Затрыманні за выступы супраць вайны, улады і рэферэндуму, вобшукі, ціск на зняволеных і прафсаюзы: палітычны пераслед 24-25 лютага Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За дваровыя чаяванні, вядзенне тэлеграм-канала і ўдзел у пратэстных маршах у Мінску затрымалі мужа і жонку
Размова ідзе пра Сяргея Клінцэвіча і Таццяну Запольскую-Доўнар. “Пакаяльныя відэа” з імі 24 лютага размясціў праўладны тэлеграм-канал. На відэа Сяргей кажа пра тое, што ў 2020-м годзе хадзіў на пратэстныя мітынгі і быў адным са стваральнікаў закрытага тэлеграм-канала Маскоўскага раёна сталіцы. У рукі падчас запісу відэа мужчыне ўклалі чырвона-зялёны сцяг.
Таццяна на “пакаяльным відэа”, відавочна вельмі хвалюючыся і знаходзячыся ў стрэсе, распавядае, што яна шматдзетная маці, гадуе траіх дзяцей. У 2020-м годзе была падпісана на дэструктыўныя тэлеграм-каналы і ўдзельнічала ў дваровых чаяваннях, за што і была затрыманая. Які артыкул ставяць у віну Сяргею Клінцэвічу і Таццяне Запольскай-Доўнар, пакуль невядома, таксама як і пра абствіны іх затрымання.
Перастаў выходзіць на сувязь сябра БСДП “Грамада” Віталь Савіч
Віталь быў кандыдатам у дэпутаты ў 2019-м годзе. Быў затрыманы на маршах у Мінску ў 2020-м. Мужчына мае інваліднасць. Яшчэ 23 лютага да яго прыйшлі сілавікі, адключылі святло, але Савіч ім не адчыніў. Пра гэта паведамляюць яго сябры. 24 лютага раніцай ён выйшаў на вуліцу, да 13 гадзін быў на сувязі, а потым знік. Абодва тэлефона мужчыны недасягальныя.
У Віцебску 25 лютага затрыманы праваабаронца Міхаіл Жамчужны
Абставіны затрымання пакуль невядомыя.
На Акрэсціна перасталі прымаць перадачы
Афіцыйная прычына гучыць так: «В связи с неблагоприятной эпидемиологической обстановкой COVID-19». Так напісана ў аб'яве на дзвярах ізалятара.
Да жонкі палітвязня Віталя Жука прыйшлі з ператрусам
Як стала вядома Брэсцкай "Вясне", 23 лютага прайшоў чарговы ператрус у сям'і Маргарыты Касабуцкай. Яе мужа, палітвязня Віталя Жука, раней асудзілі па ч.1 арт. 368 за абразу Лукашэнкі да 1,5 гадоў калоніі. Мужчына ўжо адбывае тэрмін у ВК-2. Па розных падставах сілавікі прыходзілі да Маргарыты ўжо некалькі разоў. У перадапошні раз гэта было 18 лютага 2022 года. Тады правялі ператрус, але нічога не забралі. Падчас ператрусу 23 лютага стала зразумела, што жанчыну таксама падазраюць у абразе Лукашэнкі за фразу "Лукашэнка - нелегітымны прэзідэнт". Гэтым разам на ператрус сілавікі прыйшлі разам з органамі апекі. Але забраць дзяцей не ўдалося, бо іх да сябе ўзяла бабуля. Саму Маргарыту не затрымалі. Па дадзеных Брэсцкай "Вясны", зараз жанчына ў бяспецы.
Працягваецца ціск на палітзняволенага Яўгена Афнагеля
Жонка палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля паведаміла, што яго зноў змясцілі ў ШІЗА. Агулам палітвязень правёў у штрафным ізалятары 30 сутак, а сёння стала вядома, што яму дадалі яшчэ 7 сутак - ён прабудзе там як мінімум да 1 сакавіка. Таксама дадому да жонкі палітвязня прыходзіла міліцыя - шукалі яе, прасілі ў бацькі ключы ад дома. Прычына такой цікавасці сілавікоў невядомая - жанчына знаходзіцца за мяжой. Нагадаем, каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» 25 траўня асудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Новае кіраўніцтва прымушае супрацоўнікаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў удзельнічаць у рэферэндуме і цэнзуруе іх пасты ў сацсетках
З вартых даверу крыніц «Вясне» стала вядома, што ў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў «зверху» да супрацоўнікаў настойліва даводзіцца інфармацыя пра тое, што «ўдзел адвакатаў на рэферэндуме строга абавязковы». Таксама ў працоўных чатах юрыстаў папярэджваюць аб тым, каб яны не ўздумалі псаваць бюлетэні не рэферэндуме, і тым больш не пісалі ў сацсетках і чатах «некарэктныя каментары пра сітуацыю ва Украіне». Нагадаем, 14 лютага гэтага года рашэннем Савета БРКА новым старшынёй Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў стаў Аляксей Швакаў. Яго намеснікам абраная Алена Быліна.
Затрыманні перад рэферэндумам
Праўладны телеграм-канал выклаў “пакаяльнае відэа” з Раманам Булойчыкам. На фоне дзвярэй затрыманы мужчына гаворыць, што 24 лютага ў адным з тэлеграм-каналаў, які прызнаны экстрэмісцкім, ён пакінуў каментар з заклікам выйсці на мітынг у дзень рэфэрэндума, а ўжо праз 6 гадзін яго затрымалі. Дзе цяпер знаходзіцца Раман Булойчык і які артыкул яму інкрымінуюць, пакуль невядома.
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне ў Бабруйску Валянціна Варычава. Мужчыну затрымалі каля крамы і абвінавацілі па арт. 19.1 КаАП “Дробнае хуліганства”, нібыта ён «крычаў, размахваў рукамі, паводзіў сябе задзірліва». Праз некалькі гадзін Валянціна шпіталізавалі ў бальніцу з павышаным ціскам. Паведамляецца, што пасля выбараў мужчыну неаднаразова затрымлівалі па палітычных матывах.
25 лютага з'явілася новае "пакаяльнае відэа" ад ГУБАЗіКа з затрыманым Мікітам Мірзоевым. На камеру мужчына нібыта прызнаецца ў тым, што "знаходзячыся ў стане адчаю, расчаравання і алкагольнага ап'янення выпадкова пакінуў каментар на партале Zerkalo.io з заклікам выходзіць на мітынг супраць унясення паправак у Канстытуцыю Беларусі". На відэа Мікіта раскайваецца ў зробленым і абавязваецца выконваць закон. Дзе зараз знаходзіцца затрыманы, невядома.
Затрыманні за пратэсты супраць вайны Расіі з Украінай
У Жодзіне ГУБАЗіК затрымаў Аляксандра Міронава. Яго абвінавачваюць у тым, што 24 лютага мужчына пакінуў паведамленні з заклікам сабрацца а 17.00 ля крамы Green, каб выказаць свой пратэст супраць вайны Расіі з Украінай. З Аляксандрам зрабілі “пакаяльнае відэа”. На камеру ён раскайваецца ў сваіх дзеяннях і кажа пра тое, што ў 2020-м годзе таксама заклікаў да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Сваякі затрыманага паведамілі, што яму інкрымінуюць крымінальную справу, але якую, невядома.
У Маладзечне затрымалі жанчыну, якая выйшла на антываенны пікет. 24 лютага каля 11 раніцы Вольга Барунова стала на дарозе каля крамы на Вялікім Гасцінцы з бел-чырвона-белым сцягам. Прыкладна праз 15 хвілін прыехалі сілавікі. Жанчына спрабавала ўцячы, але яе схапілі.
“Раніцай мама была вельмі расстроеная навіной пра тое, што ва Украіне пачалася вайна. Гэта і падштурхнула яе выйсці адной на акцыю”, - напісаў сын Вольгі.
Як паведамілі сведкі, у Гомелі на Савецкай вуліцы затрымалі мужчыну. Ён толькі паспеў напісаць на плоце слова “Пуцін”, як быў затрыманы міліцыянтамі.
У Мінску затрымалі Паўла Ларына. Даведаўшыся пра ваеннае уварванне расийскіх войскаў ва Украіну, мужчына на эмоцыях напісаў каментар у тэлеграм-чаце «Малінаўка», у якім рэзка асудзіў дзеянні Расіі. Праз некалькі гадзін за Паўлам прыйшоў ГУБАЗіК. На відэа, якое запісалі з затрыманым і размясцілі на праўладным телеграм-канале, мужчына на фоне сцяны з чырвона-зялёным сцягам кажа пра тое, што перапіска ў тэлеграм-чатах не ананімная, што ён шкадуе аб зробленым і перажывае за сваіх маленькіх дзяцей. Падрабязнасцяў пра месцазнаходжанне Паўла Ларына і прад'яўленых яму абвінавачванняў у праваабаронцаў пакуль няма.
Затрыманы студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікіта Кардаш. У віну другакурсніку ставяць тое, што сярод аднагрупнікаў ён сказаў:
"Калі сюды прыйдуць расійскія войскі і тут пачнецца якая-небудзь заваруха, я за гэтых вырадкаў ваяваць не збіраюся. Паеду ў свае лясы і буду ху..рыць кожнага маскаля".
Таксама хлопец гаварыў, што танкі на тэрыторыю Украіны заходзяць з боку Беларусі. Гэтыя свае словы затрыманы пацвердзіў на камеру. У канцы відэа, якое сілавікі знялі з затрыманым, Мікіта, нібы па напісаным кімсьці тэксце, гаворыць:
"Раскайваюся. Усведамляю, што дадзенымі дзеяннямі мог справакаваць сацыяльную варожасць і непрыязнасць. Прыношу свае выбачэнні вайскоўцам саюзніцкіх сіл і іх сем'ям. У далейшым абавязуюся не парушаць заканадаўства".
Пра авбвінавачванні, якія прад’явілі затрыманаму студэнту, праваабаронцам пакуль не вядома.
Ціск на незалежны прафсаюзны рух
У Мінску затрыманыя лідэры Свабоднага прафсаюзу металістаў. Як распавялі «Салідарнасці» прадстаўнікі незалежнага прафруху Беларусі, 24 лютага падчас ператрусу ў офісе Свабоднага прафсаюза металістаў была канфіскаваная тэхніка і мабільныя тэлефоны (у кіраўніцтва і супрацоўнікаў). Затрыманы намеснікі старшыні СПМ Ігар Комлік і Аляксандр Еўдакімчык. Апошняга сілавікі выцягвалі з офіса брутальна. Па дадзеных на раніцу 25 лютага, не выходзіць на сувязь лідэр СПМ 82-гадовы Аляксандр Бухвостаў.
Іншыя затрыманні
Мінск
24 лютага ў Мінску затрымалі рэжысёра Андрэя Саўчанку. Затрыманне адбылося на ганку тэатра БДУ «На балконе», дзе ён працуе. Цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна. Дакладных зветак пра прычыны затрымання пакуль няма.
Праваабаронцы даведалiся, што 23 лютага ў Мінску затрымалі Марыну Лагуціну. Па якой справе і пры якіх абставінах, пакуль невядома.
Ёсць звесткі пра затрыманага 24 лютага ў Мінску мужчыну. Выпадковыя сведкі паведамляюць, што яго затрыманне адбылося прыкладна а 12.00-12.05 на вуліцы Свярдлова паміж дамамі 32 і 34. Кажуць, што мужчына быў невысокага росту, немалады, апрануты ў цёмную куртку і шапку. Яго імя і прозвішча невядомыя.
Таксама сведкі паведамляюць пра тое, што 24 лютага на Кірава,1 прыкладна а 16:40-16:50 трое міліцыянтаў затрымалі на вуліцы мужчыну. На выгляд яму каля 50 гадоў. Быў апрануты ў шэрую шапку, цёмнае адзенне. З сабой у затрыманага была чорная спартыўная сумка. Міліцыянты праверылі яго пашпарт, а пасля, адабраўшы дакумент, некуды павялі мужчыну. Пакуль ніякай іншых дадзеных пра затрыманага і яго месцазнаходжанне ў праваабаронцаў няма.
Вядома пра затрыманне 24 лютага Віталя Моўчана. У чым абвінавачваюць мужчыну, а таксама пры якіх абставінах яго затрымалі, не паведамляецца.
У гэты ж дзень з вобшукам прыйшлі да 42-гадовага Сяргея Палякова. Мужчыну затрымалі і адвезлі на Акрэсціна. Вядома, што 25 лютага ў яго павінен адбыцца суд па адміністрацыйным артыкуле 19.1 “Дробрнае хуліганства”.
Гродна
24 лютага ў Гродне затрымалі 27-гадовую Марыну Санкевіч. Ёсць дадзеныя, што яна знаходзіцца ў Ленінскім РАУС. Пра прычыны і акалічнасці затрымання інфармацыі пакуль няма.
Папаўненне ў спісе экстрэмістаў
Сайты «Радыё «Рацыя», «Хартыі-97» і прафсаюза РЭП прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пра гэта паведаміла Генпракуратура.