У Мінску за "зліў" тэлефонных размоваў Эйсмант пачалі судзіць падпалкоўніка КДБ
Сёння, 21 сакавіка, у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме распачаўся судовы працэс па крымінальнай справе супраць 38-гадовага падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча, які меў доступ да сакрэтнай інфармацыі ў ведамстве. Пад вартай ён утрымліваецца каля году. Храловіча абвінавачваюць па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча). Справу разглядае суддзя Дзіяна Кучук. Храловічу пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Пра крымінальную справу супраць падпалкоўніка вядома толькі з дзяржаўных СМІ. Год таму на тэлеканале АНТ паказалі фільм «Аперацыя КДБ “Манкурты“», у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча. Гэта значыць, што пад вартай сілавік знаходзіцца каля году.
Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых аўдыя вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Але ў гэтым жа фільме сцвярджалася, што размовы — інсцэніроўка, пра якую Храловіч не ведаў. Таксама паведамлялася, што Аляксея затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі беларусаў, якіх могуць пераследаваць па палітычных матывах. У выніку, сілавікі затрымалі групу людзей, якая яму мусіла дапамагчы. Яшчэ год таму па дзяржтэлебачанню паведамілі, што Храловіча вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».
Па гэтай жа справе быў затрыманы і ўжо асуджаны да 18 гадоў калоніі палітзняволены спецсувязіст Генштаба Узброеных сіл Дзяніс Урад.
Як дзяржава пераследуе экс-сілавікоў і вайскоўцаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі
Каго і за што ў Беларусі пераследуюць па артыкуле "здрада дзяржаве"