Затрыманні і ціск на палітвязняў на "хіміі": хроніка пераследу 16 лютага Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні ў Гродне і Мінску
Паведамляецца, што ў Гродне затрымалі Наталлю Малец. Яе затрымлівалі разам з дочкай. І як распавядае апошняя, калі Наталля адмовілася прадастаўляць свой тэлефон сілавікам, то яе ўзялі за валасы са словамі "Ты яшчэ не зразумела, хто тут улада?" Дакладнае месцазнаходжанне Наталлі цяпер невядомае, але блізкія мяркуюць, што яна ў ІЧУ Гродна.
У Мінску затрыманы Вячаслаў Дашкевіч. Яго змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
15 лютага быў затрыманы супрацоўнік філіяла "Завод Хімвалакно" ААТ "Гродна Азот" Аляксандр Гуршчанкаў з рамонтна-механічнага цэха. Цяпер ён утрымліваецца ў ІЧУ.
15 лютага затрымлівалі дырэктара «Магілёўскага праваабарончага цэнтра» Уладзіміра Краўчанку
Уладзіміра забралі проста з заняткаў са школы, дзе ён працуе, і адвезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Паводле MAYDAY TEAM, нагодай для затрымання сталі ілюстрацыі «Белсата», якія Уладзімір захоўваў на кампутары ці тэлефоне. Пазней мужчыну адпусцілі і паведамілі, што судовы працэс па ягонай справе адбудзецца 17 лютага ў 14:30 судзе Ленінскага раёна Магілёва.
Нагадаем, што 25 студзеня ў Уладзіміра ўдома адбываўся ператрус. Сілавікі таксама канфіскавалі буклеты Беларускага Хельсінскага камітэта і тэлеканала «Белсат» прыкладна дзесяцігадовай даўніны і цацачны пісталет сына.
Палітзняволенаму філосафу Уладзіміру Мацкевічу, які галадае за кратамі, стала дрэнна
Да яго дапусцілі лекара, паставілі кропельніцу і ўкалолі вітаміны. Таксама ў Мацкевіча знізіўся ціск, нямеюць рукі і ногі, вельмі вялікая стомленасць.
Сястра Уладзіміра Мацкевіча сустрэлася сёння з медыкамі з ДВП МУС, якія сказалі ёй аб тым, што, па іх ацэнках, стан Уладзіміра здавальняючы і яны трымаюць сітуацыю пад кантролем. Аднак родныя і калегі Мацкевіча выказваюць сумневы ў тым, што ў выпадку рэзкага пагаршэння здароўя, верагоднасць чаго вельмі высокая, медычная дапамога ў пенітэнцыярных структурах можа быць своечасовай і адэкватнай.
Па-ранейшаму да Уладзіміра Мацкевіча не можа трапіць пастар.
Папаўненне "экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала «Дзікае паляванне» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў патрапілі акаўнт у Instagrame "Ваколица.бел", тэлеграм-каналы "Партизаны Беларуси Live", "Солигорск для Жизни Chat", "Лепель 97%", "Внимание, ОАО "Нафтан".
Сэрцэйкі для Калеснікавай пад забаронай
У жаночую калонію ў Гомелі, дзе ўтрымліваецца палітзняволеная Марыя Калеснікава, перасталі прапускаць лісты з сэрцайкамі. Пра гэта стала вядома ад сваякоў палітвязняў.
Суды над журналістамі
Сталі вядомыя даты судовых разглядаў крымінальных справаў супраць палітзняволеных журналістаў "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко. Справу супраць журналіста "Радыё Свабода" Алега Груздзіловіча перадалі ў суд.
28 лютага пачнецца судовы працэс над палітзняволенымі «нашаніўцамі» Ягорам Марціновічам і Андрэем Скурко. Справа будзе разглядацца ў судзе Заводскага раёна Мінска. Палітвязням інкрымінуюць «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры». Ім пагражае да 5 гадоў турмы.
Дата пачатку крымінальнага працэсу над Груздзіловічам пакуль невядомая. Справа супраць журналіста заведзеная за асвятленне ім аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі».
Хроніка затрыманняў "хімікаў"
15 лютага пракацілася хваля затрыманняў, ператрусаў, допытаў у асуджаных і былых асуджаных да абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Ператрусы праводзіліся ў межах арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім). На "хіміі" затрыманыя мінімум чатыры чалавекі. Вядома, што ператрусы праводзілі супрацоўнікі КДБ.
Затрыманні, ператрусы і прафілактычныя гутаркі перад рэферэндумам. Хроніка пераследу 12-15 лютага
Затрымалі палітвязня Дзяніса Граханава, якога асудзілі за надпісы на «Пушкінскай»
Асуджанага да 1,5 года «хіміі» 43-гадовага Дзяніса Граханава 15 лютага затрымалі ў папраўчай установе адкрытага тыпу №45 пад Камянцом. Яго туды накіравалі 15 кастрычніка мінулага году адбываць пакаранне за нанясенне надпісу «Не забудзем» каля «Пушкінскай». Да суда ён утрымліваўся 1,5 месяцы пад вартай.
15 лютага супрацоўнікі КДБ прыехалі ў ПУАТ №45, забралі ва ўсіх тэлефоны, дапытвалі «палітычных». Праваабаронцам стала вядома, што супраць Граханава ўзбудзілі новую крымінальную справу, але артыкул пакуль невядомы. Па папярэдняй інфармацыі, палітвязня перавезлі ў СІЗА Гомеля.
15 лютага быў затрыманы былы палітвязень Юры Касцюк
24-гадовага берасцейца абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў па артыкуле 370 КК. Па матэрыялах следства, 4 верасня 2020 года Юрый ішоў з сябрамі каля гасцініцы “Маладзёжная” ў Брэсце і падчас размовы тузануў дзяржаўны сцяг на будынку, які адразу зваліўся. 17 лістапада 2020 года Юрыю прысудзілі 1 год «хіміі».
23 лістапада 2021 года адбыўся суд па замене пакарання на больш строгае. У выніку Юрыю прысудзілі 1 месяц і 16 дзён калоніі агульнага рэжыму. З «хіміі» яго перавялі ў гродзенскую турму №1.
6 студзеня ў палітвязня скончыўся тэрмін пакарання і ён выйшаў на волю.
Допыт палітвязня Лявона Халатрана
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», сёння да палітзняволенага валанцёра штабу Бабарыкі Лявона Халатрана ў ПУАТ №45 прыехалі супрацоўнікі. Яго дапытвалі ў якасці сведкі. Але невядома, у межах якой справы адбываўся допыт і супрацоўнікі якога ведамства працавалі.
Нагадаем, Лявона год таму асудзілі па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў «хіміі» за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году.
У маці былога палітвязня Аляксея Ліпеня, які ўцёк у Літву з «хіміі», супрацоўнікі КДБ правялі ператрус
«Прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Пыталіся — дзе я, які мой нумар тэлефона і адрас у Літве. Натуральна, ім ніхто нічога не сказаў. З пастановы на вобшук вынікае, што на мяне распачалі крымінальную справу па артыкуле 361 — заклікі да санкцый. Прычым я нікога не заклікаў да санкцый. Яшчэ такая адметнасць, што справа распачатая нібыта сілавікамі з Гомельскай вобласці», — расказаў Свабодзе Ліпень.
У красавіку 2021 году Аляксей быў асуджаны на 5 гадоў абмежавання волі па артыкуле 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 364 КК (пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да міліцыянта).
Мужчына адбываў свой тэрмін на «хіміі» ў Гродна, адкуль у снежні 2021 году ўцёк у Літву.
Улады ліквідуюць «Магілёўскі праваабарончы цэнтр» — адзіную ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваную рэгіянальную арганізацыю праваабаронцаў
Суд па справе адбудзецца 17 лютага ў 14:30. У студзені ў сябраў «Магілёўскага праваабарончага цэнтру» адбыліся ператрусы.
Затрыманне ў Мінску
Паведамаляецца, што ў межах арт. 342 Крымінальнага кодэкса затрыманы 21-гадовы Кірыл Жураўлёў. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Хлопец мае інваліднасць.
Мікіту Емяльянава трымаюць у ШІЗА. Над ім працягваецца суд
Як стала вядома праваабаронцам, палітзняволенага анархіста Мікіту Емяльянава ўтрымліваюць у ШІЗА ужо 30 сутак.
Яшчэ 17 студзеня хлопцу прызначылі сем сутак ШІЗА, адразу пасля — яшчэ сем сутак, а затым 10 сутак. 13 лютага Емяльянаву зноў вынеслі спагнанне ў выглядзе 10 сутак ШІЗА. За што менавіта караюць Мікіту — дакладна невядома.
Нагадаем, 27 студзеня на тэрыторыі турмы №4 пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Мікіты Емяльянава. Яго вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутраннага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). Вядома, што сваімі дзеяннямі Мікіта выказваў свой пратэст супраць адміністрацыі турмы, якая адмаўляецца ўручаць яму лісты па надуманых прычынах. На працэсе дазволілі прысутнічаць толькі бацькам палітвязня, самаго Мікіту Емельянава неўзабаве выдалілі з залі з-за "непавагі да суду": хлопец не палічыў патрэбным уставаць перад суддзё Ратнікавай, "бо ў нашай краіне справядлівага і незалежнага суду не існуе”.
Суд над Мікітай Емяльянавым працягваецца сёння.
Падтрымайце палітвязня паштоўкамі і лістамі салідарнасці: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, |