viasna on patreon

У Пінску КВЗэншчыка асудзілі за жартаўлівы каментар пра міліцыянтку

2022 2022-02-07T17:09:51+0300 2022-02-07T17:29:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vasiliy_kravchuk.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 7 лютага, у судзе Пінскага раёна і г. Пінска да двух гадоў "хатняй хіміі" па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса (абраза міліцыянта) асудзілі КВЗэншчыка 47-гадовага Васіля Краўчука. Падставай для крымінльнай справы стаў жартаўлівы каментар у тэлеграм-канале "Каратели Беларуси" ў адносінах да супрацоўніцы Інспекцыі па справах непаўнагадовых. Сам мужчына запэўніваў, што гэта быў жарт, запазычаны ў калегаў па сцэне, які гучаў на тэлебачанні ў праграме КВЗ. Прысуд вынесла суддзя Вольга Лубнік.

vasiliy_kravchuk.jpeg
Васіль Краўчук. Фота: «Медиа-Полесье»

20 снежня 2020 года Васіль убачыў у Telegram навіну пра тое, як у адной беларускай школе супрацоўніца міліцыі крычала на дзяцей, выкарыстоўваючы пры гэтым нецэнзурную лексіку. З гэтай нагоды пінчук напісаў у каментарах жарт у тэлеграм-канале "Каратели Беларуси", якая раней гучала на тэлебачанні ў праграме КВЗ. Гэта быў перафразаваны фрагмент вядомай дзіцячай песні "Пусть бегут неуклюже" з мультфільма пра Чабурашку і Кракадзіла Гену. У версіі КВЗ прыпеў гучаў па-іншаму. Каментар быў наступнага зместу:

"Лера стерва на работе, Лера стерва и в быту, потому что секс у Леры, только раз в году".

У арыгінале жарта КВЗ гаворка шла пра Лену, але Васіль перайначыў жарт на свой лад.

Праз два тыдні супрацоўнікі міліцыі прыехалі ў кватэру маці Васіля, за якой мужчына прыглядае, адвезлі яго па месцы пражывання і правялі там ператрус. Праз два тыдні сілавікі прыехалі ўжо ў кватэру маці абвінавачанага і канфіскавалі старэнькі смартфон.

У выніку супраць Васіля завялі крымінальную справу па арт. 369 КК за абразу супрацоўніка міліцыі. Сам мужчына запэўніваў, што гэта была ўсяго толькі жарт, запазычаны ў калегаў па сцэне.

Абвінавачваны віну прызнаў. У судзе ён пацвердзіў сваё дачыненне да жартоўнага каментара, патлумачыўшы, што аўтара нецэнзурнай лексікі абразіць не збіраўся. Проста пажартаваў. Не лічыць слова "сцерва" абразай. Але, калі ўжо абразіў, той шкадуе аб гэтым. 

Пацярпелая ў суд не з'явілася па стане здароўя. Але папрасіла кампенсацыю на 1000 рублёў. Абвінавачаны прасіў паменшыць суму пазову, так як цяпер не працуе і даглядае хворую маці.

Пракурор запрасіў для коміка пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такое пакаранне вынесла суддзя Вольга Лубнік. Таксама суд пастанавіў выплаціць пацярпелай міліцыянтке 1000 рублёў маральнай шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства