viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 13 палітычных зняволеных

2022 2022-02-22T19:16:13+0300 2022-02-22T19:17:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/area-6402943_1280.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

22 лютага 2022 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  • Сяргей Захаранка, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  • Арцём Брэль, асуджаны па арт. 369 КК на 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  • Уладзімір Яўстраценка, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Аляксандр Карніўскі, асуджаны па арт. 368, 369, 364 КК за абразу А. Лукашэнкі, службовай асобы і пагрозы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоні;
  • Ігар Новікаў, асуджаны па арт 368, 341 КК на 2 гады калоніі за абразу А. Лукашэнкі надпісамі на будынках;
  • Дзмітрый Сушчык, узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 368 і 370 КК за абразу Лукашэнкі і здзек з дзяржаўнай сімволікі;
  • Дзяніс Карабан, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК за распальванне варожасці – каментар у сацыяльнай сетцы па “справе Зельцара”.

Таксама стала вядома пра затрыманне і зняволянне Вячаслава Дашкевіча, Міхаіла Хаміцэвіча, Рамана Карпука, Таццяны Заяц, Мікалая Карабко, Кацярыны Купрыянавай па арт.191 КК за перашкаджэнне працы камісій па рэферэндуму - распаўсюд сярод сябраў камісій шляхам заклікаў да сумленнага падліку галасоў.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Захаранку, Уладзіміра Яўстраценку, Аляксандра Карніўскага, Ігара Новікава, Арцёма Брэля, Дзмітрыя Сушчыка, Дзяніса Карабана, Вячаслава Дашкевіча, Міхаіла Хаміцэвіча, Рамана Карпука, Таццяну Заяц, Мікалая Карабко, Кацярыну Купрыянаву і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства