viasna on patreon

"За тое, што не змірылася ў 2020-м". Двойчы асуджаную па "палітыцы" айцішніцу асудзілі ў трэці раз: ёй прызначылі 3 гады "хатняй хіміі"

2022 2022-03-18T14:37:00+0300 2022-03-18T15:39:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marina_nevdax_palitviazen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марына Неўдах

Марына Неўдах

17 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска разгледзеў справу палітзняволенай Марыны Неўдах.

Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Жанна Хвайніцкая.

Дзяўчыну абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".

Марыне Неўдах 37 гадоў. Паводле адной з адукацый яна журналістка. Паспела стаць нават кандыдаткай тэхнічных навук. З 2015 года працавала ў EPAM тэсціроўшчыцай праграмнага забеспячэння. Разам з мужам выхоўвала дваіх дзяцей, якім на момант яе затрымання было 9 і 11 гадоў.

Вядома, што ў 2020 годзе Марыну двойчы затрымлівалі і судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў 23.34 "Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў" і 23.4 "Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў". Абодва разы жанчыну каралі штрафамі.

Праз падазрэнне ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле ч.1 арт. 342 жанчыну арыштавалі 16 снежня 2021 года. Прыйшлі проста дадому. Праверылі тэлефон, зладзілі ператрус, затрымалі на вачах у дзяцей і павезлі спачатку ва УСК па Мінску, а потым на Акрэсціна, дзе стварылі для яе невыносныя ўмовы знаходжання. Вельмі хутка ў жанчыны пахіснулася здароўе і яна захварэла.

Пазней Марыну перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе і пратрымалі да суда.

29 снежня 2021 года праваабарончая супольнасць прызнала Марыну Неўдах палітзняволенай з патрабаваннем неадкладна вызваліць яе з-пад варты.

На жаль, падрабязнасцяў з залы суда ў праваабаронцаў няма. Але мяркуючы па звестках, якія "Вясна" мае дзякуючы крыніцам, блізка знаёмым з гісторыяй Марыны, можна казаць пра тое, што, па сутнасці, усе тры разы жанчыну судзілі за тое, што пасля абвяшчэння вынікаў выбараў-2020 яна не змагла з імі змірыцца і гэтак жа, як і тысячы іншых беларусаў, выяўляла сваю нязгоду словам і справай. За што і апыналася на лаве падсудных.

17 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прызнаў Марыну Неўдах вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх" і прызначыў ёй у якасці пакарання абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады плюс штраф, дакладны памер якога праваабаронцам пакуль невядомы.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і на Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства