viasna on patreon

Манціроўшчыку Брэсцкага тэатра лялек далі 2,5 гады "хіміі" за абвінавачванні Лукашэнкі ў ЦікТоку

2022 2022-02-04T16:35:00+0300 2022-02-05T12:45:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-nesvij.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага пасяджэння па справе Андрэя Шчыгеля, якога абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Суд Маскоўскага раёна Брэста разгледзеў ягоную справу 31 студзеня.

Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Таццяна Лаўранюк. Яна ж неаднаразова разглядала справы фігурантаў "карагоднай" справы ў Брэсце.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 50 гадоў і што ён працуе манціроўшчыкам сцэны ў Брэсцкім тэатры лялек. На працы яго характарызуюць толькі са станоўчага боку. Маці мужчыны мае інваліднасць 2-й групы.

Андрэя Шчыгеля абвінавачваюць у тым, што з 10 жніўня 2020 года па 30 кастрычніка 2021 года ў ЦікТоку ён запісаў зварот, у якім вінаваціў Лукашэнку ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, прадугледжанага арт. 139 КК РБ "Забойства", і выставіў гэтае відэа ў адкрыты доступ для ўсіх сваіх падпісчыкаў, а іх, як было агучана падчас судовага пасяджэння, больш за тысячу. Тэкст звароту, пра які ідзе гаворка, падчас судовага разгляду не быў агучаны. Таксама ў віну Андрэю ставяць тое, што ў той жа перыяд і ў тым жа акаўнце ў ЦікТоку ён выклаў яшчэ адзін відэазварот, у якім, згодна з версіяй лінгвістычнай экспертызы, утрымоўваліся абразы і ненарматыўная лексіка, накіраваныя ў адрас Лукашэнкі. На судзе іх таксама не зачыталі.

Агулам у пратаколе налічвалася 63 відэа са старонкі Андрэя Шчыгеля ў ЦікТоку.

На думку дзяржабвінаваўцы, зыходзячы з прызнання віны самім абвінавачаным, пісьмовых доказаў, атрыманых следствам, пратаколаў агляду сацсетак, тэлефона і відэа, віна Шчыгеля цалкам даказаная. Змякчальнай акалічнасцю пракурор прызнаў чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанага ў зробленым злачынстве.

У якасці пакарання пракурор запатрабаваў для Шчыгеля 1,5 года "хіміі" за здзяйсненне злачынства паводле ч.1 арт. 368 КК РБ і 2 гады "хіміі" за злачынства паводле ч.1 і ч.2 арт. 368 КК РБ. Шляхам частковага складання пакарання — усяго 2,5 гады "хіміі". Меру стрымання — падпіску аб нявыездзе — пакінуць ранейшай.

Падчас свайго апошняга слова Андрэй Шчыгель папрасіў высокі суд прабачыць яму за зробленае, не караць строга і паабяцаў надалей падобнага не здзяйсняць.

Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў Андрэя Шчыгеля вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і цалкам падтрымаў бок дзяржабвінавачання, прызначыўшы два з паловай гады "хіміі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства