viasna on patreon

Затрыманні, допыты, экстрэмісцкія рэсурсы: хроніка пераследу 16 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-16T12:28:42+0300 2022-03-16T18:20:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevich_siamya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер і Наста Дашкевічы

Зміцер і Наста Дашкевічы

У Беларусі 16 сакавіка працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 16 сакавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

На 15 сутак арыштавалі былога палітвязня Алега Корбана

Вядома, што лідара грамадскай ініцыятывы "Альтэрнатыва" Алега Корбана затрымалі ўвечары 14 сакавіка ў Мінску. Ён ішоў ад лекара праз парк у Драздах, яго спынілі супрацоўнікі, праверылі прозвішча па базе і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Там на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП. У чым выяўлялася непадпарадкаванне — невядома.

У выніку, суд Цэнтральнага раёна арыштаваў Алега на 15 сутак.

Нагадаем, у красавіку мінулага года суд Маскоўскага раёна Мінска ў закрытым рэжыме асудзіў Корбана па ч. 1 і 2 арт. 342 КК. Суд прызначыў яму 1,5 года калоніі з умоўным непрымяненнем пакарання. Пасля шасці месяцаў пад вартай палітвязня вызвалілі ў залі суда. Гэта адзіны такі выпадак па палітычных матывах за час з пачатку выбарчай кампаніі. Яшчэ адзін асуджаны Арцём Сарокін атрымаў адтэрміноўку выканання пакарання згодна з арт. 77 Крымінальнага кодэкса.


Затрыманне ў Стоўбцах

У Стоўбцах дома затрыманыя Таццяна Нікіціна і Кірыл Кнышоў. Прычыны, абставіны затрымання і іх месцазнаходжанне невядомыя. 


У Мінску затрыманы Іван Ганін

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне спартоўца Івана Ганіна. Яго забралі з дома ў Мінску.

Іван Ганін — шматразовы чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу і тайскаму боксу. Вядома, што ў 2020 годзе Ганіна і лёгкаатлета алімпійскага прызёра Андрэя Краўчанку асудзілі на 10 сутак. Раней Ганін і Краўчанка асудзілі гвалт з боку сілавікоў і выступілі за новыя сумленныя прэзідэнцкія выбары. Яны таксама ўваходзяць у Свабоднае аб'яднанне спартсменаў.

UPD: Праз дзве гадзіны Івана вызвалілі.


У Мазыры затрыманы супрацоўнік НПЗ

Праваабаронцам стала вядома, што сёння ў Мозыры на працоўным месцы затрымалі рабочага мясцовага НПЗ Вячаслава Прушака. Падрабязнасці здарэння высвятляюцца. Невядома, дзе мужчына знаходзіцца цяпер.


Актывіста Змітра Дашкевіча выклікалі на допыт разам з цяжарнай жонкай

Зміцер Дашкевіч распавёў у сацыяльных сетках, што яму і ягонай жонцы Насты прыйшла позва на допыт:

«...Цяпер жа, калі прыйшла позва на трэці допыт, я ня проста спужаўся — я разгубіўся, бо разам з позвай на мяне прыйшла позва і на маю жонку Насту. Нас выклікалі на допыт удвух, а пойдзем мы ўтрох — і гэта, напэўна, найцяжэйшае выпрабаваньне ў маім жыцьці. Я ці не ўпершыню за змагарскія гады задумаўся, заставацца нам ці ехаць.

Я ня ведаю, ці я вярнуся сёньня. Калі я вярнуся сёньня, я ня ведаю, ці я вярнуся наступны раз. Але дазвольце мне паўтарыць тое, што я напісаў больш за тысячу разоў у лістах палітвязьням: сёньня нам трэба з усяе моцы ўчапіцца за Ісуса Хрыста і родную мову – толькі тады выратуемся – і кожны з нас як асоба, і мы ўсе разам – як нацыя.

На зоне – нічога новага і гэта не канец сьвету. Таму за мяне не хвалюйцеся. Хто можа, памаліцеся за каханую маю Насту і таго, хто ў яе пад сэрцам і пойдзе на допыт разам зь ёю. Будзьма трымацца за Ісуса Хрыста і родную мову – і тады пераможам», — напісаў Зміцер.


Рэсурсы і нават лагатыпы працягваюць прызнаваць экстрэмісцкімі

Экстрэмісцкім фармаваннем прызнаны тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Пра гэта стала вядома з паведамлення МУС. На канале размяшчаецца інфармацыя пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

Стала вядома, што суд Цэнтральнага раёну Мінска яшчэ 4 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» шэраг лагатыпаў буйных тэлеграм-каналаў. У спіс «забароненых» трапілі лагатыпы «Карателей Беларуси», «Белсат», «Хартия 97», «Баста», «Буслы Ляцяць», «Еврорадио», «СТРАНА для ЖИЗНИ», «ByPOL», «Радыё Свабода», «ПЛАТФОРМЫ ГОЛОС», «ОГСБ», «Кибер-Партизан», «Кибер сливов», «ДНС, «Реальной Беларуси», «МКБ», «МотолькоПомоги», «Супраціў», «КПД», «Белых Халатов», «BYSOL». Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнана «изображение ладони белого цвета на сиреневом фоне с узорами синего цвета и надписью "ВЯСНА"».

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаная інфармацыйная прадукцыя ўсіх інтэрнэт-старонак «Маланка Медиа» (у тым ліку, TikTok старонка «Маланкі»), тэлеграм-чат і сайт "Гарадзенскай Праваабароны", "Радыё Рацыя", "Praca.by.info", "Хартия-97". Асобна экстрэмісцкімі матэрыяламі таксама прызнаныя шэраг артыкулаў на гэтых рэсурсах, якія ўтрымліваюць каментары намесніцы старшыні прафсаюза РЭП у Брэсцкім рэгіёне Зінаіды Міхнюк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства