viasna on patreon

Непаўнагадоваму хлопцу, які ў каментарах заклікаў забіць Лукашэнку і “узяць” выканкам, прысудзілі 1,5 гады “хатняй хіміі”

2022 2022-03-10T16:21:36+0300 2022-03-10T16:49:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zuenak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага пасяджэння па справе Фёдара Зуёнка, якое прайшло 4 сакавіка ў судзе Барысаўскага раёна. Непаўнагадовага хлопца абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Дзмітрый Крывела. Бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала Таццяна Якубовіч.

У віну 17-гадоваму хлопцу ставяць тое, што з 8 па 11 жніўня 2020 года ў тэлеграм-канале “Борисов-97%” ён пакінуў каментары з заклікамі, якія ў тым ліку мелі гвалтоўны чыннік.

Па версіі бока абвінавачвання, у гэтых каментарах Фёдар заклікаў забіць Лукашэнку, “узяць” мясцовы выканкам, а таксама размясціў у сваіх допісах малюнак “Кактэйля Молатава”.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Суду хлопец патлумачыў, што злачынства здзейсніў пад уплывам эмоцый і прычыняць шкоду грамадскім інтарэсам не жадаў.

У якасці пакарання для Зуёнка дзяржабвінаваўца запытала ў суда 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суд падтрымаў бок абвінавачвання, прызнаўшы Фёдара Зуёнка вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" і прысудзіўшы хлопцу 1,5 гады “хатняй хіміі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства