viasna on patreon

За абразу салдата тэрміновай службы, дзвюх супрацоўніц МУС і Лукашэнкі віцебскаму прадпрымальніку далі два гады калоніі

2022 2022-02-14T23:37:00+0300 2022-02-15T10:39:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihailau_aliaksandr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Міхайлаў

Аляксандр Міхайлаў

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці разгляду справы Аляксандра Міхайлава ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска. Мужчына прызнаны палітвязнем.

Судовае пасяджэнне ўзначальваў суддзя Сяргей Будрэвіч. Дзяржабвінавачванне падтрымліваў памочнік пракурора Віцебска Аляксандр Філіпенка.

Аляксандра Міхайлава абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паводле ч. 1 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", ч.1 арт. 366 "Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак" і арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады".

Пацярпелыя  чатыры чалавекі: Мікіта Навакоўскі, Наталля Ермалінская, Вікторыя Ляхава і Аляксандр Лукашэнка. Ніхто з іх на судовым за пасяджэнні асабіста не прысутнічаў.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 40 гадоў. Аляксандр Міхайлаў займаецца прадпрымальніцтвам. Маці мужчыны хворая на анкалогію, жыве адна на лецішчы, яе неабходна праведваць у абавязковым парадку.

Абражаны салдат тэрміновай службы настаяў на пакаранні

Паводле ч. 1 арт. 368 Аляксандра абвінавачваюць у тым, што 22 верасня 2020 года, знаходзячыся ў нецвярозым стане, ён напісаў у тэлеграм-канале "Віцебск 97%" абразлівы каментар у адрас Лукашэнкі.

Гаворка ідзе пра наступны каментар:

 "Адзін чалавек не павінен кіраваць усёй краінай. Тут павінны быць незалежныя галіны ўлады: парламент, суд, пракуратура. Хай усе яны робяць сваю працу, а не дэкрэты, указы сярэднявечча выконваюць. Хітразачасаны ўказы толькі і раздае. Царок хрэнавы".

Падчас допыту паводле гэтага абвінавачвання Аляксандр Міхайлаў растлумачыў, што такі каментар напісаў на эмоцыях пасля прачытання тэлеграм-каналаў, жадаючы выказаць сваё меркаванне як грамадзяніна з нагоды падзеяў, што адбываюцца ў краіне.

 "А вось гэта што такое "хітразачасаны"? запытаўся пракурор. На вашу думку, гэта не абражае чалавека? Тым больш прэзідэнта."

Аляксандр адказаў, што сваю віну прызнае.

Згодна з абвінавачваннямі паводле ч. 1 арт. 366 КК РБ, 28 кастрычніка 2020 года, з'яўляючыся нецвярозым, Міхайлаў прачытаў пост пра Мікіту Навакоўскага ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі", пасля чаго "наўмысна падрыхтаваў і апублікаваў у "Чат Партызан" пагрозлівы каментар у адрас пацярпелага": "Убачу ў Віцебску – пі*дану".

Суду з гэтай нагоды Аляксандр Міхайлаў растлумачыў, што ў момант здзяйснення злачынства ён не быў п'яны, пацярпелага Навакоўскага асабіста не ведаў, а ў "Чат Партызан" напісаў, бо проста хацеў вылаяцца. Таксама Міхайлаў растлумачыў, што адкрытай пагрозай свой каментар у адрас Навакоўскага ён не лічыць, таму што, на ягоную думку, слова "пі*дану" азначае "лёгкі штуршок, удар".

З допыту пацярпелага, які быў зачытаны падчас судовага пасяджэння, зрабілася вядома, што гаворка ідзе пра салдата тэрміновай службы. Навакоўскі паведаміў, што ў 2020 годзе браў удзел у ахове грамадскага парадку, а 9 жніўня 2020-га разам з іншымі вайскоўцамі знаходзіўся каля рэзідэнцыі прэзідэнта ў якасці рэзервовай сілы, якая так і не была задзейнічаная. Пазней, са слоў Навакоўскага, ад кіраўніцтва ваеннай часткі, у якой ён служыў, даведаўся, што ў групе "Карнікі Беларусі" пра яго размясцілі інфармацыю, праз якую яму давялося пасля насіць маску, каб схаваць свой твар, і змяніць нумар тэлефона, бо на ранейшы нумар яму пачалі прыходзіць пагрозы. У сваіх паказаннях пацярпелы настаяў на прыцягненні Міхайлава да законнай адказнасці.

Супрацоўніцы міліцыі прызналі, што праз каментар пілі таблеткі, не хацелі ісці на працу і пачуваліся зняважанымі

Што да абвінавачвання паводле арт. 369, то па ім пацярпелымі былі прызнаныя дзве супрацоўніцы міліцыі Вікторыя Ляхава і Наталля Ермалінская.

Са слоў Міхайлава, інфармацыю пра іх ён таксама прачытаў у тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі". Пад здымкам Ляхавай, якая ў "Карніках Беларусі" была падпісаная як Дашкова, было пазначана, што яна ў грамадзянскім адзенні здымала на камеру ўдзельніц жаночага маршу ў Гомелі, а потым села ў міліцэйскую машыну, чым выдала той факт, што з'яўляецца супрацоўніцай праваахоўных органаў.

Са слоў абвінавачанага, пад здымкам пацярпелай было напісана "ціхар". Сам жа ён пракаментаваў гэты здымак паведамленнем, якое ў больш карэктнай форме азначае "прадажная дзяўчына". Нецэнзурнае слова, якое было напісана ў каментары Міхайлава, падчас судовага пасяджэння вырашылі не прамаўляць.

Што тычыцца абразлівага каментара ў адрас пацярпелай Ермалінскай, то Міхайлаў расказаў, што ў "Карніках Беларусі" прачытаў інфармацыю пра тое, што яна дае штрафы дзецям паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34, пасля чаго напісаў абразлівы каментар у ейны адрас. Які менавіта, даслоўна зачытана не было. Аднак сам Міхайлаў прызнаў сваю віну ў гэтым злачынстве, растлумачыўшы, што яшчэ ў кастрычніку напісаў Ермалінскай ліст з выбачэннямі і выплаціў у якасці маральнай кампенсацыі 500 рублёў.

Пратаколы допыту Ляхавай і Ермалінскай таксама былі зачытаныя падчас судовага пасяджэння.

Супрацоўніца міліцыі Ляхава патлумачыла, што знайшла ў інтэрнэце свае анкетныя дадзеныя пад прозвішчам Дашкова, і пацвердзіла, што ў "Карніках Беларусі" хтосьці сапраўды размясіў ейнае фота ў грамадзянскім адзенні ў той момант, калі яна здымала несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Супрацоўніца міліцыі адзначыла, што сваім каментаром, які ў інтэрнэце пра яе пакінуў Міхайлаў, на яе быў "здзейснены інфармацыйна-псіхалагічны ціск у сувязі з ажыццяўленнем службовых паўнамоцтваў, чым ёй была нанесеная маральная шкода".

Што да пацярпелай Ермалінскай, то яна растлумачыла, што з'яўляецца супрацоўніцай Інспекцыі па справах непаўнагадовых, але ў жніўні 2020 года не брала ўдзелу ў ахове грамадскага парадку, бо гэта не ўваходзіць у ейную кампетэнцыю. Таксама Ермалінская паведаміла, што не давала штрафы дзецям.

Каментар, які ў яе адрас пакінуў Міхайлаў, пацярпелая лічыць публічнай абразай. Са слоў Ермалінскай, пасля яго прачытання ёй не хацелася выходзіць на працу, яна дрэнна пачувалася і нават прымала лекі з гэтай нагоды.

Абвінавачаны заявіў, што тэкст яго допыту быў набраны загадзя

Важная падрабязнасць: падчас судовага пасяджэння Міхайлаў распавёў суду пра тое, што на допыце ў СК Барысава, куды пасля затрымання яго прывезлі да следчай Ягоравай, ён убачыў, што тэкст у яе быў набраны яшчэ да пачатку допыту. Са слоў абвінавачанага, яна напісала яго паводле зместу "пакаяльнага" відэа, якое пра Міхайлава знялі і выклалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Як распавёў абвінавачаны, некаторыя моманты з гэтага пратаколу пасля ягонага патрабавання Ягорава ўсё ж паправіла, але не ўсе. Са словаў Міхайлава, ён не згаджаўся з тым, што ў момант здзяйснення злачынства быў п'яны, аднак гэтыя фразы так і засталіся нязменнымі. Таксама Міхайлаў сказаў, што пасля допыту пратакол не перачытваў, і, выходзіць, распісаўся пад няправільным. Пра недакладнасці ў пратаколе, з яго слоў, ён даведаўся толькі ў дзень азнаямлення з матэрыяламі справы 28 снежня 2021 года.

На судзе былі зачытаныя вынікі лінгвістычнага экспертызы. Эксперт Якімовіч прыйшоў да высновы, што ў каментары да Навакоўскага ўтрымлівалася "выказаная пагроза". У каментары да Ляхавай "нецэнзурная лексема", да Ермалінскай "ненарматыўны выраз". У каментары да Лукашэнкі эксперт угледзеў "негатыўную ацэнку ў ненарматыўнай форме".

У матэрыялах справы, якія былі разгледжаныя на судовым пасяджэнні, было чыстасардэчнае раскаянне Міхайлава ад 5 кастрычніка 2021 года, у якім ён прызнае віну ў тым, што пасля выбараў прэзідэнта РБ знаходзіўся ў ТГ-каналах экстрэмісцкай скіраванасці, у тым ліку "Карнікі Беларусі", дзе пакінуў абразлівыя каментары ў адрас супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку міліцыянткі. Пасля абвяшчэння пратаколу абвінавачаны папрасіў прабачэння ў прэзідэнта РБ, паабяцаў, што такога больш не паўторыцца, і публічна прынёс прабачэнні ўсім пацярпелым.

4 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебску прызнаў Аляксандра Міхайлава вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", ч.1 арт. 366 "Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак" і арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады" і прысудзіў два гады калоніі агульнага рэжыму.

Вы можаце падтрымаць Аляксандра Міхайлава, напісаўшы яму ліст па адрасе: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства