Двух жыхароў Гомельшчыны асудзілі да калоніі за абразу камісара Крываносава, Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў
Гомельскі абласны суд 10 лютага асудзіў 36-гадовага жыхара Рэчыцы Ігара Краўцова да трох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за абразу ў каментарах Лукашэнкі, ваеннага камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава і распальванне сацыяльнай варожасці. На мінулым тыдні за каментары пра Андрэя Крываносава, Лукашэнку і іншых чыноўнікаў жыхара Веткі асудзілі да двух гадоў калоніі. Распавядаем, што вядома пра гэтыя суды.
Жыхару Рэчыцы — тры з паловай гады калоніі
Як раней паведамляла пракуратура Гомельскай вобласці, 36-гадовага жыхара Рэчыцы інкрымінаваныя распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама публічная абраза Лукашэнкі і ваеннага камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава.
Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнік групавога чата ў жніўні 2020 года з дапамогай мабільнага тэлефона размяшчаў са свайго акаўнта паведамленні з выказваннямі пабуджальнага характару, заклікамі да фізічнага гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Ён жа 15 жніўня 2020 года і 12 лютага 2021 года ў Telegram-чаце размясціў абразлівыя каментары ў адрас прэзідэнта, а таксама ваеннага камісара Гомельскай вобласці ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Дзеянні жыхара Рэчыцы былі кваліфікаваныя па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўнікоў улады). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
10 лютага суддзя Гомельскага абласнога суда Аляксандр Піскуноў асудзіў 36-гадовага жыхара Рэчыцы да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ігар Краўцоў да суду утрымліваўся пад вартай. У абвінавачанага канфіскавалі iPhone як сродак здзяйснення злачынства.
Жыхару Веткі — два гады калоніі
2 лютага суд Веткаўскага раёна асудзіў 44-гадовага жыхара (прозвішча праваабаронцам невядомае) да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Паводле версіі абвінавачвання, у лютым-красавіку 2021 года веткаўчанін пакідаў у "Аднакласніках" пад пастамі свайго інтэрнэт-сябра абразлівыя каментары.
"Негатыўнай ацэнкі ў сувязі з выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў удастоіліся ваенны камісар Гомельскай вобласці і былы памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, былы міністр унутраных спраў і міністр замежных спраў, а таксама кіраўнік дзяржавы. Для дыскрэдытацыі Прэзідэнта веткаўчанін выкарыстаў і асабістую старонку, размяшчаючы там фотаматэрыялы абразлівага характару".
Усяго мужчыну інкрымінавалі 13 эпізодаў "злачыннай дзейнасці". Дзеянні жыхара Веткі былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўнікоў улады).
Мужчыну заключылі пад варту ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду.
"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org