, моцна збіты перад гэтым) «прызнаецца», што ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну супраць расійскіх войскаў.

Паведамляецца, што Кавалеўскі праходзіць па арт. 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).


За ўдзел у жнівеньскіх пратэстах затрымалі жыхарку Мінска

Стала вядома пра затрыманне 34-гадовай мінчанкі Юліі Макась. Праўладныя каналы паведамляюць, што ГУБАЗіК прыйшоў да яе з ператрусам, бо жанчына «аднабока распаўсюджвала свае прафашысцкія ідэі ў падтрымку ўкраінскіх радыкальных нацыяналістаў».

Папярэдне, пасля ператрусу жанчыну затрымалі, супраць яе распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).


У Мінску затрыманы Дзмітрый Іванчанка

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі 35-гадовага мужчыну за каментары ў інтэрнэце.


Масавыя затрыманні «каментатараў»: рэпрэсіі на Гомельшчыне

У ІЧУ Гомеля ўтрымліваецца 21-гадовы Яўген Рагуцкі, які мае захворванне з дзяцінства — рэўматоідны артрыт. Вядома, што хлопца затрымалі за пост у тэлеграме.

Таксама ў ІЧУ Гомеля ўтырмліваецца 41-гадовы Сяргей Захарэнка (на фота). З ім сілавікі запісалі «пакаяльнае відэа», дзе паказваюць, як трое амапаўцаў у бранізэльках і касках уламліваюцца ў кватэру да мужчыны. Супраць Сяргея ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за тое, што назваў у каментарах у сацсетках экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева «осетинским чмом».

Паведамляецца, што апошнім часам у Гомелі супрацоўнікі ГУБАЗіКа масава затрымліваюць «каментатараў». Затрымліваюць як мужчын, так і жанчын.

Для «палітычных» у гомельскім ІЧУ ствараюць «асобыя» ўмовы ўтрымання:

«Матрацаў, коўдраў, падушак не выдаюць. На дзень адбіраюць курткі. У камерах холад сабачы. Днём нельга ляжаць — сядзець ці стаяць. Чатыры разы на дзень праходзіць асабісты «шмон» і агляд камеры: у кайданках усіх выводзяць на калідор, ставяць да сцяны галавой, ногі шырока, рукі ўверх назад. Ноччу два разы будзяць, арыштант мусіць устаць і назваць прозвішча. Перадачы для палітычных ці наогул не бяруць, ці міліцыянты з'ядаюць вялікую частку самі».


Мінчука затрымалі за каментары пра расейскіх вайскоўцаў

Стала вядома пра затрыманне Вячаслава Бяганскага. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, 51-гадовы мужчына «вырашыў падтрымаць паслядоўнікаў неанацысцкіх поглядаў і пакінуў абразлівыя каментары ў адрас расейскіх вайскоўцаў».

Папярэдне, Вячаслаў стаў падазраваным па арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці).


Прызначаная дата суда над Соф’яй Сапега

Разгляд крымінальнай справы супраць Соф’і Сапега, грамадзянкі Расеі, якая была затрыманая разам з Раманам Пратасевічам пасля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair у Менску, пачнецца 28 сакавіка ў Гарадзенскім абласным судзе, паведамляе ВВС са спасылкай на інфармацыю ад адваката Соф’і Антона Гашынскага.

Соф’ю Сапегу абвінавачваюць у адміністраванні тэлеграм-каналу «Чёрная книга Беларуси», у якім публікавалася інфармацыя пра беларускіх сілавікоў.

Сафія Сапега

Судзіць Соф’ю будуць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130);
  • арганізацыя гвалту і пагрозаў ужывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органа ўнутраных справаў (ч. 4 арт. 16 і арт. 364);
  • арганізацыя ўздзеяння на супрацоўніка органаў унутраных справаў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці (ч. 4 арт. 16 і арт. 365);
  • арганізацыя гвалту і пагрозы гвалтам, знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі (ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 366);
  • арганізацыя пагрозы забойствам, гвалтам, знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да суддзяў і іх блізкіх (ч. 4 арт. 16 і арт. 389)
  • арганізацыя перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, прымусе яго да адмовы ад распаўсюджвання інфармацыі, учыненай з ужываннем гвалту (ч.4 ст.16 і ст.198);
  • наўмысныя незаконныя зборы і распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных іншай асобы без яе згоды, якія прывялі да прычынення істотнай шкоды правам пацярпелага (ч.1 і 2 арт.203-1).

ВВС піша, што Соф’і пагражае 6 гадоў турмы.


Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Футбол и волейбол в БГТУ 97%» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Таксама «экстрэмісцкім» прызнаны лагатып «Футбол и волейбол в БГТУ 97%».

Такое рашэнне 10 сакавіка прыняў суд Ленінскага раёну Мінска.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства