Палітвязня Сяргея Красоўскага асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі
16 сакавіка 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна быў вынесены прысуд палітвязню Сяргею Красоўскаму: суддзя Юрый Машкетаў прызнаў яго вінаватым і асудзіў да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Палітвязня прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса. Згодна з абвінавачаннем, 9 жніўня 2020 года ён удзельнічаў у дзеяннях, спалучаных з неаднаразовым непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў руху транспарта, а таксама перакрываў дарогу. Акрамя гэтага, палітвязень "здзяйсняў блакіроўку руху у счэпцы локцямі ў першых шэрагах".
Красоўскі часткова прызнаў віну: падкрэсліў, што не прызнае, што не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўнікаў. Дзяржабвінаваўца адзначыў, што "часткова — гэта называецца "не прызнаеце".
Сяргей распавёў, што тэлеграм-каналы не праглядаў, выкарыстоўваў мэсэнджар толькі для ліставання. Ён адзначыў, што выйшаў паглядзець на натоўп, ні з кім пра гэта загадзя не дамаўляўся: думаў, што гэта нешта, прымеркаванае да выбараў. Калі ён дайшоў да праспекта Машэрава, там было шмат людзей на праезнай часткі, і каля Стэлы ён таксама выйшаў на яе. Каля гасцініцы падняўся на ўзвышша, і хаця людзі сталі разыходзіцца, ён застаўся паглядзець, што будзе далей. Тады міліцыя стала выцясняць людзей, Сяргей працягваў глядзець, і тады міліцыянт ўдарыў яго па галаве, а калі ён упаў — і па спіне. Сяргей прызнаўся, што не збягаў, таму што не вінаваты. Ён распавёў, што насамрэч прастаяў у счэпцы каля пяці хвілінаў, але вырваўся з яе, бо "зразумеў, што нешта не тое". Палітвязень падкрэсліў, што не ставіў ніякай мэты, калі ўдзельнічаў у счэпцы. Сяргей прызнаў, што выйшаў на праезную частку, але тады супрацоўнікі міліцыі не выказвалі ніякіх патрабаванняў. Ён падкрэсліў, што атрымаў траўму галавы і спіны, але міліцыянты не дапамаглі яму: ён ляжаў на зямлі і не мог падняцца. І толькі невядомыя пратэстоўцы паднялі яго і павялі ў бок праспекта — там яго забралі на "хуткай дапамозе": у бальніцы зафіксавалі ўдар і гематому ў вобласці патыліцы. 10 жніўня Сяргея выклікалі ў Маскоўскі РАСК, спыталіся пра траўмы і вынулі рэчы, у якіх ён быў у той дзень: ніякіх папер пасля гэтага яму не далі, ён таксама не пісаў заяву пра пабоі. Пасля гэтага яму прыйшоў ліст, што ён адмовіўся ад экспертызы. Таксама ён распавёў, што падчас дачы паказанняў у дзень ягонага затрымання на яго аказваўся маральны ціск: гэта былі людзі ў форме і масках, якія павезлі яго на мікрааўтобусе ў адміністрацыйны будынак. Ён выказаў меркаванне, што яго затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК: апазнаць ён іх бы не смог. "Пакаяльнае відэа" з ім запісалі толькі з чацвертай спробы: першыя тры разы супрацоўнікам нешта не падабалася. Тое, што ён мусіў сказаць, яму дыктавалі супрацоўнікі. Запіс, які атрымаўся ў выніку, праўдзівы толькі часткова.
Дзяржабвінаваўца запытаўся, чаму абвінавачаны не папрасіў дапамогі ў міліцыі — каб палітвязня вызвалілі. Таксама ён пацікавіўся, чаму абвінавачаны адразу не падняўся на ўзвышша — "агляд быў бы лепшым". Абвінавачаны адказаў, што хацеў пабачыць усё на свае вочы.
На пасяджэнні таксама былі зачытаныя пратаколы допыта. Падчас іх ён таксама адмаўляў, што быў у стане алкагольнага ап'янення: ён піў 8 жніўня, а 9 жніўня пад раніцу ужо вярнуўся дадому.