viasna on patreon

У Мінску бяздомнага асудзілі да года калоніі за "неаднаразовае парушэнне парадку пікетавання"

2022 2022-03-02T18:18:50+0300 2022-03-02T18:19:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kutas.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 2 сакавіка да аднаго года калоніі агульнага рэжыму асудзілі 59-гадовага палітзняволенага бяздомнага з Мінску Аляксандра Кутаса. Суд праходзіў па арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса за "неаднаразовае парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў". Гэта новы артыкул Крымінальнага кодэкса, які дзейнічае з 18 чэрвеня 2021 года. Аляксандр Кутас — першы асуджаны па ім. У 2021 годзе мужчыну арыштоўвалі дзесяць разоў па "народным артыкуле" 24.23 КаАП за тое, што ён збіраў міласціну ў пераходах метро з дапамогай таблічак з надпісамі. Справу палітзняволенага разглядала суддзя Юлія Блізнюк.

Аляксандр Кутас

Згодна версіі абвінавачвання, Аляксандр Кутас неаднаразова парушыў устаноўлены парадак арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

На судзе Кутас прызнаў віну. Пад вартай у СІЗА-1 ён утрымліваецца з 1 снежня мінулага года — тры месяцы.

За 2021 год Аляксандра каралі адміністрацыйным арыштам па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) дзесяць разоў. Пратаколы на яго складалі за плакаты, на якіх звычайна быў намалёваны сцяг БССР і напісаныя просьбы аб дапамозе. Але аднойчы яго затрымалі за БЧБ-плакат з надпісам: «Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагера і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь». На Акрэсціна Кутас правёў мінімум 130 сутак арышту. Звычайнае месца затрымання Аляксандра — станцыя метро «Каменная Горка». Там яго месца «заробку». Цэлы дзень ён сядзеў з ламініраванымі таблічкамі, дзякуючы якім і «зарабляў» сабе на жыццё. Аляксандра часам можна было сустрэць з маленькімі жывёламі. Вядома, што Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі.

На судзе Аляксандр казаў, што сядзеў з плакатам не для таго, каб «прадэманстраваць сваё стаўленне да чаго-небудзь», а каб зарабіць грошай. Сведка на працэсе сцвярджаў, што гэты чалавек увесь час сядзеў у пралёце метро, мэта яго была збіраць міласціну. Пры гэтым, сведка не аднесла плакат да дэманстрацыі грамадзянскай пазіцыі Кутаса, а аднесла гэта да таго, што яго ў гэтай сітуацыі выкарыстоўвалі.

Адвакатка Кутаса на судзе сказала:

«Калі ўпершыню гаварылі з падабаронным у межах гэтай крымінальнай справы, падабаронны запытваўся: "Як Вы лічыце, ці могуць мне даць арышт,  хацеў бы арышт." І на сённяшні дзень ацэньваючы свае дзеянні лічыць, што гэта суразмерна таму, што ён здзейсніў». 

Аляксандр Кутас. Фота spring96.org
Аляксандр Кутас. Фота spring96.org

Пракурор запрасіў у суда пакаранне для Аляксандра Кутаса ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Юлія Блізнюк 2 сакавіка. Таксама яна пастанавіла прызначыць Аляксандру прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Акрамя гэтага, Блізнюк пастанавіла знішчыць ламінаваную таблічку Кутаса.

Як жыве бяздомны з Мінску, якога арыштавалі па "народным артыкуле" амаль на 100 сутак

"Вясна назірае" даведалася ў яго сукамерніка па "сутках па народным артыкуле", як цяпер змянілася жыццё мужчыны, які стаў "БЧБ-пагрозай" для мінскіх міліцыянтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства