viasna on patreon

Затрыманні, ператрусы і прафілактычныя гутаркі перад рэферэндумам. Хроніка пераследу 12-15 лютага Дапоўнена

2022 2022-02-15T18:21:00+0300 2022-02-15T19:28:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paulinkovich_stanislau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні і ператрусы

15 лютага з ператрусам прышлі ў дом маці актывісткі анархічнага руху Марыны Касінеравай Людмілы Насенка

Ордар на ператрус быў па арт. 361 Крымінальнага кодэкса — «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Ператрус праводзілі каля гадзіны трое супрацоўнікаў бабруйскага КДБ з санкцыі пракурора.


15 лютага раніцай да палітвязня Станіслава Паўлінковіча, які адбывае тэрмін на «хіміі» ў Крупках, прыехалі супрацоўнікі КДБ.

У яго пакоі зрабілі ператрус, прымусілі разблакаваць тэлефон, пасля чаго павезлі ў невядомым накірунку. 

Дапоўнена: Па непацверджанай інфармацыі, супрацоўнікі КДБ правялі ператрус і забралі мужыну з «хіміі» з-за таго, што Станіслаў стаў фігурантам крымінальнай справы аб тэрарызме, пішуць магілёўскія праваабаронцы. Вядома, што летам 2021 года Паўлінковіча апытвалі як сведку па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча аб тэрарызме, аднак да самога палітвязня прэтэнзій не было.

Станіслаў Паўлінковіч. Фота з сайта mspring.online
Станіслаў Паўлінковіч. Фота з сайта mspring.online

У Гродна 15 лютага ўвечары затрымалі актывістку Саюза палякаў Рэнату Дземянчук. Трое чалавек у зялёнай форме заштурхалі яе ў цёмны бус. Прычына і дэталі затрымання невядомыя, піша тэлеграм-канал "Право имеют".


14 лютага ў Мінску быў затрыманы грамадскі актывіст Яўген Батура. Каля 10 раніцы міліцыянты прыйшлі да актывіста дамоў і сказалі, што яму трэба праехаць для «прафілактычнай гутаркі» ў Цэнтральнае РУУС. Міліцыянты пасадзілі яго ў шэры бус і павезлі. З таго часу сувязі з ім не было. Пасля абеду жонка Яўгена змагла датэлефанавацца ў РУУС, дзе ёй пацвердзілі, што Батура ў іх, ён затрыманы за нібыта «адміністрацыйнае правапарушэнне», але за якое менавіта, казаць адмовіліся. Таксама ў РУУСе сказалі, што да суда Яўген паедзе ў ІЧУ.

Аднак Яўгена праз 6 з паловай гадзін раптам адпусцілі.

batura_yauhen.jpg
Яўген Батура

Таксама ў гэты ж дзень каля 11 раніцы ў Мінску затрымалі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова і Маю Навумаву.

Іх адвезлі ў Першамайскі РУУС, правялі гутарку, пратрымалі у камеры з 12 да паловы шостай і адпусцілі. Падчас гутаркі міліцыянт адзначыў, што іх затрыманне звязана з надыходзячым рэферэндумам.


12 лютага стала вядома пра затрыманне былога супрацоўнік пракуратуры Алега Ермакова. З ім з'явілася «пакаяльнае відэа» на праўладных тэлеграм-каналах. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён зліваў прыватныя звесткі сілавікоў у тэлеграм-канал Nexta. Папярэдне, яму інкрымінуецца «распальванне варожасці» па ч.1 арт. 130 КК.

ermakoy_1202.jpg
Алег Ермакоў

Ліквідацыя арганізацый і новае экстрэмісцкае фармаванне

Улады ліквідуюць MAKEOUT — праект пра гендар, сэксуальнасць і асаблівасці іх праяваў у Беларусі. Пра гэта ў Facebook паведаміў яго сузаснавальнік Нік Анціпаў.

«Учора атрымаў ліст аб пачатку ліквідацыі ўстановы MAKEOUT у Беларусі. Нягледзячы на тое, што ўстанова даўно не робіць актыўнай дзейнасці, я чакаў, пакуль яны самі прыйдуць. Прыйшлі».


15 лютага стала вядома, што ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў з'явіўся тэлеграм-чат з назвай «Волейбол по выходным». Такое рашэнне прынаў КДБ Беларусі.

Ціск на зняволеных

Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы студзеня палітвязня Паўла Вінаградава змяшчалі ў ШІЗА на 7 сутак. Таксама палітвязня паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». Нагадаем, раней Паўла ўжо паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Плануецца, што дата суда над Паўлам будзе вызначана напачатку сакавіка.

Павел Вінаградаў. Фото: 34mag.net
Павел Вінаградаў. Фото: 34mag.net

Таксама ў ШІЗА змясцілі палітзняволеную Сафію Малашэвіч. 18 лютага дзяўчына адзначыць 20-годдзе.

Маці 19-гадовай Сафіі Малашэвіч, якую асудзілі да 2 гадоў калоніі, згубіла з ёй сувязь амаль на месяц. Сёння стала вядома, што да дзяўчыны змог трапіць адвакат. У штрафным ізалятары Сафію будуць утрымліваць да 17 лютага, а ўжо на наступны дзень, 18 лютага, яна будзе святкаваць Дзень народзінаў. Ёй споўніцца 20 гадоў.

«У яе ўсе добра. Прасiла дасылаць паштоўкi тым, хто пажадае павiншаваць яе з днём народзiнаў», — перадала маці палітзняволенай.


Палітычны зняволены філосаў Уладзімір Мацкевіч галадае 11 дзён. Да яго не дапусцілі лекара не з сістэмы МУС і пастара. Пра гэта ў час анлайн-канферэнцыі заявіла дачка палітвязня Надзея Лучанок, піша «Новы Час».

Палітвязень Уладзімір Мацкевіч
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч

«Так і не дапусцілі пастара і лекара, нягледзячы на патрабаванні. Усе яго патрабаванні законныя, рэальныя і выканальныя. Мы патрабуем неадкладнага рэагавання ад Следчага камітэту. Мой бацька заўсёды ідзе да канца і застаецца верным сваім словам. Уся адказнасць за здароўе і жыццё ляжыць на кіраўніцтве СІЗА, якое фактычна ёсць закладнікам дзеянняў Следчага камітэту. Смерць Уладзіміра Мацкевіча не патрэбна нікому. Філосаф ён для ўсіх — для ўсіх беларусаў», — сказала Надзея.

Сваю галадоўку Мацкевіч пачаў 3 лютага. 15 лютага стала вядома, што ён пераходзіць на «сухую галадоўку» — філосаф перастае піць нават ваду. Палітвязень патрабуе змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства па справе і прызначэння даты суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства